Летась у Ірыны Калбун такі вялізны гарбуз вырас, што два мужыкі ледзьве ўнеслі ў хату. Сёлета яна чакае такога ж удалага ўраджаю.

Жыхарцы вёскі Сваткі на Мя­дзельшчыне Ірыне Калбун 70 год. Узрост ужо паважны ды і здароўе падводзіць, але агародам займацца яна не кідае.

– Таму што люблю гэту справу, люблю працаваць на зямлі, – кажа яна. – Як жа інакш? У дзяцінстве бацькам дапамагала. Як замуж выйшла, у сваім агаро­дзе стала працаваць. І нічога страшнага, што гады ідуць. Ды і дачка з зяцем дапамагаюць.

Вырошчвае Ірына Уладзіміраўна памідоры, перцы, агуркі, цыбулю, гарбузы, кабачкі, часнок, капусту, буракі… А яшчэ радуюць вока кветкі, розныя ягады пасаджаныя: маліна, каліна, суніцы, ажына, буякі ды іншыя.

Ладны ўчастак ля хаты мае, ёсць дзе размахнуцца. Толькі жаданне каб было. А яно не знікае.

– Хачу, каб усё сваё было. Гэта ж здаровы прадукт, без аніякай хіміі. Летам свежае можаш есці, зімой – кансерваванае, – дзеліцца яна.

Стараецца жанчына і насенне новае са сталіцы выпісаць. Ёсць і свае дасягненні ў агародніцтве. Летась такі вялізны гарбуз вырас, што два мужыкі ледзьве ўнеслі ў хату.

– Хоць на выставу яго адпраўляй, – усміхаецца Ірына Калбун.

І цяпер яна рыхтуецца да сезона: вырошчвае расаду памідораў, перцу. Каб зноўку быць са сваім ураджаем.