У красавіку адбудзецца раённы конкурс дзіцячай творчасці “Зорны сезон”.

Падрыхтоўку да конкурсу загадзя пачалі ў пасёлку Сасновы Бор, што паблізу Маладзечна, дзе правялі акцыю “Алё, мы шукаем таленты!”

Конкурс адбыўся ў пачатку вясны, таму прысвяцілі яго, канешне ж, мамам. Усім удзельнікам, акрамя конкурснай праграмы, арганізатары свята прапанавалі вандроўку ў дзіцячы свет сваіх матуль.  

Вандроўка пачалася з завочнага падарожжа па старонках сямейнага альбома. Дзеці разам з мамамі загадзя падрыхтавалі фотавыставу, а на свяце ўсім прысутным хлопчыкі і дзяўчынкі расказалі і паказалі, якімі былі іх мамы ў дзяцінстве, у які момант быў зроблены той ці іншы здымак.

Мамы ўдзельнікаў конкурсу расказалі пра тое, якія цукеркі былі самыя любімыя ў іх дзяцінстве, чым захапляліся ў той час, якія песні слухалі.

Алена Гамолка, мама ўдзельнікаў конкурсу Насці і Вані Гамолкаў, таксама па-за конкурсам выканала песню пра маму.

− Таму што ўсім нам трэба мама, і не важна, колькі нам гадоў, − перад сваім выступленнем сказала Алена Гамолка.

Конкурсная праграма была прадстаўлена як тэатралізаванае дзейства, у якім кароль казачнага каралеўства шукаў таленты. І, як бывае ў любой казцы, канешне ж, іх знайшоў.

− Конкурс талентаў цэнтр дзіцячай творчасці “Маладзік” ладзіць не ўпершыню. Але кожны год за ім сачыць цікава, таму што ўдзельнікі і нумары заўсёды розныя. Вельмі радуе, што дзеткі не толькі спяваюць і танцуюць, але і іграюць на музычных інструментах, спрабуюць свае сілы і ў эстрадным майстэрстве, такім, як клаўнада. Сёлета ў конкурсе ад нашага філіялу “Сонечны” будуць удзельнічаць Уладзіслаў Шэўчык, Аляксей Рамановіч, Дар’я Марыганава, Юлія Пятрова, Марыя Міхалёнак, Ірына Чалава. Магчыма, сярод гэтых дзетак і ёсць будучы пераможца раённага конкурсу, − распавяла “Рэгіянальнай газеце” педагог-арганізатар Галіна Іванькіна.