І, заўважце, плаваць у першую чаргу, − з такімі словамі сустракае мяне на парозе басейна “Маладосць” яго дырэктар, Віктар Мазнёў, − а пра плаванне ў сучасным Маладзечне мы з вамі і пагаворым, так?

Гарадскі басейн “Маладосць” у 2014 годзе адзначае сваё 44-годдзе. Ад 2013 года спартыўнай школе, што працуе на базе басейна, надалі новы статус. Цяпер гэта:  “Спецыялізаваная дзіцяча-юнацкая школа алім­пійскага рэзерва праф­саюзаў”.

− Атрымаць такі высокі статус нам дапамог паралімпійскі чэмпіён Пекіна і ўдзельнік Паралімпіяды ў Лондане Дзмітры Салей, а таксама Генадзь Сушко, які заняў другое месца на чэмпіянаце свету па гарадошным спорце ў Санкт-Пецярбур­гу.

− Сёння ў школе ёсць прэтэндэнты на ўдзел у нацыянальнай зборнай краіны па плаванні?

− Выхаванец нашай школы Усевалад Трацэўскі ўжо ўдзельнічаў у Чэмпіянаце свету, але, наколькі я ведаю, ён думае аб тым, каб змяніць краіну. Вялікую надзею мы ўскладаем на цяперашнюю выхаванку школы Кацярыну Кашкоўскую, удзельніцу алімпійскага фестываля моладзі Еўропы ў Галандыі ў ліпені мінулага года. Сёння двое нашых выхаванак Ірына Міхалёнак, Ксенія Чайка ўжо майстры спорта. Нашы выхаванцы: тыя ж Кацярына Кашкоўская, Ірына Міхалёнак, Ксенія Чайка, а таксама Марыя Максімовіч, Анастасія Малахава, Павел Градабаеў, Аляксандр Галоўскі – навучэнцы Маладзечанскага філіяла абласнога вучылішча алімпійскага рэзерва. Гэта вышэйшая звяно. Далей толькі Нацыянальная зборная. І не магу не адзначыць працу трэнераў гэтых спартсменаў. Я іх называю “залатая брыгада”. Гэта Ігар Дземідовіч, Уладзіслаў Антонаў, Людміла Гілевіч, Алена Руткоў­ская, Наталля Суш­чанка.

−  Колькі навучэнцаў сёння ў вашай спартыў­най школе?

− Плаваннем у нас займаюцца  339 дзяцей, пачынаючы з 8-гадовага ўзросту. А разам з гарадошным спортам і спартыўнай гімнастыкай у нас 663 юныя спартсмены.

Юнацкі рэкорд краіны па плаванні належыць маладзечанцы

− Дзеці з заваль­неннем ідуць на плаванне?

− Цяпер стала працаваць цяжэй. Але нам вельмі дапамае аддзел адукацыі і спорту райвыканкама. Дзякуючы таму, што яны надаюць вялікае значэнне навучанню плаванню, у нашых трэнераў ёсць магчымасць адбіраць найбольш адораных вучняў і рабіць з іх спарт­сменаў.

− Заняткі плаван­нем адбіраюць шмат часу?

− Трэніроўкі праходзяць 2 разы на дзень. За дзень спартсмены павінны праплыць 5-6 кіламетраў. На жаль, з сямі гарадскіх басейнаў, ні ў адным няма дзіцячага “лягушатніка”, каб дзеткі маглі займацца з самых малых гадоў. Некаторыя бацькі скардзяцца, што дзіцёнак праз плаванне не паспявае ў школе, але гэта хлусня. Я не ведаю ні аднаго дзіцёнка, які б кінуў плаванне і ад гэтага палепшыў вынікі ў вучобе. Заняткі плаваннем, як і любым другім спортам, трэніруюць у дзецях цягавітасць і дысцыпліну. Але гэта таго варта. Наша выхаванка Ксенія Чайка паставіла рэспубліканскі рэкорд па плаванні сярод юніёраў.  

− Дзе трэніруюцца спартсмены, калі адключаюць ваду ў басейне?

− Нам насустрач ідзе 14 школа. Дзякуючы ім, нашы спартсмены не перарываюць свае трэні­роўкі ні на дзень.

− Я памятаю, раней у басеіне была вышка. Чаму яе прыбралі?

− Сур’ёзна трэніравацца ў скачках у ваду яна не дазваляла, вышка была зусім невысокая. Паставіць іншую мы не можам з-за таго, што глыбіня басейна не дазваляе. Таму, акрамя траўмаў (бо на яе чапляліся ўсе, хто не ленаваўся), яна не давала нічога. І мы яе прыбралі.

− А чаму ў нас не развіваюцца такія віды спорту, як скачкі ў ваду ці сінхроннае плаван­не?

− Для скачкоў у ваду няма падыходзячага па глыбіні басейна. А для сінхронна плавання – традыцый. Гэта добра яшчэ, што плаванне ёсць. Намеснік прэм’ер-міністра Анатоль Тозік на нядаўняй калегіі міністэрства спорта і турызма прапанаваў скараціць немедальныя віды спорту. Здарыцца так, і што будзе?

Гэта і так дзіва, што мы пакуль можам адрываць дзяцей ад камп’ютараў і прыводзіць іх у спорт.

Больш таго, па плаванні мы праводзім унутрышкольныя спаборніцтвы 11 разоў на год. А ў гарадошным спорце маладзечанцы – самыя моцныя. І школа трымаецца на трох кітах, заслужаных трэнерах Беларусі. Гэта Аляксандр Кулак, Аляксандр Сучко і малады спецыяліст Юры Когель. Але пра іх варта напісаць асобны артыкул.