Вілейская суполка Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры і выдавецтва газеты “Волат” зладзілі прэзентацыю сваёй дзейнасці ў Маладзечне ў гонар пяцігоддзя суполкі. Сустрэча адбылася ў панядзелак, 24 сакавіка.

За пяць год сябры суполкі пад кіраўніцтвам Дзяніса Канецкага змаглі выдаць кнігу, падрыхтаваць магніцікі на халадзільнік, паштоўкі, арганізавалі работу па ўстаноўцы помніка паўстанцам 1863 года ва Уладыках, усталявалі крыжы, паставілі інфармацыйныя стэнды, удзельнічалі ў многіх суботніках, спрычыніліся да шматлікіх культурніцка-гістарычных імпрэз.

Сябры суполкі працавалі актыўна і часта былі героямі публікацый “Рэгіянальнай газеты”.

Пра тое, як у іх гэта атрымліваецца, яны і распавядалі маладзечанцам, зацікаўленым краязнаўствам.

Замчышча Агінскіх: за год тое, што не паспелі за чатыры?

Прадстаўнікі  на імпрэзе раіліся, якім чынам могуць падрыхтавацца да святкавання 250-годдзя з дня нараджэння земляка. Нагадаем, што у планах маладзечанцаў было паставіць каля замчышча гасціны двор, адкрыць музей гісторыі Маладзечанскага замка, грамадскі цэнтр, упарадкаваць замчышча − стварыць паўнавартасны турыстычны комплекс. Адпаведны праект у 3D мадэлі распрацаваў Мікалай Тамашэўскі.

Яшчэ на пасяджэнні ў маі 2013 года прадстаўніца райвыканкама Наталля Нікіценка адказала, што гэты праект можа рэалізавацца толькі як камерцыйны, а на бюджэт спадзявацца не варта.

За гэты час падрыхтоўка да юбілею абмяжоўвалася культурніцкімі справамі: маладзечанцы паставілі оперу пра Агінскага, дапамаглі зняць фільм рэжысёра Анастасіі Мірашнічэнкі, выканалі іншыя важныя асветніцка-мастацкія праекты.

А што тычыцца зам­чышча, то яно чатыры гады стаіць некранутым. Юбілей будзе ўжо праз год, што
РЭАЛЬНА могуць паспець зрабіць землякі слаўнага грамадскага, палітычнага і культурнага дзеяча еўрапейскага ўзроўню?

Дзяніс Канецкі заўважыў, што турыстам, якія б і хацелі пабачыць замчышча, туды проста не заехаць. Турысту давядзецца паставіць машыну на абочыне дарогі, прайсці 500 метраў па вязкай глебе, паглядзець на ўзгорак і па той жа дарозе вярнуцца. Па яго ацэнцы, найбольшае, што можа зрабіць фонд і іншыя зацікаўленыя за год – з’езд з дарогі Маладзечна-Вілейка, паставіць інфармацыйны стэнд з эскізам замка. Можна паспрабаваць усталяваць цікавы незвычайны помнік ці камень.

− Гэта максімум, што можна паспець, − ацэньвае старшыня вілейскай суполкі. − Рабіць паўнавартасную дарогу да самага замчышча мае сэнс, калі там ёсць перспектыва. Напрыклад, калі ў будучыні паставяць кафэ. Пры планаванні варта адштурхоўвацца ад таго, на якую суму разлічаны праект.

Вілейскія актывісты гатовы дапамагчы маладзечанцам, калі тыя прапануюць канкрэтныя дзеянні.

Віляйчане працуюць у памяць куміраў

“РГ” распытала ў дасведчанага ў гэтай справе Канецкага, якім чынам грамадскія актывісты могуць мяняць штосьці, што лічаць патрэбным? Бе­зумоўна, на кожную актыўнасць яны мусяць мець дазвол ад уладаў. Напрыклад, каб правесці су­ботнік каля помніка ці на могілках, варта дамовіцца з мясцовым сельвыканкамам. Ён можа падключыць школьнікаў, і праца будзе плённай. Гэта самая простая актыўнасць і найменш затратная, якая таксама патрэбная.

Вядома, каб паставіць помнік, неабходна ўзгадняць праект, шукаць сродкі, але гэта таксама вырашальна. Летась суполка арганізавала работу, у выніку якой ва Уладыках абнавілі помнік паўстанцам 1863 года.

У чым жа феномен вілейскай суполкі, якую старшыня беларускага добраахвотнага Таварыства аховы помнікаў, гісторыі і культуры Антон Астаповіч называе ўзорна-паказальнай?

− У свой час у Вілейцы былі вядомы краязнаўцы Анатоль Рогач і Віталь Кастэнка, − разважае Канецкі. − Яны сталі кумірамі для моладзі, паказвалі прыклад і былі побач. І моладзь, якая цікавілася гісторыяй, уцягнулася. Мы ж разам з імі працавалі, ездзілі па раёне, бачылі, што робяць яны. І сённяшняя наша праца − у іх памяць. Да таго ж, у кожнага з нас ёсць свой кірунак працы, у якім ён наймацнейшы.

Самымі складанымі за гэтыя пяць год для суполкі былі два праекты. Першы − стварэнне інфармацыйнага дыска “Шляхамі Вілейшчыны” 2010 года, што вымагала шмат часу і разумовых высілкаў. Складана фізічна было абнавіць помнік ва Уладыках.

Сёлета адной з запланаваных работ стане прыбіранне на могілках у Вязыні. Сябры суполкі плануюць зрабіць апісанне магіл і пашпарт могілак.

− Гэта старыя і вельмі прыгожыя могілкі, − аргументуе Дзяніс Канецкі. − Адзіныя, дзе захаваліся слупы з бутавага каменю.

Што зрабілі віляйчане:

Кнігу пра падзеі паўстання на Вілейшчыне перавыдалі

Непадалёк ад Ільі адкрыты адноўлены помнік паўстанцам 1863 года (+фота)

Кнігу «Падзеі паўстання 1863 года на Вілейшчыне» забралі з друкарні

Вілейшчына можа вярнуць сваю спадчыну

Запрашаюць да ўдзелу ў талацэ ў Стайках

Ганьба! Трэба захаваць!

“Шляхамі Вілейшчыны” перавыдадуць

Раскапалі могільнік Караліна

Што хацелі зрабіць маладзечанцы на замчышчы:

Наталля Нікіценка аб праекце замчышча ў Маладзечне: «На бюджэт спадзявацца – марнаваць час»

Ці дапамогуць шведы аднавіць маладзечанскае замчышча Агінскага?

Агінскага пабачаць у галаграме

Колькі можна хваліць ідэю? Праект замчышча Агінскага развіваецца 8 гадоў, але застаецца на паперы

Ва ўзнёслай атмасферы ў Маладзечне прайшла прэзентацыя дабрачыннага фонду “Спадчына Міхала Клеафаса Агінскага”

Замчышча стане папулярным

Мемуары Агінскага – упершыню на беларускай мове

Падрыхтоўка да юбілею Агінскага