Маладзечанка Ніна Церах памятае народнага паэта Грышкам, маладым студэнтам філалагічнага факультэта, акрыленым, закаханым. Які ўвесь час спазняўся на экзамены, які заўсёды быў у сваіх думах, у сваіх вершах.

– Дзе б ён ні быў, паўсюль заставаўся паэтам, – прыгадвае спадарыня Ніна, якая вучылася разам з ім на філалагічным факультэце. – У яго галаве, у думках заўсёды было штосьці далёкае ад нас. Але ў той самы час ён быў добрым, адкрытым, простым.

Рыгор Барадулін, народны паэт Беларусі, пайшоў з жыцця вечарам 2 сакавіка. Яму было 79 гадоў. Развітанне адбудзецца ў аўторак, 4 сакавіка, у Мінску ў Чырвоным касцёле (пл. Незалежнасці).

На цаліну ў вагонах для цялят

Яны разам прайшлі праз цаліну.

Стаяла страшная спякота. Іх везлі ў вагонах, прызначаных для перавозкі цялят. На мяжы Еўропы і Азіі цягнік спынялі, каб набраць вады.

– І мы бачылі гэтую мяжу і захапляліся, – прыгадвае спадарыня Ніна.

Назад студэнты вярталіся, ужо падзарабіўшы грошай, у звычайных вагонах, для людзей.

– Мы прыехалі на цаліну, але не разумелі, што адбываецца, – працягвае аднакурсніца Рыгора Барадуліна. – Захацелі вады выпіць, а нам жа ніхто не сказаў, што яна салёная. Прэсную прывозілі толькі ў бочках. Адну ў дзень на 300 чалавек. Спалі ў школе на доле на матрацах.

Праца цяжкая была. Вялізныя кіпы зерня ад спякоты прэлі, мы яго сушылі, перакідвалі сюды-туды рыдлёўкамі. Піць хацелася, а вада салёная. Спрабавалі чай заварыць і дадаць цукру…

Верш Барадуліна “Узятыя на смерць павінны жыць…” пачаўся з Маладзечна

Як заляцаўся да дзяўчыны

Спадарыня Ніна памятае і Грышку закаханага. Яму тады падабалася прыгажуня Аня Дуброўская.

– Заляцаўся ён вельмі здалёк, баяўся. Асаблівым прыгажуном не быў.

Дзяўчаты на яго асаблівую ўвагу не звярталі, бо ён на іх не звяртаў. Грышка быў заняты сваімі думкамі, сваімі справамі.

Адна Аня яму падабалася, гэта мы ведалі. Вершы ў яго заўсёды наперадзе былі. Ён, мабыць, нават думаў вершамі.

Заўсёды спазняўся

Ніхто не разумеў, калі Грышка рыхтуецца да экзаменаў. Ён жыў у інтэрнаце, але яго практычна ніколі там не было.

– Сябраваў з усімі тагачаснымі паэтамі-пачаткоўцамі: Генадзем Бураўкіным, які ў той час з нашага пакоя практычна не вылазіў, бо быў закаханы ў адну нашу дзяўчыну. З Толем Клышко, Нілам Гілевічам. Усе яны былі ў адной кампаніі, – прыгадвае спадарыня Ніна часы сваёй маладосці.

З намі ён вельмі мала быў. Так, прыбягаў: “Калі экзамен? Дзе экзамен? Які?” Звычайна да таго часу ўсе ўжо здавалі, а ён забягаў апошні. Але заўсёды здаваў.

Праз шмат гадоў пасля студэнцтва, калі курс збіраўся на сустрэчу, Рыгор Барадулін таксама спазніўся. Яго чакалі ўсе.

Ён увесь час быў быццам крыху рассеяны. Увесь у паэзіі, разумееце? Яму ўсё тое, што мы вучылі, канспектавалі: Сталіна, Леніна і ўсю гісторыю КПСС, – менш за ўсё было патрэбна.

Малады Барадулін заняткі прапускаў часта. Ён нікому нічога не тлумачыў. А студэнтаў часам правяралі, а часам і не.

– Многія першыя яго вершы мы чыталі, а ўжо апошнія – не, бо мала разумелі. У яго паэзія не простая і трэба доўга разважаць, каб зразумець, што ён меў на ўвазе. І рыфма цяжкая. Кожнаму сваё.

Мой недатыкальны запас

Пад прыглядам роднага краю –

Маміны яблыні,

Бацькаў вяз

І пугурак,

Дзе мама чакае…

7 чэрвеня 2011 году, лякарня

baradulin.by (сайт народнага паэта)

Апошні аўдыёзапіс Рыгора Барадуліна

“Я хачу сказаць шчыры дзякуй усім тым, хто ўзгадаў, што ў мяне дзень нараджэння, хто пажадаў мне добрага настрою. І ў сваю чаргу я ім жадаю і настрою, і поспехаў. Хай будзе больш людзей, якія паспачуваюць, якія не злыя, а ласкавыя. Хай будзе ўсё добра”.

 

Запісаў Сяргей Шапран 24 лютага 2014 года, у Дзень народзінаў Рыгора Барадуліна. У гэтым аўдыё дзядзька Рыгор дзякуе ўсім, хто яго павіншаваў.

Запіс змешчаны на блогу Глеба Лабадзенкі.