Наколькі цяпер змяніліся цэны на праезд у гарадскім аўтобусе і цягніку. А таксама што можна было б набыць за зэканомленыя грошы, калі б праезд каштаваў столькі, колькі год таму.

Праезд у аўтобусе даражэў пяць разоў за год

Ад 1 красавіка білет у гарадскіх аўтобусах нашага рэгіёна каштуе 3 200 рублёў. Калі набываць яго ў кіроўцы − 3 500.

Кошт на аўтобус павялічыўся толькі на 500 рублёў, але карэспандэнты “РГ” вырашылі падлічыць, ці істотная гэта розніца для кашалька.

Напрыклад, віляйчанін Ігар Мароз карыстаецца аўтобусам двойчы ў дзень: едзе з дому на работу і вяртаецца назад. На тыдзень гэта дзесяць паездак, у месяц у сярэднім сорак.

Атрымліваецца, што за месяц ён заплаціць за праезд на 20 тысяч рублёў больш − крыху больш за два долары. За гэтыя грошы можна набыць, напрыклад, дзве шакаладкі ці пяцілітровае вядро бульбы.

Мы так прывыклі да павелічэння цэн, што складана прыгадаць, колькі разоў большаў кошт на білет у гарадскіх аўтобусах. А між тым, толькі за год ён павышаўся пяць разоў!

Удвая вырасла цана за білет

Давайце спынімся падрабязней і ўспомнім, як мяняліся цэны на праезд у гарадскім транспарце.

Змяненне цэнаў на білеты ў гарадскіх аўтобусах

Калі мянялі цэны Якая цана стала (рублі) Якая цана папярэднічала (рублі)
 1 красавіка 2014  3 200  2 700
 1 снежня 2013  2 700  2 200
 1 кастрычніка 2013  2 200  1 700
 Май 2013  1 700  1 500
 Красавік 2013  1 500  1 400

За год кошт на білет з 1 400 рублёў павысіўся да 3 200 − больш чым удвая. Кошт цяперашняга білета складае амаль 230% ад кошту леташняга. Іншымі словамі, за год цана на білет у гарадскім аўтобусе павялічылася амаль на 130%.

Атрымліваецца, што калі той жа Ігар Мароз ездзіў бы цяпер па білетах за 1 400 рублёў, то за месяц ён зэканоміў бы ўжо не 20, а 72 тысячы рублёў.

Калі б Ігар Мароз ездзіў у тым жа рэжыме цэлы год па цане 1400 рублёў за білет, то за год ён зэканоміў бы 864 тысячы рублёў. За гэтыя грошы можна набыць мікрахвалёўку ці велатрэнажор.

Праезд на электрычцы за год падаражэў удвая

Ад другога красавіка кошты на праезд на чыгунцы павысяцца ў сярэднім на 30%.

Дырэктар Маладзечанскага чыгуначнага вакзала Аляксандр Савачкін удакладніў, што сёлета гэта не апошняе павышэнне тарыфаў. Другое чакаецца напрыканцы лета.

− Праезд да Мінска будзе каштаваць каля 10 тысяч рублёў. І па іншых напрамках кошты вырастуць ненашмат, прыкладна ў 1,33 раза, − удакладнілі на чыгунцы.

На пачатку 2013 года да Мінска на электрычцы яшчэ можна было заехаць за 4920 рублёў. Сёння давядзецца заплаціць у два разы больш.

Ці шмат гэта?

Гіпатэтычна, калі маладзечанец Сяргей Мароз штодзень па буднях ездзіць у Мінск на працу, то цяпер у месяц ён аддасць на гэта 400 тысяч ад свайго заробку.

Летась на пачатку студзеня да першага павышэння ён аддаў бы каля 200 тысяч.

Атрымліваецца, калі б кошт сёння застаўся на ўзроўні 4920 рублёў, на праездзе ў год можна было зэканоміць 2,4 мільёна рублёў. А гэта ўжо тэлевізар з вадкакрысталічным экранам памерам 22 цалі альбо неблагі пыласос.

Калі мянялі цэны Якая цана стала (рублі) Якая цана папярэднічала (рублі)
 2 красавіка  9 840 (прыблізна)  7 400
 9 лістапада  7400  5740
 5 студзеня  5740  4920

Калі Сяргею Марозу давядзецца ў Мінску дабірацца да працы на метро, то трэба ўлічыць яшчэ і цяперашняе падвышэнне цэн на гэты від транспарту. Ад красавіка праезд падаражэў ад 3000 да 3700 рублёў.