Героямі выставы сталі звычайныя сем’і, што жывуць у Ашмянах: сем’і майстроў-рукадзельнікаў Селістроўскіх і Свірскіх, сям’я аматараў турызму Кошань, доктарская дынастыя Гучыкаў, Лукашэвічаў, удзельнікі  рэспубліканскай акцыі “Сям’я! Служым разам!” сям’я Чэрскіх. Мы хочам пазнаёміць вас з гэтымі сем’ямі бліжэй.

Снег у гарах цёплы і сіні

– Гісторыя майго захап­лення гарамі, − пачынае размову Тэрэса Кошань, – пачалася даўно, але першую сваю вяршыню я пакарыла толькі ў 2010 годзе. За два гады да гэтага мой сын Юры Кошань пайшоў у горы ўпершыню. Ён потым мне сказаў, што будзе ўсё сваё жыццё мне ўдзячны за тое, што я параіла яму пай­сці ў горы.

За два гады Тэрэса Вацлаваўна разам з сынам пакарылі восем карпацкіх вяршынь, некаторыя па некалькі разоў,  гэтым летам пабывалі ў Крыме.

− Крымскія горы непрытульныя. Халодныя. Яны зусім не вабяць. Магчыма, таму, што там, на вяршынях крымскіх гор, былі мёртвыя гарады. І для пад’ёму горы цяжкія, непрыступныя. Іншая справа Карпаты. Там нават снег цёплы. У нас, калі бярэш снег у руку, ён сваім холадам апякае скуру, а ў гарах ён натуральна цёплы навобмацак. І снег там сіняга колеру.

− Вы хадзілі ў горы ў розныя сезоны. У якую пару года горы найпры­га­жэйшыя?

− У кожным сезоне ў гарах ёсць свая прыгажосць. Напрыклад, світанак у гарах. Я нават не ведаю, як вам перадаць гэту прыгажосць. Уявіце сабе, што вы адзін стаіце ў белым-белым воблаку. А на свеце больш нікога. І вось тут, дзе цішыня аж звініць, пачынае падымацца сонца. У гарах яно падымаецца вельмі хутка. І ваша воблака, у якім вы стаіце, становіцца ружовым. Я некалькі разоў сустракала світанак у гарах, але калі надыходзіць гэты момант, заўсёды баюся, што мне гэта толькі сніцца. Не адчуваеш ні рук, ні ног, ні галавы. Толькі лёгкасць, толькі палёт. На зямлі такога не пабачыш.

− А чым вабяць зімнія горы?

− Небяспекай. У мінулым годзе 26 студзеня мы выбраліся ў горы. Кіраўнік нашай групы быў супраць таго, каб мы ішлі на вяршыню. Было папярэджанне аб магчымым зыходзе лавіны. Група ісці адмовілася, мы з сынам пайшлі ўдваіх. Калі падымаліся ўгору, надвор’е было цудоўнае: свяціла сонца, іскрыўся сняжок. На ялінках столькі снегу, быццам яны з футра, так і хочацца падысці памацаць. Але нельга, таму што пад снегам можа быць і прорва.

А калі вярталіся назад, трапілі ў завею. Нічога не бачна на адлегласці выцягнутай рукі. Кожны крок трэба старанна разлічваць, бо адзін няправільны – і ты ляціш у бездань. Дзесяць крокаў у такіх умовах прыраўноўваюцца да некалькіх кіламетраў. Мы збіваліся з маршруту тры разы, кожны раз вярталіся да зыходнай кропкі. Я не ведаю з чыёй дапамогай, але мы шчасліва выбраліся.

− А калі вы стаіце на вяршыні гары, можна пачуцці перадаць сло­вамі?

− Ці можна перадаць словамі тое адчуванне, што ты стаіш, а птушкі лётаюць пад табой? Тое, што аблокі ходзяць ніжэй? На вяршыні я заўсёды плачу. Вось толькі такім чынам магу перадаць эмоцыі. А наперадзе яшчэ спуск.

