Дэтэктыў з трагічнай канцоўкай разыграўся на хутары Алянец на Смаргоншчыне ў сакавіку.

Пра гэта “Рэгіянальнай газеце” расказаў начальнік Смаргонскага райаддзела Следчага камітэта Андрэй Рэзін.

Адным з сакавіцкіх вечароў 54-гадовы жыхар Смаргонскага раёна запрасіў знаёмую жанчыну да сябе ў госці на хутар Алянец. Ідылію веснавога вечара перарваў гук пад’язджаючай машыны. Як потым высветлілася, у машыне знаходзіліся чацвёра няпрошаных гасцей. Мужчына прыслухаўся.

Раптам у дзверы пагрукалі. “Адчыняй дзверы, нягоднік! Вярні нам нашу жанчыну!” − пачуўся голас з-за дзвярэй.

Жыхар хутара адказаў, што нікога, акрамя яго, у доме няма. І калі звонку не перастануць выломліваць дзверы, ён выкліча міліцыю. Але мабільная сувязь на хутары дала збой, мабільны тэлефон гаспадара не змог злавіць сетку. Тады мужчына ўзяў паляўнічую стрэльбу, што была ў доме, і зрабіў папераджальны стрэл у паветра. Вырашыўшы, што начныя візіцёры спалохаліся і рэціраваліся, гаспадар выйшаў на двор. Там ён зрабіў яшчэ адзін стрэл наўпрост у цемру і вярнуўся ў дом.

У доме яго чакалі двое з няпрошаных гасцей, паміж мужчынамі завязалася бойка.

У гэтай бойцы 54-гадовы гаспадар атрымаў траўму твару і пералом рабрын. Перамагаючы боль, ён знайшоў у сабе сілы і скарыстаўся ружжом трэці раз. Мужчына выстраліў і трапіў аднаму з нападаючых у сцягно. І, перапужаўшыся сам, адразу пачаў аказваць першую дапамогу пацярпеламу. Пасля гэтага сам выклікаў “хуткую дапамогу” і міліцыю (тэлефон ужо працаваў).

На наступны дзень пацярпелы, ім аказаўся 28-гадовы жыхар Маладзечанскага раёна, памёр у бальніцы. Яго раненне аказалася вельмі сур’ёзным і цяжкім.

Па факце забойства пры перавышэнні межаў самаабароны заведзеная крымінальная справа. У цяперашні час высвятляюцца матывы і абставіны дадзенай справы. Кропку ў гэтым паставіць толькі суд. Па папярэдняй інфармацыі, нападаючыя шукалі на хутары жанчыну, якая была павінна ім нейкія дакументы.

− Мараль гэтай гісторыі ў тым, − падвёў рысу ў размове Андрэй Рэзін, − што не трэба гуляць у бандытаў і раз’язджаць па незнаёмых хутарах, нават калі вы гэта робіце з-за жанчыны.