23 інавацыйныя праекты ажыццяўляліся на Маладзечаншчыне летась. Гэтая лічба самая вялікая ў вобласці.

− У гэтым навучальным годзе мы працягваем шэсць рэспубліканскіх праектаў, распачынаем шэсць новых і завяршаем чатыры мінулагоднія праекты, − распавядае метадыст раённага вучэбна-метадычнага кабінета Клаўдзія Перхаровіч.

З найбольш цікавых Клаўдзія Перхаровіч назвала праект “Гімназіі №7”. У ім разглядаецца магчымасць замацавання за кожным адораным вучнем настаўніка-кіраўніка.  

Таксама праект “Інтэрната №2” аб распрацоўцы метадычных дапаможнікаў і наглядных матэрыялаў для адукацыі і выхавання сляпых і глухіх дзяцей.

Сумесны праект “Гімназіі №10” і Хажоўскай сярэдняй школы: “Укараненне мадэлі фарміравання сацыяльных кампетэнцый навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі”.

Яшчэ адзін сумесны праект “Сярэдняй школы №11” і “Радашкавічскай сярэдняй школы”, у якім прадугледжваецца распрацоўка і праектаванне эфектыўных урокаў метадычнымі сродкамі.

Праект “Сярэдняй школы №9” па экалагічным мэнэджменце заняў у мінулым годзе трэцяе месца на рэспубліканскім конкурсе праектаў.

− Такія праграмы распрацаваныя на працяглы тэрмін. Укараненне адной можа доўжыцца ад года да чатырох. І, каб распрацаваць і ўвесці такі праект, патрабуецца шмат складнікаў. Гэта і падбор адпаведнага ўзросту сярод вучняў, і склад настаўнікаў- інаватараў, і распрацоўка крытэрыяў, па якіх будуць ацэньвацца вынікі праекта, і выбар навуковых кіраўнікоў і кан­сультантаў, − тлумачыць Клаўдзія Іванаўна.

Акрамя ўкаранення пэўных праграм, у школах Маладзечаншчыны ажыццяўляюцца і эксперыментальныя праекты.

У “Гарадзілаўскай сярэдняй школе” арганізоўваюць педагагічны фрыланс як форму сецевага ўзаемадзення. А ў “Сярэдняй школе № 2” фарміруюць праектныя ўменні вучняў пачатковых класаў пры дапамозе канструктара “ЛЕГА”.