Івянец вядомы сваёй керамікай і цукеркамі “Кароўка”, і гэта ні для каго не сакрэт. Нам жа Івянец адкрыўся з зусім іншага боку. Гэта мястэчка з багатай гісторыяй, дзе ў пашане традыцыі і дзе жывуць сапраўдныя творцы.
Вандроўка па гэтым старажытным мястэчку пачалася з плошчы, дзе працуе невялікая крама, але, як і ва ўсіх правінцыйных крамах, там усё, што можа спатрэбіцца шараговаму пакупніку да стала ці на перакус.
Тут і знакамітая івянецкая “Кароўка”, якая стала брэндам гэтага мястэчка. Хаця прадавачка набываць яе не параіла, адправіла на фабрыку, сказала, там яны нашмат свяжэйшыя.
У цэнтры мястэчка. Фота Аляксандра МАНЦЭВІЧА.
Адсутнасць грамадскага транспарту – не праблема, калі ёсць ровар ці конь. Фота Настассі РОЎДЫ.
Падысці бліжэй кот не захацеў. Фота Настассі РОЎДЫ.
Конь як мядзведзь
Не пашчасціла нам паласавацца візітнымі івянецкімі прысмакамі, вырашылі адабедаць у мясцовай кавярні. Але рана паспадзяваліся.
Абышлі кавярню з усіх бакоў – замкі вісяць свірнавыя. І хоць акно было адчыненае, ламацца ў дзверы не сталі. Так і засталося для нас таямніцай, ці то кавярню зачынілі на абед, бо мы якраз і былі там удзень, ці то зусім яна цяпер не працуе.
– Глядзі, Буян, нас фатаграфуюць, – звяртаецца мясцовы жыхар да свайго каня, убачыўшы нас з фотаапаратамі.
– Конь у мяне і праўда прыгожы, калматы як мядзведзь, – у бок нас кідае дзядзька Стась.
Станіслаў Янушэвіч і яго конь Буян. Фота Настассі РОЎДЫ.
Дзядзька Стась расказвае пра каня Буяна. Фота Аляксандра МАНЦЭВІЧА.
Ужо ў размове з ім мы высветлілі, што Станіслаў Янушэвіч пераехаў сюды яшчэ ў 1998 годзе з суседняй Стаўбцоўшчыны. Тады, 15 гадоў таму, у адным канцы Івянца было ажно 56 кароў, не было дзе навязаць каня. Цяпер, па словах івянчаніна, тут каровы няма ніводнай, бур’яном усё зарасло. А сам гаспадар мае козачку.
Сёння ва ўсім мястэчку ўсяго пяць коней. Адзін з іх – той самы прыгажун Буян.
– Ужо больш за 30 гадкоў мае, – пахваліўся дзядзька Стась. – Але ўсё яшчэ буян.
На ім ён раней малако ў садок вазіў. Цяпер малако ў дзіцячы садок прывозяць з Валожына, а конік працуе “па патрэбе”.
Кінаафіша як даведнік мясцовага жыхара
Тут наша ўвага пераключылася на івянчанку на жалезным кані. Яна прыпыніла свой ровар побач з афішай і пачала ўглядацца з задуменным тварам.
Што ж яе туды прыцягнула? Мы пераглянуліся і накіраваліся да дошкі з гучнай назвай, напісанай вялікімі сінімі літарамі, “КІНААФІША”.
Мясцовая жыхарка праглядае інфармацыю на кінаафішы. Фота Аляксандра МАНЦЭВІЧА.
Кінаафіша. Фота Аляксандра МАНЦЭВІЧА.
1. Кіно “Кур’ер з “Раю” будзе 7, 8 красавіка а 20-й гадзіне. Час напісаны быў на паперы чырвоным маркерам ад рукі невядомым кінааматарам. Дарэчы, кошт білета ў кіно – 15 тысяч.
І гэта адзіная афіша, якая тычылася самога кіно.
2. Побач з афішай – аб’ява-таямніца. Бо нехта, не абазначыўшы сябе, запрашаў крэатыўных і творчых жыхароў Івянца праявіць свой унутраны творчы патанцЫВал. Тых, хто спявае ці малюе, арганізатар запрашаў акунуцца ў старасвецкае жыццё.
3. Наступная аб’ява была прывітаннем з Маладзечна. Івянчан запрашалі наведаць 17 красавіка сур’ёзную камедыю “Нязваны госць” у пастаноўцы Мінскага абласнога драмтэатра.
4. Іншая інфармацыя на кінаафішы тычылася прыватных аб’яў: хтосьці прадаваў машыну, хтосьці – камп’ютар, а хтосьці запрашаў на працу – прадаваць лічбавую тэхніку. Удакладнялася, што ўключаны поўны сацпакет і заробак ад 1 мільёна 660 тысяч рублёў.
