Актыўныя чытачы не дазволяць пісьменнікам расслабляцца.

Цэнтральная раённая бібліятэка імя Максіма Багдановіча ўганаравала самых верных і актыўных чытачоў у аўторак, 25 лютага.

Бібліятэкары для сваіх самых адданых чытачоў зладзілі сапраўдны салон з чаяваннем. Запрасілі музыкаў і спевакоў, парупіліся знайсці спонсараў, якія дапамаглі з салодкім пачастункам, у перапынку паказалі вясёлыя ролікі пра бібліятэку. Гасцям заставалася толькі атрымліваць асалоду і прымаць віншаванні.

Кніга – як хлеб

“Чытачоў года” выбіралі ў розных намінацыях, а пераможцамі сталі людзі вельмі розных прафесій і з разнастайнымі жанравымі перавагамі.
Рыцарам кнігі стаў маладзечанец Аляксандр Макураў, які любіць чытаць добры дэтэктыў ці фантастыку.

− Як людзі ядуць хлеб, так я чытаю кнігі, − распавёў кнігалюб. − Перарываюся на абед, бывае, а магу і не перарывацца. Калі маю добрую кнігу − я шчаслівы. А калі няма чаго чытаць − настрой адразу пагаршаецца.

Аляксандр Макураў.

Аляксандр Макураў.

Загадчыца крамы “Белмаркет” Маргарыта Блізнюкевіч з’яўляецца чытачкай маладзечанскай бібліятэкі ад 1969 года. І чытае яна так, як вучаць настаўнікі: занатоўвае патрэбнае ў чытацкі дзённік.

− А як жа інакш, − тлумачыць жанчына. − Калі я прачытала 80 кніг аўтара, то трэба ж запісаць назвы, каб ведаць, што яшчэ засталося. Чытаць я заўсёды любіла, а як дзеці выраслі, то і час на гэта з’явіўся.

Вядучыя жартаўліва назвалі наступную чытачку той, за якой не паспяваюць спраўляцца пісьменнікі. Самы тоўсты фармуляр аказаўся ў бухгалтара “Амкадора-Унікаба” Валянціны Самаль. За мінулы год яна прачытала 419 бібліятэчных кніг.

Лэдзі дэтэктыў стала пенсіянерка Ларыса Кастусік. Як яна прызналася, кнігі гэтага жанру дораць ёй такія ўражанні, якія не атрымлівае ні ад чаго іншага.

Любіць раманы ў 85

Прыцягнуць сучасных дзяцей да кнігі − няпростая задача. Аднак яе выканаў інжынер завода металаканструкцый Аляксандр Луцкі. Ён найбольш любіць прыгоды, якія дазваляюць пераключыць увагу ад штодзённых клопатаў. Яго сын Кірыл таксама любіць захапляльныя гісторыя, але хутчэй з фантастыкі ці фэнтэзі.

Аляксандр і Кірыл Луцкія.

Аляксандр і Кірыл Луцкія.

Іна Ларына.

Іна Ларына.

Мадам каханне стала прадавец Наталля Шаўчук, якая больш за ўсё любіць кнігі пра рамантычныя пачуцці.

Класічную літаратуру выбірае былая настаўніца рускай мовы і літаратуры Іна Ларына. Яе назвалі кніжным гурманам, а яна параіла вучыцца ў кнігах  веры, гонару і годнасці.

Аматарам беларускай кнігі стаў настаўнік фізікі СШ №11 Аляксандр Давідовіч, які найбольш любіць творы Уладзіміра Караткевіча.

Работнікі бібліятэкі ўпэўненыя, што мір і згода будуць панаваць у той сям’і, дзе падзяляюць захапленні. І адно з найлепшых − кніга. У сям’і Наталлі і Аляк­садра Гойдзіных чыта­юць усе:

− Без кнігі сябе не ўяўляем, − распавядае Наталля. − Нават 85-гадовая свякроў чытае, прычым выключна раманы пра каханне!

Чытачоў узнагароджвалі і ў іншых намінацыях, а яны адказвалі падзякай бібліятэкарам. Загадчыца бібліятэкі Наталля Івашынка паведаміла, што “Чытача года” вызначалі ўпершыню, але імпрэза можа стаць традыцыйнай.