У Вілейцы прайшла вечарына, прысвечаная 100-годдзю паэткі Ганны Новік.

Паэтэсе з Вілейшчыны ўдзельніцы нацыянальна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі Ганне Новік 25 сакавіка споўнілася б 100 год.

У юбілейны дзень у выставачнай зале Вілейскага краязнаўчага музея сабраліся прыхільнікі творчасці, сябры і знаёмыя Ганны Новік, якая амаль усё сваё жыццё пражыла ў вёсцы Варонічы.

Лёс ніколі не песціў яе, больш за тое, пасылаў выпрабаванне за выпрабаваннем. Зведала яна і польскую турму, рызыкавала жыццём у антыфашысцкім падполлі, кіравала калгасам, працавала ў МТС… Асабістае шчасце ёй амаль не ўсміхалася. Яго яна знаходзіла ў паэзіі і нешматлікіх сябрах.

Адным з такіх сяброў, пра якога яна згадвае ў сваіх дзённіках, быў Мікалай Судніковіч, у мінулыя часы старшыня калгаса ў Балашах. На вечарыне ён расказаў прысутным пра малавядомыя факты з жыцця гэтай мужнай жанчыны.

Знаёмствам з Ганнай Аляксееўнай даражылі многія. Сярод іх былі і народны паэт Максім Танк, які пазнаёміўся з Ганнай Новік у Вілейцы ў 1940 годзе, і старшыня аблвыканкама Мікалай Сухій

– І вось аднойчы, – расказвае Мікалай Судніковіч, – Мікалай Сухій тэлефануе мне і пытаецца: а ў якім доме цяпер жыве Ганна Новік? Адказваю: у тым самым, дзе вы начавалі.

Сухій загадаў, каб калгас пабудаваў Ганне Аляксееўне новы дом. Калі Судніковіч расказаў пра гэта Новік, то тая была катэгарычна супраць. Маўляў, ёй хопіць і таго жытла, якое ў яе ёсць. Але на гэтым гісторыя не скончылася.

– Сухій, калі пра гэта даведаўся, – працягвае Мікалай Судніковіч, – сказаў, каб у такім разе я разам з Булгаком (Вадзім Булгак – у тыя часы першы сакратар ГК КПБ у Вілейцы – рэд.) знайшлі жыллё для Новік у Вілейцы. І вось я прывёз Ганну Аляксееўну на бюро гаркама.

Калі дайшло да прыняцця рашэння аб выдзяленні ветэрану вайны члену Саюза пісьменнікаў Ганне Новік двухпакаёўкі, то яна спыталася ў членаў бюро:

– А колькі сямей стаіць на чарзе на жыллё ў Вілейцы?

Ёй адказалі, што 412.

– То ў такім разе я не буду па меншай меры двух чалавек адсоўваць у чарзе.

Аб сустрэчах і ліставаннях з Ганнай Новік расказаў журналіст Барыс Манцэвіч, пра стварэнне апошняй прыжыццёвай кнігі “Мая Вілейшчына” распавяла Раіса Соніч, якая ў 1990-х загадвала гарадской бібліятэкай. Ганна Новік да сярэдзіны 90-х перажыла два інсульты і слаба валодала рукамі, то работнікі бібліятэкі штодня прыходзілі да яе, каб дапамагчы, запісаць успаміны, якія пазней былі змешчаныя ў “Маёй Вілейшчыне”. Сёння фрагмент з гэтых успамінаў публікуецца намі на 19-й старонцы.

Ужо пасля смерці паэткі, а памерла яна ў 1997 годзе, быў выдадзены яшчэ адзін зборнік: “Барвовае лісце”, назву якому, гаворыць Раіса Соніч, даў вілейскі паэт Іван Лашутка незадоўга да сваёй смерці.

І вось зусім нядаўна Вілейская раённая бібліятэка выпусціла невялічкі зборнічак лірычных вершаў Ганны Новік “Раскватаруйся у душы”, прэзентаваны на сустрэчы.

Ганна Аляксееўна ў канцы свайго жыцця, не маючы побач родных, знаходзіла блізкія і ўзаемазразумелыя душы ў тых, хто яе разумеў. Пра шчымлівую гісторыю свайго знаёмства ўжо на зыходзе жыцця Ганны Новік расказала Людміла Дзямідава.

“Раскватаруйся у маёй

                        душы,

Займі сабой усе

яе пакоі,

Пачуцце адзіноты

заглушы,

Дапамажы забыцца

пра такое…”

Большасць лірычных вершаў Ганны Новік і сёння могуць чытацца і хваляваць, як і дзясяткі год таму.