− Інакш кажучы, расслабіцца ў гарах немагчыма?

− Горы не даруюць расхлябанасці. І ставіцца да іх трэба, як да жывой істоты. Многія ж не разумеюць гэтага і ідуць таму, што гэта модна. Я магу сказаць адно, з некаторымі людзьмі, з кім мне давялося пабываць у гарах, больш ні за што на свеце не пайду. Песня Уладзіміра Высоцкага пра горы – гэта праўда да апошняга слова.

Калі ў чалавека ў душы ёсць нейкая гадасць, гнілата – у гарах яна выявіцца ў 1000 разоў мацней.

 І з жанчынамі ў гарах прасцей. Яны не саромеюцца сказаць, што стаміліся, што ім страшна. А мужчынам цяжка прызнацца ў сваіх пачуццях. Вось таму яны ў гарах губляюцца, злуюцца. Не ўсе, вядома.

− Ці ёсць вяршыня, якую вы ўсё яшчэ марыце пакарыць?

− Канешне, мне вельмі хочацца на мармуровыя горы, што на мяжы Украіны і Румыніі. Але пакуль самую запаветную вяршыню пакіну няскоранай. Бо веру ў тое, што яна павінна быць апошняй вяршыняй. Пакарыць яе, значыць, перастаць марыць. Абавязкова дайду і да яе, але не цяпер… потым… калі-небудзь. Я зараз з вамі размаўляю, а перад вачыма кожная горная сцежачка, кожны каменьчык, кожная травінка…

Хавалася на гарышчы ад маці, каб вышываць

У сям’і Селістроўскіх адно захапленне на ўсіх – вышыванкі. За 10 гадоў Галіна Селістроўская вышыла каля 120 работ.  

− Галіна Міхайлаўна, а з чаго пачалося ваша захапленне вы­шы­ванкай?

− Даўно, яшчэ калі вучылася ў першым класе. У нас на кватэры жыла маладзенькая настаўніца, якая вечарамі вышывала. Я назірала за ёй, а потым сама ўцягнулася. Памятаю, як на перапынках у школе ўсе аднакласнікі беглі гуляць на двор, а я даставала з-пад стала ніткі, тканіну і вышывала.

І перад выпускнымі экзаменамі брала кніжкі, быццам для таго, каб вучыць, і хавалася ад мамы ў сене. І вышывала. Сварылася тады мама на мяне, ой, сварылася. А калі выйшла на пенсію, на захапленне ўсяго жыцця стала больш часу.

І сцены ў кватэры быццам Траццякоўская галерэя. На адной сцяне вісіць 11 маіх работ: тут і “Тры волаты”, і “Мядзведзі ў сасновым бары”, і шмат іншых вышываных рэп­радукцый.

− Над якой работай працуеце цяпер?

− Вось літаральна толькі што закончыла вышываць карціну “Конніца” Карла Брулова. Я працавала над ёй чатыры месяцы. Кожны дзень, амаль да гадзіны ночы. Ведаеце, калі пачынаеш працаваць, думаеш: ну, вось яшчэ адна нітачка, ну, вось яшчэ трошачкі.

− А ваша дачка, унучкі таксама заха­пля­юцца вышы­ванкай?

− Так, дачка таксама выдатна вышывае. Праўда, цяпер яна захапілася дэкупажам. А ўнучак я таксама навучыла вышы­ваць.

− Ваш вечар праходзіць, як у казцы: тры дзяўчыны пад акном?

− Не, калі прыязджаюць унучкі, у нас дома хутчэй “Модны прыгавор”. Дастаюцца ўсе ўборы з шафы, чапляюцца банты, стужкі, і пачынаецца дэфіле.

З бісеру можна зрабіць сапраўдную архідэю

У вялікай творчай сям’і Свірскіх на свята за сталом збіраецца 30 чалавек. У маці маёй суразмоўцы Валянціны Свірскай шасцёра дзяцей, 13 унукаў і ўжо 12 праўнукаў. Не тое, каб уся сям’я без выключэння была ахоплена адной нейкай справай, але творчасць – гэта тое, што робіць іх моцнымі і дружнымі.

