Пра тое, што грэкі не п’юць чай, вельмі прымхлівыя і любяць расцягнуць смачны абед, даведаліся будучыя бухгалтары ў цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Максіма Багдановіча.

Навучэнцаў 208-й групы гандлёва-эканамічнага каледжа запрасілі на чарговыя заняткі ў зале літаратуры на замежных мовах у межах праекта “Па краінах і кантынентах з лыжкай”. Бібліятэкары у межах праекта знаёмяць моладзь са  звычаямі пэўнай краіны, а таксама ўсе разам гатуюць якую-небудзь традыцыйную страву.

Заняткі адбыліся 25 сакавіка, калі грэкі святкуюць Дзень Незалежнасці ад Асманскага ярма: у 1821 годзе па­чалося паўстанне, якое прывяло народ да свабоды. У гэты ж дзень беларусы святкуюць абвяшчэнне Беларускай народнай рэспублікі.

Замест вербнай нядзелі – пальмавая

Спачатку навучэнцам паказалі фільм пра чароўныя мясціны, але яшчэ больш цікавым быў расповед галоўнага бібліятэкара залы Таццяны Летуновай. Напрыклад, у манаскім комплексе Метэоры, размешчаным на высокіх скалах, знайшлі пустэльніка. Ён не спускаўся 53 гады і сілкаваўся ў скалах толькі вадой і травамі ўвесь гэты час. Востраў Афон, на які не ступала нага жанчыны, усё ж становіцца бліжэй, дазваляючы прывозіць у розныя краіны свае рэліквіі.

Таццяна Летунова распавяла пра надзвычайную прымхлівасць грэкаў. Яны заўсёды носяць бірузу і ніколі не хваляць іншых ці сябе − каб не сурочылі. Хросныя бацькі абавязкова дораць дзіцяці чаравічкі, каб яно роўненька пайшло ў жыццё.

Першы госць у Новы год прыносіць гранат і разбівае аб падлогу. Рассыпаныя зярняткі нібы прыносяць шчасце.

Замест вербнай нядзелі ў іх пальмавая. 8 студзеня, а не сакавіка, у грэкаў Дзень жанчын. Усе прадстаўніцы чароўнага полу збіраюцца ў кавярні з сяброўкамі ці наведваюць салоны прыгажосці, а мужчыны гаспа­дараць па доме. Кава − адзін з любімых напояў у Грэцыі. Чай там не п’юць, толькі гарбату.

Грэкі любяць раз на дзень дазволіць сабе добры абед, калі ў добрай кампаніі спажываюць смачныя стравы. Іх ежа вельмі здаровая, шмат гародніны і, вядома, аліўкавага алею і спе­цый. Бібліятэкары заўважылі, што маянэз ужо сыходзіць са сталоў па ўсім свеце, а ў Грэцыі ён і не меў шанцу прыжыц­ца − натуральная запраўка мае бяс­спрэчную перавагу. Далей жанчыны падзяліліся рэцэптам самага любімага грэчаскага соусу, які дадаюць у любыя стравы і нават проста мачаюць у яго хлеб.

Пасля навучэнцаў навучылі правільна сервіраваць стол. Затым дзяўчаты самі прыгатавалі грэчаскую салату і пачаставалі ўдзельнікаў заняткаў.

Грэчаскі соус:    
Да ёгурту без дадаткаў дадаём крыху часнаку. Агурок трэба буйна нацерці і даць сцячы  соку. Пырснуць лімоннага соку, дадаць соль і перац, можна падсаладзіць мёдам.

Грэчаская салата:

3 памідоры, 2-3 агуркі, чырвоная салодкая цыбуліна (можна рэпчатую) палову ці цэлую, адзін зялёны ці жоўты балгаскі перац, 2-3 сталовыя лыжкі маслінаў без косткі, 100-150 грамаў брынзы ці феты, 2 сталовыя лыжкі аліўкавага алею, чырвоны вінны воцат (можна замяніць лімонным сокам) – 2 сталовыя лыжкі, арэгана, соль, перац.

Памідоры нарэзай буйна. Перац – паўкольцамі. Агуркі – кружкамі, Цыбулю – паўкольцамі. Фету ці брынзу – кубікамі.

У глыбокі салатнік выкласці агуркі, перац, цыбулю і памідоры. Пасаліць, пасыпаць крыху цукрам, дадаць перцу. Збрыхнуць лімонным сокам ці вінным воцатам, дадаць алей. Перамяшаць, выкласці сыр, пасыпаць арэгана. Упрыгожыць маслінамі. Парада: можна дадаць хрумсткую салату (айсберг, фрызэ), а таксама пятрушку.

Перад падача пастаўце ў лядоўню на 15 хвілін.

Бібліятэка знаёміць з краінамі праз кухню (Нямеччына)