Ганчар – дырыжор, які кіруе глінай
У мястэчку працуе завод мастацкай керамікі. І традыцыі ганчарства тут жывуць ад 17 стагоддзя.
Вядома, што не наведаць гэта месца мы не маглі. І з мінулага панядзелка пачалі тэлефанаваць на завод, каб дамовіцца з яго кіраўніком аб сустрэчы. Але ў панядзелак нам адказалі, што дырэктар у Мінску, у аўторак, што ён паехаў у раён на пасяджэнне, у сераду сказалі, што ён недзе на заводзе, але не ў кабінеце. У чацвер трубку ўвогуле ніхто не зняў.
На сваю рызыку мы вырашылі заспець кіраўніка на месцы, але ў кабінеце была толькі сакратарка. Яна выйшла з кабінета, каб пашукаць дырэктара, але вярнулася адна і сказала, што ён зноў некуды ад’ехаў.
Мясцовыя жыхары нам расказалі, што былой славы керамічнага завода ўжо няма, дырэктар прыязджае на працу са сталіцы, а здольныя ганчары і керамісты сышлі і працуюць самастойна. Некаторыя ўжо і вучняў сваіх маюць.
У Івянцы сёння працуе сем прыватных майстэрняў, ганчарных і керамічных. Мы пагутарылі з ганчаром Алегам Капустам, які больш за 20 гадоў прысвяціў гэтай справе.
Калі майстар не ўмее прымацоўваць ручку,ён свае вырабы называе гладышамі. У ганчара Алега Капусты атрымоўваюцца выдатныя збаны з ручкамі. Фота Настассі РОЎДЫ.
– Ганчарства вельмі цікавае і даступнае. Па складанасці яго можна параўнаць з працай дырыжора. Калі я штосьці не так зраблю, выраб не атрымаецца. Справа мне падабаецца, у ёй няма манатоннасці, шаблоннасці. Са звычайнага кавалка гліны можна зрабіць штосьці прыгожае. Галоўнае – мець вобразнае мысленне. Калі ты сапраўдны майстра – кожны выраб будзе асаблівы. Гліна прыцягвае; чым бы я ні займаўся, заўсёды да яе вяртаюся, – дзеліцца з намі івянецкі майстра.
Якасць свайго тавару спадар Алег гарантуе. Сам карыстаецца ім у сваёй гаспадарцы і ў любы час можа прадэманстраваць вырабы на справе.
Раней, каб навучыцца ганчарству, давалі паўгода. Сёння з дапамогай майстра можна навучыцца і за месяц. Але зрабіць штосьці атрымаецца і за дзень, вядома, калі ёсць каму назіраць за вашай працай.
Спадар Алег распавёў нам і пра няпросты шлях ператварэння гліны ў мастацкі выраб.
– Раней гліну бралі ў кар’еры. Прычым не зверху, а трэба было выкапаць яміну метры ў два глыбінёй і ўзяць адтуль. Потым яе прыносілі дамоў і разводзілі вадой да стану малака. Гліну абавязкова трэба было ачысціць ад каменьчыкаў і каранёў. Пасля яе вылівалі ў драўляныя калодкі, якія паглыналі лішкі вадкасці. За гэтым гліну валкавалі, гэта значыць, камячылі і рабілі клёцак, з якога можна было ляпіць выраб.
Сёння ўжо падрыхтаваную гліну можна проста набыць. Сам выраб лепіцца хутка. Нават вялікі збан можна зрабіць за 15-20 хвілін. Потым ідзе працэс сушкі, гадзіны дзве ці тры. Затым збан замываюць губкай і раўняюць дно.
Некалькі дзён трэба пачакаць, пакуль выраб цалкам высахне. Інакш ён проста лопне ў печы.
– Аднак калі няма натхнення, то многа не наробіш, – адзначае Алег Капуста. – Я ж займаюся гэтым амаль штодзень, і кожны мой выраб знаходзіць свайго пакупніка.
У ганчарні. Фота Аляксандра МАНЦЭВІЧА.
Фота Аляксандра МАНЦЭВІЧА.
Фота Настассі РОЎДЫ.
Знаёмства з Івянцом працягнецца праз тыдзень
У наступным нумары мы пазнаёмім вас з Алегам Раманоўскім, які адрадзіў у Івянцы гліняную цацку, самастойна перайменаваў школу і 15 гадоў быў дырэктарам музея.
Разам з цяперашняй дырэктаркай музея Валянцінай Адамовіч зазірнём у залы музея.
Наведаем мы і самы незвычайны дом у Івянцы, з драўлянымі балванамі. І раскажам вам, чаму гэты дом і ёсць сапраўдны “Пуп зямлі”.