Слухаўкі, або навушнікі сёння – як другая пара вушэй. Аднак што хаваецца за гэтай сучаснай моднай гарнітурай? Якія наступствы яна за сабой цягне, колькі вымагае грошай і ці ёсць ад яе хоць нейкая карысць.

Шуму вакол нас становіцца ўсё больш. Але, не шкадуючы слых, мы часам яшчэ і самі бяром слухаўкі і гучна ўключаем музыку.

Максімальна дапушчальная для слыху чалавека гучнасць – 90 дэцыбел. Гэта адначасова і самая вялікая гучнасць музыкі ў слухаўках. Калі на гэта не зважаць, то можна вельмі хутка развіць глухаватасць з-за вялікай нагрузкі на слыхавы орган.

Гучная музыка – прычына звону ў вушах

– Высокая гучнасць можа стаць прычынай галавакружэння і звону ў вушах, – папярэджвае оталарынголаг паліклінікі №3 Людміла Гамолка. – Аднак на гэта моладзь не звяртае ўвагу.

Толькі адзінкі прыходзяць са скаргамі на слых, а праблемы астатніх выяўляюць на прафілактычных аглядах.

Для дзевяцікласніцы Лізаветы Высоцкай слухаўкі ўвогуле сталі часткай жыцця.

– Музыку толькі ў іх і слухаю, – распавядае дзяўчына. – Еду да бабулі ў Краснае – у слухаўках. У школу без іх нават і не выходжу, у аўтобусе – толькі ў іх. Нават малюю ў слухаўках, час ад часу ад прыгожай песні натхненне прыходзіць. Парады дактароў чула не раз, але да сябе іх не адношу. Слухаўкі – гэта модна. А моды трэба прытрымлівацца, каб не адставаць ад сучаснасці.

Якія слухаўкі найбольш шкодныя

Ёсць такія, якія ўстаўляюцца глыбока ў вушы. Іх гук нашмат больш якасны, чым у вялікіх, якія чапляюцца на галаву, таму што яго не забіваюць староннія шумы. Але менавіта такія найбольш шкодныя для нашага слыху.

– Даўжыня слыхавога праходу прыкладна 2,5 сантыметра. Падача гуку на такой адлегласці вельмі шкодная, бо ён з’яўляецца раздражняльнікам, што і вядзе да глухаты.

Калі мы проста размаўляем ці штосьці чуем, адлегласць значна большая ад крыніцы гуку да барабаннай перапонкі. Гэта звычайны стан слыху, – распавядае Людміла Гамолка.

Калі хтосьці не можа без музыкі ў вушах, доктарка раіць проста зменшыць гучнасць да 20–40 дэцыбел.

Слухаўкі – добрае вынаходства, але калі ўвесь час імі карыстацца, яны будуць негатыўна ўздзейнічаць на наш арганізм.

Таму часам, можа, усё ж варта адмовіцца ад іх, аддаўшы час іншаму расслабленню альбо проста ўспамінам аб прыемных момантах.

– Слухаўкі прылада добрая, але ў выключных выпадках, – лічыць навучэнка музкаледжа Ірына Макарэвіч. – Я імі карыстаюся вельмі рэдка, калі трэба паслухаць музыку па музычнай літаратуры, каб не перашкаджаць тым, хто побач. Чаму? Па-першае, псуецца слых. А па-другое, на дарозе ці чыгунцы можна не пачуць гукавыя сігналы і трапіць у аварыю.

Кошт такой прылады сёння вагаецца ад 25 да 500 тысяч рублёў. І кожны сам выбірае, колькі грошай аддаць за сапсаваны слых, калі слухаўкі для яго – штодзённы бесперапынны 90-дэцыбельны канцэрт.