Выстава “Іосіф Гашкевіч – дыпламат, вучоны-арыенталіст” з 20 сакавіка пачалася  ў Нацыянальным гістарычным музеі Беларусі. Прысвечаная яна 200-годдзю з дня нараджэння славутага земляка.

У адкрыцці выставы ўдзельнічаў пасол Японіі ў Беларусі Сігэхіра Міморы.

Іосіф Гашкевіч – ураджэнец Беларусі, дыпламат, мовазнавец, даследчык Японіі і Кітая, натураліст, першы расійскі консул у Японіі, аўтар першага японска-рускага слоўніка.  

Па вяртанні з Японіі ён служыў у Азіяцкім дэпартаменце Міністэрства замежных спраў Расіі, а ў 1867 годзе вярнуўся ў Беларусь, набыў маёнтак Малі на Астравеччыне. Тут працаваў над кнігай “Аб каранях японскай мовы”, якая была выдадзена пасля яго смерці. У вёсцы Малі ў яго гонар усталяваны памятны знак, у Астраўцы – бюст.

Згодна з рашэннем 37-й сесіі Генеральнай канферэнцыі ЮНЕСКА, двухсотгадовы юбілей з дня нараджэння Гашкевіча афіцыйна ўключаны ў каляндар памятных дат ЮНЕСКА на 2014-2015 гады.