Сядзеў на пероне ў дзве гадзіны ночы і не заўважыў цягнік, курыў у тамбуры, сарваў стоп-кран, скраў мабільнік – хто займаецца гэтымі справамі і як пазбегнуць няшчасцяў на чыгунцы?
Пра тое, чаму існуе транспартная міліцыя і з-за чаго адбываюцца злачынствы і здарэнні на чыгунцы, распавяла Таццяна Субач, лейтэнант міліцыі, старшы інспектар службы групы аховы правапарадку і прафілактыкі Маладзечанскага аддзела ўнутраных спраў на транспарце.
Чым займаецца транспартная міліцыя
− Правапарушэннямі і злачынствамі, якія адбыліся на аб’ектах чыгункі. На маладзечанскай чыгунцы ёсць пяць буйных аб’ектаў: лакаматыўнае дэпо, рэфрыжэратарна-вагоннае дэпо, дыстанцыя пуці, дыстанцыя сігналізацыі і сувязі, а таксама станцыя Маладзечна. У нас дастаткова буйная галіна, мы абслугоўваем чатыры накірункі: полацкі, мінскі, гудагайскі і лідскі.
Спецыфіка працы транспартнай міліцыі, вядома, ёсць. Каб агледзець, скажам, цечу груза − неабходныя спецыяльныя веды. Калі ўчастковы інспектар прыйшоў з сямейнага скандала, дзе муж збівае жонку, яму будзе складана зрабіць агляд цягніка. Не будзеш жа тлумачыць “Ну вось тут, пад калёсікам, каля сіняй дэталькі, цячэ нейкая вадкасць”.
− Дзе найчасцей штосьці здараецца?
− Станцыя Алёхнавічы, наогул, мінскі кірунак. Там найбольш правапарушэнняў, часта выпіваюць. Калі шчыра, гэта наогул як асобная краіна. Некаторыя хоць дзе пераходзяць пуці. Я сама прыязджаю, бачу: ідзе чалавек ну проста перад цягніком! Куды ты? Прыцягнулі да адказнасці за пераход у неналежным месцы. Але парушальніка гэта не хвалюе − як ішоў, так і далей пойдзе.
У 2013 годзе адбылося 11 выпадкаў траўматызму на тэрыторыі, за якую адказвае Маладзечанскі аддзел УУС на транспарце.
Музейчык маладзечанскай транспартнай міліцыі.
Што крадуць на чыгунцы
− Работнікі чыгункі − дызельнае паліва. А вось кражы ў пасажыраў найчасцей адбываюцца праз нядбайнасць гаспадароў, абыякавасць да ўласнай бяспекі. Едзе ён у навушніках, пакінуў недзе свае рэчы − і ўсё, на іх нуль увагі. Таму так часта крадуць сумкі з рэчамі, прадуктамі. Як пасажыры спяць у цягніках? Ну пакладзі сумку пад галаву, схавай тэлефон. Не, ён мабільнік наогул пакладзе недзе побач − і як тут яго не ўзяць?
Вялікая праблема − нецвярозыя людзі і ў цягніках, і наогул каля чыгункі. Тады чалавека і абакрасці нескладана, а часам здараецца і яшчэ горшае.
Каля 80% здарэнняў − па прычыне таго, што пацярпелы быў нецвярозы. З-за гэтага чалавек можа не заўважыць той жа цягнік. Са зводкі: бег перад ідучым цягніком, ляжаў у каляіне пуцей, проста сядзеў на краі платформы і размаўляў у дзве гадзіны ночы. Ён сядзеў і не чуў, як на яго едзе грузавы цягнік!
− Што рабіць з курыльшчыкамі ў тамбурах?
− Званіце ў 102, нам перададуць ваша паведамленне. У кожным тамбуры ёсць папярэджанне пра штрафы да чатырох базавых велічынь, і адказнасць прапісаная. Адна справа, калі там кураць падчас руху. Але кураць у тамбурах за дзесяць хвілін да адпраўлення! Выйдзі пакуры на перон. Яны стаяць у тамбуры і кураць!
Акрамя курэння, сярод самых частых парушэнняў распіццё спіртнога, прычым наогул на аб’ектах чыгункі і пераход у непрадугледжаным месцы. Ёсць жа насцілы − не, некаторым трэба перайсці за некалькі метраў да пераходу, але толькі не па ім. Нават на чыгуначным пераездзе некаторыя кіроўцы праязджаюць проста перад цягніком.
Здараецца, зайшла бабуля-пенсіянерка, электрычка толькі адпраўляецца, а яна зразумела, што пераблытала электрычку. Ці чалавек праспаў свой прыпынак. І зрывае стоп-кран. За гэта прадугледжаная адказнасць, і парушальнік мусіць выплаціць да трох базавых.
− Як вы працуеце з “пастаяльцамі” на вакзале?
− Аказваецца, гэта вельмі хітрыя людзі. Яны не на вакзале начуюць. Заходзяць у цягнік з білетам. Ні рэвізор, ні міліцыя не маюць права яго здымаць. Грошы на білет у іх знаходзяцца. І катацца чалавек можа хоць увесь дзень − ён з білетам. Калі, напрыклад, моцны мароз, мы не маем права выганяць бамжоў.
Ёсць супрацоўнікі патрульна-паставой службы, якія кругласутачна ахоўваюць правапарадак на чыгунцы. Яны аглядаюць прыбываючыя і адыходзячыя цягнікі, удакладняюць абстаноўку ў шляху следавання. На вакзале ёсць кругласутачнае кафэ, дзе не забаронена піць спіртныя напоі, але мы хочам гэта забараніць.
У дзяжурцы на маладзечанскім вакзале.
“І ў тры ночы змяняюся”
− Чаму вы пайшлі ў міліцыю?
− Мне было цікава заняцца міліцэйскай справай. Але праца ў райаддзеле міліцыі… Там шмат работы з сямейнымі скандаламі, непрыемнымі з‘явамі. На маю думку, гэта праца не зусім падыходзіць дзяўчыне, негатыўна ўплывае на яе асобу.
Па штаце ў Маладзечанскім аддзеле ўнутраных спраў на транспарце – 36 супрацоўнікаў.
Паблажак да мяне асаблівых няма. Ставяць на дзяжурствы, на дзяжурствы па выхадных, і ў тры гадзіны ночы змяняюся. Здараецца, мужчыны кажуць: “Ну як гэта, дзяўчына ў міліцыі”.
Вядома, дзяўчына ў патрулі ці ўчастковым − гэта я не зразумею. Ну ўявіце: кволую дзяўчыну адправіць да п’янага мужыка, які і ўдарыць можа. Тут і спецсродкі не абароняць. А вось аналітычная праца, работа дазнавацеля ці следчага − жанчына часта нашмат больш скурпулёзна ставіцца да працы, да таго ж расследавання, папяровай працы. На такіх пасадах жанчыны нават могуць мець перавагу.