Канферэнцыю прымеркавалі да 70-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Кіраўнік клуба “Пошук” Лідзія Князева ў прывітальным слове патлумачыла ўсім прысутным, што мэта гэтага мерапрыемства – раскрыць значэнне Вялікай Айчыннай вайны ў фарміраванні гістарычнай памяці народа. Зберагчы памяць аб самай крывавай вайне ў гісторыі праз дыялог розных пакаленняў: тых, хто прайшоў вайну, і тых, хто ведае пра вайну толькі па падручніках.
У гэты дзень сувязь і агульная справа розных пакаленняў была заўважаная, як ніколі. На мерапрыемстве прысутнічалі як вучні школы, так і запрошаныя госці: вайскоўцы вайсковай часці 01452, былая вязень лагера “Азарычы” Тамара Бычок і вязень канцлагера Галіна Жыгальская, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Іна Драпеза, кіраўнік маладзечанскага аддзялення Фонду міру Святлана Чыжыкава.
Праграма канферэнцыі ўвабрала ў сябе літаратурна-музычныя кампазіцыі, прагляд фрагментаў кінахронікі ваенных часоў і, зразумела, самі даклады па тэме Вялікай Айчыннай вайны.
І праз 70 год пасля вызвалення Беларусі памяць аб вайне нікога не пакідае абыякавым.
Вайскоўцы Іван Леўкавец і Павел Чэх нагадалі прысутным пра першыя дні вайны на тэрыторыі Беларусі, пра партызанскі і падпольны рух. Вучань 8 класа член клуба “Пошук” Аляксей Юр’еў распавёў пра лагер смерці, у якім загінула больш за 33 тысячы ваеннапалонных і мірных жыхароў, – “Шталаг-342”.
Васьмікласнік Аляксей Юр’еў пазнаёміў прысутных са сваёй працай па гісторыі “Шталага-342”.
Скончылася мерапрыемства ўскладаннем кветак да помніка “Шталаг-342”.