Яму ўжо 20 гадоў, ён не разумее цяперашнюю моладзь, а калі гаворыць пра тэатр, падскоквае з месца.

У адным з першых спектакляў сыграў шызафрэніка, у будучыні сябе бачыць у ролі Маякоўскага, а пакуль у свае 20 іграе Старога Карча. Ён – малады акцёр Мінскага абласнога драматычнага тэатра Павел Святоха.

Павел нарадзіўся на Вілейшчыне, у вёсцы Гедзевічы. З 10 год жыве ў Маладзечне, скончыў гімназію-каледж мастацтваў па спецыяльнасці “акцёр, рэжысёр, выкладчык акцёрскага майстэрства”. З мінулага года – акцёр Мінскага абласнога драматычнага тэатра.

− Першы спектакль, у якім я іграў у прафесійным тэатры, называўся “Падобны на Стынга”. Мая роля там была невялікая, але вельмі дарагая мне. Як я шкадую, што такі спектакль мы адыгралі ўсяго 5-6 разоў за гэты год! Увогуле, працай у тэатры задаволены. Сёння я заняты ў сямі спектаклях. Рыхтуецца да прэм’еры “Аблом OFF”. Там іграю доктара Аркадзія Міхайлавіча.

І з кожнай новай рэпетыцыяй разумею, што тэатр – гэта хранічная хвароба. Мне падабаецца прымяраць на сябе вобразы, твары, характары… Мару пра ролю Маякоўскага – вось гэта тыпаж, вось гэта ха­рактар!

− Як ты трапіў у драматычны тэатр?

− Калі я вучыўся на другім курсе, дзяўчына, якая ўжо рыхтавала да пастаноўкі выпускны спектакль “Ноч Гельвера”, папрасіла ў ім паўдзельнічаць. Роля вельмі складаная, усе яе аднагрупнікі адмовіліся.

У спектаклі расказваецца пра хворага на псіхіку хлопца. Ахарактарызаваць уражанні гледачоў пасля прагляду я магу двума словамі: слёзы і шок. Вядучы майстар сцэны Алена Рахмангулава, якая выкладала ў мяне сцэнічны рух, адразу пасля спектакля спыталася ў мяне, ці хачу я працаваць у тэатры. І гэта было як падарунак зверху.

− Кажуць, што маладыя акцёры ў тэатры – гэта з’ява часовая. Адпрацуюць год ці два і сыходзяць. Гэта пра цябе?

− Не, на сённяшні дзень я знайшоў тое, чым мне падабаецца займацца. І сыходзіць я не планую. Каб яшчэ ў тэатры плацілі добра… Я ж не дзяўчына, разлічваць магу толькі на сябе.

− Са старэйшымі калегамі-акцёрамі знай­шоў агульную мову? З кім сябруеш?

− Я лічу, што з калектывам мне пашанцавала. Усе ў тэатры класныя. З маладымі акцёрамі сябруем. Аляксей Карпец, Дзяніс Фешчанка – вось такія (задзірае вялікі палец уверх) хлопцы. Таццяна Карпец, Сяргей Карзей – выдатныя артысты і цудоўныя людзі. З Андрыянам Барткевічам, які ставіць “Абломава”, працаваць увогуле адно зада­валь­ненне.

− І заўсёды знаходзіш паразуменне ці даводзілася адстойваць свой пункт гледжан­ня?

 − З рэжысёрам не спрачаюся ніколі. Максімум, што магу сабе дазволіць, гэта задаць пытанне: а чаму менавіта так? Калі патлумачаць, усё становіцца зразумелым. І тады я пачынаю лавіць кайф ад ігры на сцэне. Акрамя Аркадзія ў “Абломаве”, такое ж задавальненне атрымліваю ад ролі Мацейкі ў спектаклі “На другі дзень Сёмухі”. Таксама вельмі падабаецца роля Старога Карча ў дзіцячым спектаклі “ Казка пра чырвоную стужачку”. Дзіцячыя спектаклі – гэта ўвогуле асобная гісторыя. Іх іграць нашмат цяжэй, таму што дзеці ловяць кожнае тваё слова, кожны рух.  

− У прыкметы ак­цёрскія верыш?

− Я лічу, што ўсе прыкметы – толькі  самаўнушэнне. Вось паверыш ты, што калі памыешся ў дзень прэм’еры, то не будзе поспеху, так яно і здарыцца. З тым жа поспехам я магу паверыць і ў любы камень на дарозе, што ён нейкі цудадзейны. Іведаеце, так яно і будзе! Таму веру толькі ў свайго персанажа. І, рыхтуючыся да ролі, быццам збоку гляджу на свае рухі, жэсты, нават голас. Ужываюся ў ролю па максімуму. Але, з другога боку, у гэтай поўнай аддачы свайму герою і свайму гледачу і ёсць увесь смак акцёрскай прафесіі.

Перад выхадам на сцэну я заўсёды кажу сабе: “Паша, расслабся і не хлусь”… Так і раблю.

− Пасля спектакля, калі ты так глыбока ўваходзіш у ролю, да цябе лепей не пады­ходзіць?

− Не, чаму? Я як уваходжу хутка ў ролю, так з яе і выходжу. І гэта таксама трэба ўмець адразу здзіраць з сябе маску свайго героя. Пасля спектакля я магу і ў кафэ схадзіць, і кіно пагля­дзець…

− І на дыскатэку з сябрамі на ўсю ноч…

− Не, не кажыце мне пра гэта. Я на дыскатэцы быў толькі раз і то, таму што мяне прымусілі. Я не разумею, як можна ўсю ноч у пракураным памяшканні слухаць тупую музыку. “Sexy and I Know It”… Што гэта, патлумачце мне? Я слухаю музыку сур’ёзную, якая прымушае думаць. І на вуліцы заўсёды ў навушніках. Не магу слухаць вакол сябе, як моладзь брудна лаецца. А адпачываю на прыродзе. Вогнішча, хлеб з сасіскай, падсмажаныя на ім, – гэта сапраўдны адпачынак.

З Днём тэатра віншуе сваіх чытачоў “Рэгіянальная газета”.

Новы спектакль Мінскага абласнога драмтэатра “Аблом OFF”. Валяцца на канапе – гэта добра

Алег Чэчанеў піша пра былога дырэктара тэатра Сяргея Вальковіча