Экспрэс-апытанне ў Маладзечне.
Ганна Матошка, вахцёр:
– Вядома, гэта добра. На мой погляд, кожны беларус павінен ведаць і ўжываць мову, а не трасянку. Калі будуць такія заняткі і вольны час, з вялікім задавальненнем наведаю, бо вельмі цікава, колькі там будзе людзей, і ўвогуле паслухаць чыстую беларускую мову.
Ларыса Язневіч, выхавальніца:
– Сапраўды было б класна, калі б з’явілася такая магчымасць. Сама я размаўляю на рускай мове, але калі са мной пачынаюць гутарыць на беларускай, то я з задавальненнем працягваю размову на роднай мове. Калі будзе вольны час, то, вядома, наведаю такое цікавае мерапрыемства.
Мікіта Трапяшчонак, слесар-рамонтнік:
– Чаму б і не, калі чалавек не ведае мовы, то хай вывучае і карыстаецца ёй усюды. Я сам добра валодаю мовай.
Таццяна Васілевіч, педагог:
– Супраць, адразу кажу, не была б, бо да мовы стаўлюся з вялікай павагай. Будзе добра таму, хто хоча вывучыць. Сама не пайшла б, а кагосьці з дзяцей абавязкова адправіла б.
Віялета Варановіч, навучэнка політэхнічнага каледжа:
– Мову вельмі паважаю, але размаўляю, на жаль, у рэдкіх выпадках. Канешне, калі будзе такая магчымасць, то адразу пайду. Цікава пагутарыць з рознымі людзьмі, тым больш на роднай мове.
Настасся Кароль, навучэнка музкаледжа:
– Вельмі падабаецца беларуская мова, але карыстаюся ёй рэдка. Калі будзе магчымасць падцягнуць родную мову, то абавязкова пайду. А яшчэ цікава падлічыць, колькі вытрымаю па часе без рускага слова.
Таццяна Палуян, вучаніца чатырнаццатай школы:
– Наша мова вельмі прыгожая і мілагучная. Мне былі б вельмі цікавыя такія курсы. Скажу, што адразу наведаю іх, калі яны з’явяцца.