На 78 маладзечанскіх фехтавальшчыкаў − чатыры касцюмы. Кошт аднаго − 400 еўра.

У Нацыянальную зборную Беларусі па фехтаванні ўваходзяць дзевяць спартсменаў з Маладзечна. Адказ на пытанне, чаму так багатая талентамі Маладзечанская зямля, – у размове з трэнерам па фехтаванні Аленай Рыжанковай.

Алена Мікалаеўна ў мінулым спартсменка-рапірыстка. Прыйшла ў фехтаванне ў 1970-х гадах, каб не расставацца са спортам ніколі.

− Я шмат год адпрацавала ў школе настаўніцай замежнай мовы, але пра фехтаванне не забывалася ніколі. І вось калі наш выдатны трэнер Уладзімір Мядзеве­дзеў некалькі гадоў таму запрасіў мяне стаць выхавальніцай новых спартсменаў-фехтавальшчыкаў, я пагадзілася адразу. І кожны дзень на працу прыходжу з задавальненнем. Гэта такое неперадавальнае адчуванне, калі на тваіх вачах нараджаюцца чэмпіёны.

− А колькі чэмпіёнаў ужо выхавалі?

− У 2013 годзе трох сваіх выхаванцаў, Максіма Пінчука, Вячаслава Лук’янцава і Сяргея Лук’янца,  я перадала ў Мінскае абласное вучылішча Алімпійскага рэзерву. Гэта ўжо вялікая прыступка да чэмпіёнства. Дзевяць нашых выхаванцаў ужо ўваходзяць у Нацыянальную зборную краіны. Гэта Вольга Кісялёва, Арцём Карабінскі, Паліна Каспяровіч, Сяргей Кісель, Елізавета Аджапарыдзе. У рэзерв каманды ўваходзяць чатыры маладзечанскія спартсмены: Яўген Рудкоўскі, Наталля Космач, Кірыл Кірпічоў, Давід Ганчароў.

− Сёння фехтаванне ў краіне на пад’ёме?

− Ну як тут скажаш, ці на пад’ёме? У нас займаецца 78 юнакоў і дзяўчат. Выхоўваюць іх тры трэнеры: я, Уладзімір Мядзведзеў і Анатоль Гушчын. У нас ёсць дзве залы для заняткаў: у Лядовым палацы і на станказаводзе. Калісьці ў Маладзечне працавалі школы фехтавання на шаблях, рапірах і шпагах, цяпер засталіся толькі шаблі. У нас амаль няма касцюмаў і электракуртак.

Фехтаванне – спорт вельмі дарагі. Касцюм фехтавальшчыка каштуе каля 400 еўра, адна шабля – каля 20 еўра.

 А яны ж, бывае, і ламаюцца.

− Фехтаванне – гэта спорт хлопцаў ці дзяўчат?

− Мы імкнёмся ўраўнаважваць колькасць дзяцей. Раней дзяўчат увогуле на шаблі і шпагі не бралі. Цяпер дзяўчаты ёсць амаль ва ўсіх відах спорту, фехтаванне не выключэнне.

На будучым тыдні ў Брэсце пачынаюцца нашы галоўныя спаборніцтвы, рэспубліканскі турнір “Алімпійскія надзеі”. Я туды вязу шасцярых сваіх спартсменаў: чатырох хлопчыкаў і дзвюх дзяўчынак. І, вядома, спадзяюся, што камусьці пашчасціць там засвяціцца.

− А групы для дарослых людзей, ахвотных займацца фехта­ваннем, існую­ць?

− На жаль, не. У мяне шмат маіх знаёмых пытаюцца, калі ўжо можна будзе прыходзіць на заняткі па фехтаванні. Зразумела, фехтаванне – спорт вытанчаны, прыгожы, рамантычны. Каму ж не хочацца валодаць шпагай, як сапраўдны рыцар? І кожны раз я адмаўляю. У нас няма магчымасці праводзіць заняткі з дарослымі па адной і той жа прычыне: недахоп фінансавання. З дзецьмі мы займаемся бясплатна, а для дарослых трэба адкрываць платныя заняткі. Праблемы, праблемы…

Самы лепшы ў свеце трэнер – наш!

Яўген Ажараў, Руслан Купрыянаў і Захар Арцямёнак

Яўген Ажараў, Руслан Купрыянаў і Захар Арцямёнак

У час, калі мы размаўляем з Аленай Рыжанковай, у зале праходзіць трэніроўка. Пяцёра хлопчыкаў у масках, пальчатках і куртках, змагаюцца адзін з адным у міні-паядынках.

− А не цяжка ў такіх касцюмах рухацца?

Яўген Ажараў: − Горача толькі, асабліва летам. Касцюм, што пад курткай, немагчыма прапароць нават нажом, ён вельмі шчыльны.

− Але табе падабаецца займацца фехтаваннем?

− Я займаюся ўжо трэці год. Сяброўка маёй бабулі расказала пра тое, што ёсць такі від спорту, я прыйшоў, мне спадабалася. Да таго ж у дзяцінстве я любіў глядзець кіно пра мушкецёраў (Жэню 13 год).

Задаю тое ж пытанне другому хлопчыку, Дзмітрыю Кізіку:

− Мне падабаецца зброя, таму я хаджу на фехтаванне. А яшчэ фехтаванне развівае розум і рэакцыю. Гэта ж трэба прадугледзець, як сябе павядзе твой сапернік.

Самым гутарлівым сярод хлопчыкаў аказаўся Антон Тарасевіч:

− Я так люблю фехтаванне, што гатовы прыходзіць па некалькі трэніровак запар, асабліва замест урокаў. Але Алена Мікалаеўна адпраўляе ў школу.

Руслан Купрыянаў, сціпла кажа:

Руслан Купрыянаў

Руслан Купрыянаў

− Фехтаванне – гэта ў нас сямейнае, мяне прывяла сястра, якая ўжо доўга займалася фехтаваннем. Спачатку прыходзіў з ёй, як назіральнік, а потым і сам стаў займацца, мне не было яшчэ і дзевяці год, а ў фехтаванне бяруць з дзесяці.

Прапаную ўсім у канцы сустрэчы зрабіць калектыўны здымак. Захар Арцямёнак пытаецца ў мяне:

− А вы на гарбату не застаняцеся? Мы пасля кожнай трэніроўкі абавязкова п’ём гарбату, якую заварвае Алена Мікалаеўна. Гэта наш асаблівы рытуал.

Калі я развітваюся з гэтымі маленькімі рыцарамі і іх трэнерам, Антон мне кажа:

− Вы толькі не пішыце, што ў нас не хапае касцюмаў ці чаго яшчэ. А то прачытае там якое начальства і скажа: “Ах, ім мала таго, што ў іх і так самы лепшы трэнер у свеце, ім яшчэ новыя касцюмы падавай!”