У Мядзел з розных куткоў раёна прыбылі восем сем’яў. Сярод іх самыя багатыя на дзяцей – Скробуты, мама з татам выхоўваюць сем нашчадкаў.

Адразу ўдзельнікі конкурсу паказалі мультымедыйную прэзентацыю пра сябе, са сцэны расказвалі пра сямейныя традыцыі і поспехі ў выхаванні дзяцей. Рабілі гэта і ў песнях, і ў вершах. Напрыклад, упэўнівалі, што “мы не секта, мы не банда, мы сямейная каманда”. А гледачы, вядома, перажывалі за ўдзельнікаў, а хто і стараўся угадаць: “ці гэта двайняткі на сцэне, ці пагодкі?”.

Таксама сем’і прапагандавалі здаровы лад жыцця. У іншай зале можна было ацаніць іх захапленні: тут наладзілі выставу з розных вырабаў, малюнкаў, кулінарных шэдэўраў. І майстар-класы удзельнікі праводзілі.

 

Знаёмства з выставай сям'і Гайковічаў

Знаёмства з выставай сям’і Гайковічаў

У выніку першае месца ў конкурсе заняла сям’я Масцяніцаў з вёскі Камарова. Яны прымуць удзел у падобным абласным конкурсе. На другім месцы – Грышкевічы з Княгініна, на трэцім – Янкоўскія, якія прадстаўлялі Нарацкі савет.

Не засталіся без падарункаў і іншыя сем’і.

А некаторых  яшчэ дадатковыя сюрпрызы чакалі. Павіншавалі Крысціну Скробут і Наталлю Грышкевіч, якія ў пачатку красавіка адсвяткавалі дні нараджэнні. А яшчэ сем’і Скробутаў і Грышкевічаў чакалі віншаванні з нагоды юбілеяў іх сямейнага жыцця.