Усё часцей звяртаюцца бацькі па дапамогу з праблемай: “Мой сын не можа жыць без камп’ютара, планшэта”, “Усе грошы ідуць на аплату тэлефона”.

Каб зразумець усю сур’ёзнасць, дастаткова толькі пералічыць наступствы: нізкая паспяховасць у школе, пагаршэнне адносін з бацькамі і сябрамі, змяншэнне інтарэсаў, сыход ад рэальнасці і іншыя. У навуковай літаратуры гэта называюць адыктыўныя паводзіны, што значыць заганная схільнасць.

З-за яе чалавек сыходзіць ад рэальнасці. Мяняецца псіхічны стан, пастаянна трымаецца ўвага на асобных прадметах ці занятках. Гэты працэс настолькі захоплівае, што пачынае кіраваць жыццём чалавека, і той становіцца бездапаможным перад сваёй схільнасцю.Ён не толькі не вырашае важныя задачы, але і перастае развівацца як асоба.

Ужо даказана, што залежнасць павялічвае пакуты, пачуццё адзіноты, дапамагае дэпрэсіі. Ёсць чатыры прыкметы залежнасці ад інтэрнэта:

– нясцерпнае жаданне праверыць e-mail;

– пастаяннае жаданне выйсці ў інтэрнэт;

– скаргі блізкіх, што чалавек праводзіць шмат часу ў інтэрнэце;

– скаргі блізкіх, што чалавек аддае шмат грошай на інтэрнэт.

Зносіны з сябрамі па сетцы даюць магчымасць знайсці віртуальнага суразмоўцу, практычна яны цалкам задавальняюць. Але пры гэтым паміж абодвума ніякіх абавязацельстваў няма і сувязь знікае ў любы момант. Камп’ю­тарная залежнасць прыводзіць да таго, што чалавек грэбуе асабістымі кантактамі ў рэальным жыцці.

Для падлетка захапленне зносінамі ў інтэрнэце надзвычай важнае. Кола іншых інтарэсаў звужаецца. Увесь вольны час і кішэнныя грошы трацяцца на камп’ютарныя аксесуары. Часта здараецца, што падлеткі застаюцца галоднымі, адкладаючы бацькоўскія грошы на абед, каб набыць нейкую дэталь для мадэрнізацыі камп’ютара.

Засынаць чалавеку цяжка. Калі бацькі абмяжоўваюць час за камп’ютарам, дзеці адчуваюць спустошанасць. Зносіны па інтэрнэце становяцца звышкаштоўным захапленнем. Яны відавочна шкодзяць іншым заняткам: вучобе, зносінам з рэальнымі людзьмі.

Камп’ютар як наркотык

Да перагібаў часцей за ўсё прыводзяць празмернае захапленне камп’ютарнымі гульнямі, ненармаваная праца ў інтэрнэце, працяглы прагляд высокакантрасных малюнкаў з мноствам дробных рознакаляровых дэталяў. У гэтым плане злоўжыванне камп’ютарам − свайго роду наркотык. Ён дрэнна ўздзейнічае і на дзіця, і на дарослага чалавека.

Адбіваецца на здароўі

Калі заўзятага карыстальніка камп’ютарам адарваць ад любімага занятку, ён будзе падобны на наркамана ў стане “ломкі”.

Існуе шэраг псіхалагічных і фізічных сімптомаў, характэрных для інтэрнэт-залежных. Псіхалагічныя сімптомы: эйфарыя за камп’ютарам, немагчымасць спыніцца, грэбаванне сям’ёй і сябрамі, адчуванне пустаты, дэпрэсіі, раздражнення без камп’ютара, хлусня працадаўцам, праблемы з вучобай.

З’яўляюцца і саматычныя праблемы: парушэнні зроку, паслабленне імунітэту і хваробы з-за сядзячага ладу жыцця (гемарой і іншыя). Залішні ўзровень электрамагнітных палёў і выпраменьванняў правакуе анкалагічныя захворванні. У цяжарнай жанчыны ўзрастае рызыка выкідышу і паталогіі дзіцяці.

Моцна пашкоджваецца і апорна-рухальны апарат. Акрамя астэахандрозу пазваночніка, з’яўляюцца прафесійныя захворванні. Пераважна гэта хваробы з-за нязручнага становішча рук пры працяглай працы на няправільна размешчанай клавіятуры:

– Запаленне сухажылляў кісцяў, запясцяў і пляча);

– Запаленне сухажылляў вялікага пальца);

– Запаленне сухажылляў перадплечча і локцевага сустава;

– Ушчамленне нерва рукі.

Што рабіць бацькам

Пакутуюць таксама цэнтральная нервовая сістэма і псіхіка.

Усё пачынаецца быццам бы з дробязных, бяскрыўдных камп’ютарных гульняў, да якіх так лёгка прывыкнуць!

Паважаныя бацькі, заўсёды звяртайце ўвагу:

– на інтарэсы і захапленні сваіх дзяцей;

– на што дзіця аддае ўласныя грошы?

– з кім сябруе;

– абмяжуйце гульні перад сном.

Гэтыя правілы дазволяць своечасова прадухіліць цяжкія наступствы.

Алена Камісарук, псіхолаг Маладзечанскага раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацзабеспячэння насельніцтва.
Фота anmadina.com.ua.