Навучэнцам музычнага каледжа і жыхарам яго інтэрната даводзіцца ўвесь час азірацца, каб перайсці дарогу ў краму насупраць. Верагоднасць трапіць у пратакол супрацоўнікаў ДАІ вельмі высокая.

Для таго, каб дайсці да “студэнцкай” крамы, хопіць і паўхвіліны. Яшчэ хвілін пяць давядзецца пастаяць у чарзе. У выніку такая вылазка за хлебам ці шакаладным батончыкам займае хвілін сем. Гэтага часу якраз дастаткова, каб навучэнцы маглі падсілкавацца падчас перапынку.

Аднак не ўсё так проста – няма пешаходнага перахода.

Складалі пратаколы адразу на пяцярых

Атрымаць ад міліцыянера “прапанову” скласці пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні за пераход дарогі ў нявызначаным месцы – ужо не навіна.

– Быў і ў мяне такі выпадак, – прыгадвае выпускніца музкаледжа Марыя Мядзюха. – Год ці два таму я з чатырма сябрамі ішла ў краму. Праўда, так і не дайшла. Былі вымушаныя вярнуцца ў інтэрнат за пашпартамі для пратакола.

У выніку двое заплацілі штраф па адной базавай кожны, а траіх праз некалькі тыдняў выклікалі ў камісію па справах непаўналетніх.

Дзе можна перайсці дарогу

Непадалёк ад інтэрната два пешаходныя пераходы. Абодва прыкладна ў метрах 70-і. Адзін на скрыжаванні Вялікага Гасцінца і Таміліна, дзе ўсталяваны святлафор. Другі – побач з медыцынскім каледжам.

– Каб паспець схадзіць за булачкай у дзесяціхвілінны перапынак, я не пабягу на пешаходны пераход, – распавядае Наталля Севярын. – Гэта зойме не толькі ўсе дзесяць хвілін, а значна больш. Асабліва калі ўлічыць, што на святлафоры даводзіцца пастаяць.

Штраф за пераход у неналежным месцы − ад 1 да 3 базавых велічынь (ад 130 да 390 тысяч рублёў). Пра гэта паведаміў дзяржаўтаінспектар Маладзечанскага райаддзела міліцыі Сяргей Бартош.

Выхавальніца інтэрната музкаледжа Міра Януць увесь час назірае, як навучэнцы пераходзяць вуліцу не там, дзе трэба:

– Усе разумеюць, што трэба хадзіць па пешаходных пераходах, але на супрацьлеглы бок інтэрнатаўцы крочаць наўпрост па праезнай частцы. Ужо не гаворачы пра нашу краму насупраць і шапіка побач з ім. Пешаходны пераход тут вельмі патрэбны, але, на жаль, яго не робяць. Дарэчы, да крамы насупраць інтэрната Маладзечанскага дзяржаўнага каледжа навучэнцы смела крочаць па зебры. Часта бачу, як яны, нават не апрануўшыся, бягуць у краму. Увогуле шкада, калі дзеці плацяць штраф. Колькі ў іх той стыпендыі…

“За ляноту няхай плацяць”

Сітуацыю пракаментаваў загадчык юрыдычнага сектара “Камунальніка” Дзяніс Лапата:

− Калі жыхары лічаць, што ў пэўным месцы неабходны пешаходны пераход, яны могуць напісаць адпаведную заяву ў райвыканкам. Пажадана, каб заява была калектыўная – тады відаць, што гэта не аднаму чалавеку проста лянота ісці да перахода. Заяву разглядае спецыяльная камісія, у якую ўваходзяць супрацоўнікі ДАІ. Яны правяраюць, наколькі мэтазгодна размяшчаць пераход. Я сумняваюся ў мэтазгоднасці ў гэтым канкрэтным выпадку: у некалькіх метрах перакрыжаванне з пераходамі, і яшчэ адзін пераход каля дзіцячых садкоў. Кожны хацеў бы суцэльны пешаходны пераход ад дома да работы, і каб яму ўсе машыны саступалі. У інтэрнаце жывуць маладыя людзі, якім няцяжка абысці. А калі лянота – няхай плацяць штрафы.