З надыходам вясны ў лясы пацягнуліся з бідонамі і каністрамі зборшчыкі соку. Пра тое, як не нашкодзіць ні прыродзе, ні сабе, і  пойдзе гаворка.

Адны сцвярждаюць, што ён нічым не адрозніваецца ад звычайнай вады, іншыя не могуць дачакацца яго з’яўлення, каб папоўніць свой арганізм карыснымі рэчывамі, якіх так не хапае пасля зімы.

Кляновы сок не здабываем, мы ж не ў Канадзе

У Маладзечанскім лясгасе расказалі пра тое, што прамысловымі тэмпамі сок яшчэ нарыхтоўваць не пачалі. Пакуль не дазваляюць умовы надвор’я, але спецыялісты лясніцтва штодзень сочаць за дрэвамі.

Спецыяліст пабочнага карыстання Маладзечанскага лясніцтва нагадала ўсім, што за самавольную здабычу соку, без дазволу лясніцтва, прадугледжаныя  вялі­кія штрафы.

− Як толькі сок пойдзе ў дастатковай колькасці, мы пачнём рэалізоўваць яго насельніцтву. Кошт аднаго літра складзе прыкладна 1500 рублёў. Набыць яго можна будзе ў Маладзечанскім лясгасе, што знаходзіцца па вуліцы Віленскай, 125, − патлумачылі ў лясніцтве. 

 Не лішнім будзе нагадаць агульныя правілы нарыхтоўкі соку.

1. Каб не загубіць дрэва, не спускайце з яго больш за тры літры соку.

2. Нельга спускаць сок з маладых дрэўцаў.

3. Збіраць сок пажадана толькі ў лесе або як мага далей ад дарогі, таму што дрэва здольнае ўбіраць у сябе шкодныя рэчывы і выхлапныя газы.

4. Пасля збору соку не забудзьцеся шчыльна замазаць адтуліну або надрэз пластылінам, воскам, коркам, гаспа­дарчым мылам ці забіць яго мохам.

− А тое, што некаторыя крыніцы сцвярджаюць, быццам кляновы сок больш салодкі за бярозавы і з’яўляецца яго паўнапраўным аналагам, мы пацвердзіць інфармацыю не можам. У нашых лясах кляновы сок не здабываецца, мы ж не ў Канадзе.

− Ад гэтага года штрафы за парушэнне правілаў збору бярозавага соку павялічыліся ў разы.

Калі ў мінулым годзе штрафы вагаліся ад 4 да 35 базавых велічынь, то сёлета самы сціплы штраф абыдзец­ца ў 20 базавых велі­чынь.

−Для індывідуальных прадпрымальнікаў шт­ра­­фы складуць 100 базавых велічынь, для юрыдычных асоб − да 500 базавых велічынь, − паведаміў “Рэгіянальнай газеце”  вядучы спецыяліст Маладзечанскай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Іван Мялюк.

Захаваць да наступнай вясны

Свежы бярозавы сок хутка псуецца, таму яго трэба трымаць толькі ў халодным месцы, прычым не больш за тры дні. Калі вы хочаце захаваць яго на больш працяглы тэрмін, спатрэбіцца кансервацыя. Для гэтага дастаткова нагрэць сок да 80 градусаў, разліць у стэрылізаваныя слоікі ці бутэлькі і герметычна закрыць. Яшчэ адзін самы просты і дзейсны спосаб захоўвання соку − замарозка. Усе каштоўныя рэчывы пры гэтым застаюцца практычна ў нязменным выглядзе.

Бярозавы сок можна не толькі піць

Бярозавы сок даўно і надзейна прапісаўся ў касметалогіі. Ён дабратворна ўздзейнічае на скуру і валасы, ад чаго тыя набываюць здаровы знешні выгляд і пачынаюць хутчэй расці. Калі рабіць маскі на твар з даданнем бярозавага соку, то актывізуюцца працэсы дзялення клетак, што аднаўляе скуру. Яна стане гладкай і пяшчотнай. Пры гэтым бярозавы сок карысна разводзіць мёдам і смятанай.

− Калі рабіць маскі на твар, бярозавы сок абавязкова трэба разводзіць з нечым, у звычайных прымочках карысці мала, але і шкоды не будзе − каментуе доктар-касметолаг Вераніка Лужынская. − А што датычыцца сродкаў па доглядзе за валасамі, то бярозавы сок насамрэч зробіць вашы валасы паслухмянымі і бліскучымі. Калі вам хочацца як мага хутчэй адрасціць шыкоўную шэвелюру, пазбавіцца ад перхаці, бярозавы сок і ў гэтым прыйдзе на дапамогу. Дастаткова толькі кожны раз пасля мыцця валасоў апалоскваць іх бярозавым сокам.

Магазінны бярозавы сок не карысны і піць яго не варта?

З такім пытаннем мы звярнуліся да тэхнолага Маладзечанскага харчовага камбіната Святла­ны Нагіх:

− Сёлета нарыхтоўка соку яшчэ не пачалася, але, нягледзячы на тое, што бярозавы сок хутка псуецца, мы паспяваем яго закансерваваць, каб захаваць у ім як мага больш карысных рэчываў. Каб зрабіць смак непаўторным, мы дадаём да бярозавага соку яблычны, бруснічны, журавінавы. Робім сок з мятай, кменам, шыпшынай. Што датычыцца яго складу, то ў наш сок уваходзіць толькі цукар і лімонная кіслата. І бярозавы сок нязменна наталяе смагу. Хаця мы і не спецыялізуемся на дзіцячым харчаванні, але нашы сокі паспяхова замацаваліся ў меню дзіцячых садкоў і школ.

І яшчэ: народная мудрасць кажа, што калі з бярозы вясной цячэ шмат соку − гэта да дажджлівага лета. Хутка пабачым, ці так гэта.