Шмат гадоў таму, калі дзеці не ведалі, што такое айфон, айпад і Джасцін Бібер, настаўнік гісторыі СШ№11 Віктар Жук сплёў кальчугу.

Рабіў ён яе яшчэ ў юнацтве са зварачнага дроту доўга і ўпарта цягам цэлага года. Потым захапленне гісторыяй перарасло ў прафесію.

Ужо 10 гадоў Віктар займаецца ваенна-гістарычнай рэканструкцыяй, з’яўляецца ўдзельнікам гістарычнага руху і членам клуба “Тун”, які займаецца рэканструкцыяй швейцарскай пяхоты XIV-XV стагоддзяў.

“Сярэднявечны воін” мае свае даспехі, касцюмы і зброю. Штогод ён прымае ўдзел у розных мерапрыемствах міжнароднага фармату, гістарычных фестывалях, пастановачных і масавых бітвах.

У сям’і Віктара Эдуардавіча шмат гісторыкаў: сястра – кандыдат гістарычных навук, этнолаг, а яе муж – доктар асірыялогіі (навука, якая вывучае мовы, пісьменства, культуру і гісторыю Асірыі, Вавілоніі і Месапатаміі).

– Мой лепшы сябар – малодшы навуковы супрацоўнік Акадэміі навук, археолаг Яўген Уласавец. Дзякуючы яму я трапіў на раскопкі старажытных гістарычных месцаў, – з захапленнем распавядае настаўнік. – Вы не ўяўляеце, якія пачуцці адольваюць, калі ўласнымі рукамі датыкаешся да гісторыі, знайшоўшы ў зямлі парэшткі нашых продкаў!

Віктар Эдуардавіч – малады педагог, які працуе ў школе толькі два з паловай гады. Але ён не лічыць гэта недахопам, а, наадварот, перавагай:

– Я ведаю, якую музыку слухаюць мае вучні, якія фільмы яны глядзяць, чым яны дыхаюць, інакш кажучы. Як і многія хлапчукі, люблю гуляць у футбол. Трымаю сувязі са сваімі падапечнымі ў сацыяльных сетках.

Усё гэта дапамагае мне знайсці агульную мову з вучнямі, у гэтым і ёсць мой прафесійны сакрэт.

Віктар Эдуардавіч лічыць, што сучасны настаўнік павінен быць адданы справе, якой ён займаецца, а яшчэ – камунікабельным, крэатыўным, мабільным, крочыць у нагу з часам. Усе гэтыя рысы характару дапамаглі маладому педагогу стаць нядаўна пераможцам абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года”, дзе ён паўстаў у вобразе “сярэднявечнага воіна”, годна прадставіў свой досвед у творчым этапе, падчас адкрытых ўрокаў і майстар-класаў.

– Такога выніку дамагчыся не здолеў бы без дапамогі творчай групы настаўнікаў нашай кафедры на чале з намеснікам дырэктара Галінай Пішчык, – з удзячнасцю адзначае педагог.

– Вы ўбачылі што-небудзь новае ў сваіх калегаў, якія ўдзельнічалі ў конкурсе?

– Безумоўна. Мне даводзілася ўдзельнічаць з імі ў розных конкурсных мерапрыемствах. Паколькі я прысутнічаў амаль на ўсіх міні-ўроках сваіх калегаў, то запазычыў для сябе шмат новых ідэй і знаходак.

У хуткім часе яны сапраўды спатрэбяцца педагогу. Наперадзе ў яго – фінал рэспубліканскага конкурсу.