З пнеўматычнага пісталета па мужчыне стралялі ў горадзе 7 красавіка.

Пачалося ўсё з сустрэчы двух жыхароў вёскі Людвінова. Убачыліся яны на аўтавакзале ў Вілейцы. У чаканні аўтобуса выпілі піва.

На апошні аўтобус спазніліся. І каля васьмі гадзін вечара вырашылі ісці на выхад з горада. Там меркавалі злавіць спадарожную машыну, каб усё ж дабрацца ў вёску.

Адзін з хлопцаў, які “прыняў на грудзі” больш, на нагах трымаўся з цяжкасцю і падаў. А другі яму дапамагаў, падымаў.

Насустрач ішоў 58-гадовы віляйчанін. Убачыў незайздроснае становішча вяскоўца, падышоў да сяброў і прапанаваў выклікаць “хуткую дапамогу”.

Але адказ хлопца (таго, што быў цверазейшы) быў нечаканы. Ён дастаў пнеўматычны пісталет і двойчы стрэліў ў мужчыну з адлегласці каля двух метраў. Адзін металічны шарык трапіў віляйчаніну ў падбародак, а другі – у патыліцу.

У выніку мужчына атрымаў лёгкія цялесныя пашкоджанні. А незадачлівага стралка хутка затрымалі супрацоўнікі міліцыі.

У дачыненні да яго ўзбудзілі крымінальную справу за хуліганства, здзейсненае з прымяненнем зброі. Са слоў 21-гадовага хлопца, пнеўматычны пісталет ён набыў на рынку ў Ждановічах.

Расказаў пра гэта здарэнне начальнік Вілейскага раённага аддзела Следчага камітэта Мікалай Раманчук.