Ірына ні на хвіліну не сумняецца ў тым, што вырошчваць свае памідоры выгадна. Аднак палічым, ці сапраўды гэта так.
Расходы на вырошчванне могуць быць розныя. Залежыць гэта ад таго, што мае гаспадар.
Насенне
У нашай суразмоўцы яно пераважна сваё.
Калі ж трэба набываць, то пакецік каштуе ад трох тысяч рублёў. У кожным – па 50 штук, а гібрыдных, з пазнакай F1, можа быць і па 10-20 штук.
Цяпліца
Калі жадаеце мець раннія памідоры, то без цяпліцы не абысціся.
Нашай суразмоўцы цяпліцу зрабіў муж з пластыкавых бутэлек, год шэсць вытрымлівае. Так што тут расходаў ніякіх.
Але камусьці трэба купляць плёнку на цяпліцу – пяць метраў плёнкі раз на пару гадоў. Каштуе яна тысяч 10-11 за метр.
Расада
У нашым выпадку на яе траціцца не даводзіцца: гаспадыня вырошчвае расаду сама.
Інакш трэба ісці на базар. Летась у Вілейцы расада таматаў адразу каштавала каля трох тысяч рублёў, а ў канцы сезона – 700 рублёў.
Каб засадзіць цяпліцу пяць на чатыры метры, у гаспадыні ідзе 100 каліў. Возьмем найбольш масавую леташнюю цану за каліва – 2 тысячы. Тады таму, хто не паклапаціўся пра сваю расаду, давядзецца выкласці ў сярэднім тысяч па 200.
Паліў
Памідоры любяць, калі іх паліваюць рэдка, але шчодра. У нашай гаспадыні вада на гэтыя мэты ідзе з калодзежа.
А калі б плаціць, то прыкінула, што за яе давялося б прыкладна тысяч 30 аддаць за сезон.
Догляд
У перыяд цвіцення нашы гаспадары льюць пад калівы растворы ёду і борнай кіслаты, ад фітафторы апырскваюць настоем часнаку. Падкормліваюць попелам з лазні. Так што, тут іх выдаткі сімвалічныя.
А наконт хіміі… “Лепш без яе, хіміі і на базары хапае”, – усміхаецца Ірына.
Вынікі
З сярэдзіны чэрвеня наша віляйчанка можа збіраць раннія памідоры. І так да восені. З куста можа атрымаць каля шасці кілаграмаў памідораў. А каторы, у цяні, і тры можа даць. Прыкінула, што кілаграм 400 памідораў з такой цяпліцы можна займець.
Летась, згодна з коштамі, якія прыводзіла “Рэгіянальная газета”, на базары ў Маладзечне кілаграм памідораў ў сярэдзіне чэрвеня каштаваў 15 тысяч рублёў, у канцы жніўня цана зніжалася да 5500. Палічым хаця б па сярэдняй цане – каля дзесяці тысяч.
То калі б прадавала памідоры, на гэтым кавалку зямлі наша гаспадыня магла б зарабіць каля чатырох мільёнаў рублёў. Расходаў яе амаль не было – усё сваё.
Цяпер палічым выпадак, калі б давялося за ўсё плаціць: расаду, плёнку, ваду…
То расходаў набяжыць больш за 250 тысяч.
Так, мы не ўлічылі сваю працу – бо яе тут хапае. Але хто калі ў нас яе браў пад увагу?! Тым больш, што самы галоўны аргумент на карысць вырошчвання сваіх памідораў, не нейкая выгада:
– Свой памідор, ён у тысячу разоў лепшы. Смачны, салодкі, без ніякай хіміі, – даводзіць Ірына. – А прывазны… Ты ж не ведаеш, як яго расцілі.
І ў 70 год жыхарка Мядзельшчыны не кідае свайго агарода і ўжо рыхтуе расаду