− Проста да старту ў Пінску я рыхтаваўся цэлы год, гэта быў галоўны старт гэтага года. І я вельмі задаволены тым, што перамог.
− А першы старт, першую перамогу памятаеш?
− Я нават і першы дзень у плаванні памятаю. 10 сакавіка, роўна 5 гадоў таму, пасля заняткаў у басейне ў 14 школе, дзе я тады вучыўся, мяне паказалі маім трэнерам, сказалі, што ў мяне ёсць здольнасці. Вось з таго дня іншага лёсу сабе не ўяўляю. А першы мой п’едэстал быў у Вілейцы. Тады я стаў трэцім у стылі брасам на 50 метраў. Як такое забудзеш?
Аляксандр Галоўскі на верхняй прыступцы п’едэстала. Полацк 2014.
− Плаванне шмат часу забірае?
− Дзве трэніроўкі па дзве гадзіны штодзённа. Гэта мінімум. Больш ні на што часу не застаецца. Я прыходжу з басейна і адразу кладуся спаць.
− А вучоба? Плаванне вучобе не перашкаджае?
− Вучоба перашкаджае плаванню. Я вучуся ў школе алімпійскага рэзерву, выкладчыкі разумеюць, канешне, што мы ўсе спартсмены, што ў нас спаборніцтвы. Бывае, я месяцамі ў горадзе не бываю. Вось з Мюнхена я адразу паехаў у Пінск, праз тыдзень зноў на спаборніцтвы ў Брэст.
− Раскажы пра спаборніцтвы ў Германіі, гэта першая паездка за мяжу?
− Не першая, да гэтага ездзіў у Польшчу.
Спаборніцтвы называліся HEAD trophy cup. Гэта даволі вядомыя спаборніцтвы ў Германіі. У ім удзельнічалі 174 спартсмены з 12 краін.
У сваёй узроставай групе я перамог. А сярод усіх узростаў увайшоў у фінал. А гэта восем мацнейшых спартсменаў з 174.
Нас у фінале было сем немцаў і я. Я тут заняў шостае месца. Цяжка перамагаць, калі ты спаборнічаеш з самім Маркусам Дэблерам, вельмі знакамітым нямецкім плыўцом.
− Чым адрозніваюцца еўрапейскія школы плавання ад беларускіх?
− Мяне здзівіла, што еўрапейскія школы (і італьянская, і нямецкая, і партугальская) накіраваныя больш на дарослых спартсменаў. Яны юніёрам надаюць менш увагі. Самаму малодшаму спартсмену там было 20 гадоў, а мне толькі 15.
Можа, таму ў нас вынікі не вельмі, што беларусы з дзяцінства прывучаныя працаваць як дарослыя?
А яшчэ там у басейне вельмі халодная вада. Я сёння першы раз за доўгі час прыйшоў на трэніроўку ў наш гарадскі басейн, і мне тут горача. У нашым басейне вада неспартыўная.
− Ты сказаў, што паставіў рэкорд у музеі БМВ. Як гэта?
− Нічога звышнатуральнага. У Мюнхене мы з сябрам паміж заплывамі пайшлі ў музей. Там ёсць спецыяльны трэнажор-машынка. Садзішся ў яе і на віртуальнай трасе збіраеш бонусы. Калі парушаеш правілы, бонусы адбіраюцца. Вось там я і паставіў рэкорд дня.
− Не згубіліся ў Мюнхене, не валодаючы мовай?
− Размаўлялі на ламанай англійскай мове. У прынцыпе, нас разумелі.
− А ў плаванні якія рэкорды ставіш?
− Я пакуль далёка не загадваю. Я і так у свае 15 уваходжу ў Нацыянальную зборную. У наступным годзе буду адбірацца на чэмпіянат Еўропы. Летам, калі пашанцуе, стану майстрам спорту. Мае трэнеры Людміла Гілевіч і Алена Руткоўская вучаць мяне быць сабраным: і перад стартам, і ў спорце ўвогуле. Таму ўсё ідзе сваёй чаргой.