Вучаніца смаргонскай сярэдняй школы №2 Дар’я Ізотава паглыбілася ў гісторыю больш чым 300 імёнаў і прозвішчаў вучняў сваёй школы і ўтварыла слоўнік.

Цэлы навучальны год Даша разам з настаўніцай беларускай мовы і літаратуры Марынай Царык рыліся ў слоўніках у пошуках тлумачэння прозвішчаў.

І недарма. Сёлета на конкурсе дзіцячых вучэбна-даследчых праектаў “Я родным краем ганаруся” гэтая праца ўзяла першае месца.

На школьнай, а потым і на абласной навуковай канферэнцыі даследчая работа ўзяла дыплом 2 ступені.

“Першыя чалавечыя імёны – Адам і Ева, першыя вядомыя імёны з беларускай гісторыі – князь Рагвалод і яго дачка Рагнеда. З імёнаў пачынаецца гісторыя чалавецтва, гісторыя нашай дзяржавы, з ведання паходжання ўласнага імені павінна пачынацца гісторыя сталення кожнага чалавека”, – гаворыцца ў працы.

Менавіта таму Даша і ўзялася за гэтую тэму і за гэта даследаванне:

– Спачатку спыталася ў бабулі і дзядулі, адкуль маё прозвішча. Потым ужо палезла ў тлумачальны слоўнік. А пасля і вырашыла заняцца гэтым глыбей. Па-першае, мы сабралі імёны і прозвішчы ўсіх вучняў нашай школы, іх аказалася 332. Потым пераклалі іх на беларускую мову. А пасля з дапамогай слоўнікаў і інтэрнэта мы ўжо шукалі значэнне кожнага прозвішча і імені і стваралі слоўнік.

Спадарыня Марына і Даша правялі ў школе даследаванне. Высвятлялі, ці ведаюць вучні паходжанне сваіх прозвішчаў. Аказалася, амаль ніхто не можа патлумачыць, адкуль яно пайшло.

Ужо калі слоўнік утварылі і ў кожнага была магчымасць даведацца пра гісторыю сваіх прозвішчаў, некаторыя нават абураліся іх значэннем.

– Ёсць прозвішчы, якія маюць некалькі тлумачэнняў, – кажа спадарыня Марына. – Можна абраць адно, а можна – другое. Калі сярод іх ёсць станоўчае, то вучні абавязкова выберуць для сябе гэты варыянт. Напрыклад, прозвішча Казёл. Адны лічаць, што ўтварылася яно ад назвы жывёлы. Іншыя, што яно азначае “не вельмі разумны”.

Даша і спадарыня Марына не першыя пачалі займацца этымалогіяй прозвішчаў. Аднак калі ім давялося шукаць канкрэтныя значэнні асобна ўзятых, то значэнні знайсці аказалася не так і проста. Некаторыя так і засталіся неразгаданымі: Дэбесь, Керэль, Класен, Ісенгаліеў, Ралевіч, Мускі, Працута, Манчак, Нурчынскі, Рукойць і Сасункевіч.

Аднак усе іншыя прозвішчы можна знайсці ў слоўніку.