Муж Валянціны Свірскай, Міхаіл Свірскі, спявае ў ансамблі “Жытніца”, а пра такіх, як Валянціна Казіміраўна, кажуць, што яна майстрыха на ўсе рукі. У яе руках і гліна, і лаза, і салома, і цеста, і бісер ператвараюцца ў творы мастацтва.

− Адна з апошніх маіх работ – архідэя з бісеру. Вырашыла зрабіць не звычайную кветку, белую ці ружовую, а сапраўдную, тыгравую архідэю. Калі скончыла, паставіла ў сябе ў пакоі. Хто прыходзіў, заўсёды пытаўся, ці жывая яна. Нехта нават і нюхаў. А супрацоўнікі нашага музея, калі ўбачылі яе, адразу сказалі мне, што архідэя гэта павінна быць у музеі. І забралі на выставу.

– Жыве ў Ашмянах дынастыя дактароў Гучыкаў, Лукашэвічаў. Пачатак дынастыі далі Міхаіл і Ада Лукашэвічы. Яны ў 1970 годзе прыехалі па размеркаванні ў Ашмяны. Тут у іх нарадзілася двое дзяцей: сын і дачка, якія таксама сталі дактарамі. І дзеці ўзялі шлюб з дактарамі. Старэйшы сын дачкі Марыны Ілля ўжо вучыцца ў медыцынскім універсітэце. Так што, ашмянская дынастыя дакта­роў працягваецца, − распавядае Вольга Вінцаловіч, супрацоўніца Ашмянскага краязнаўчага музея.

Сям’я Чэрскіх. Нам заўсёды цікава разам

− Я не ведаю, як мне пашчасціла трапіць у міліцэйскую сям’ю, − жартуе Таццяна Чэрская. – мая свякроў працавала ў міліцыі, старэйшы брат мужа таксама міліцыянер, дзве сястры мужа выйшлі замуж за міліцыянераў. Муж міліцыянер, сын вучыцца ў Акадэміі унутраных спраў. Як я адна ў сям’і музыкантам аказалася?

− У чым сакрэт вашага сямейнага шча­с­ця?

− Мяркую, што нашу сям’ю можна назваць шчаслівай, таму што нам заўсёды, ужо 18 гадоў, цікава разам. Я музыкант, і мне часта даводзіцца ездзіць выступаць у розныя гарады і мястэчкі. І муж, калі ў яго ёсць вольны час, заўсёды ездзіць са мной. Не было таго дня, каб муж не пацікавіўся ў мяне або ў дзяцей, як прайшоў наш дзень.

− У вашай сям’і дзеці пайшлі па вашых слядах ці па слядах мужа?

− Ну, пакуль з нашых трох дзяцей толькі старэйшы сын, Дзмітры, вызначыўся з будучай прафесіяй. Ён, як і бацька, паступіў у Акадэмію ўнутраных спраў. Хаця муж быў супраць. Міліцыянер – вельмі неспакойная праца. Дома рэдка даводзіцца бываць. А дочкі Юля і Маша пакуль школьніцы, але яны пра кар’еру міліцыянера, на шчасце, не думаюць. Юля хоча стаць доктарам. А Маша, малодшая, пакуль ходзіць у першы клас.

− А калі даводзіцца збірацца ўсёй сям’ёй, ці ёсць у вас агульныя захапленні?

− Мы вельмі любім падарожнічаць. Калі адпачынак супадае – гэта свята. Ездзім і на мора, і па Беларусі. Нам усё цікава, усё ўпершыню.

І яшчэ, у сямейным альбоме нашай вялікай міліцэйскай сям’і  няма ніводнага фотаздымка, дзе ўсе былі б у форме. Работа работай, а дома трэба быць проста мамай і проста татам. Якая розніца, якое званне ў таты на службе, калі дома ў яго вышэйшае званне на зямлі – муж, бацька, галава сям’і.