Пачнём з таго, што бег – самы танны від спорту. Ён не патрабуе спе­цыяльна абсталяваных спартыўных пляцовак, не патрабуе дарагой спартыўнай амуніцыі, як, напрыклад, у тым жа хакеі ці фехтаванні.

Каб быць здаровым і спартыўным,  дастаткова мець усяго пару красовак, спартыўны касцюм і жаданне займацца спортам. У якасці прабежкі падыдзе любое месца на свежым паветры: паркі і лясныя сцяжынкі, двары ў вашых жылых раёнах, спартыўныя пляцоўкі, школьныя стадыёны.

Засталося заручыцца падтрымкай прафе­сія­налаў, і − наперад, насустрач ветру.

Доктар-рэабілітолаг Вольга Кулік дала свае парады тым, хто толькі пачынае займацца бегам.

1. Бегаць лепш па вечарах за некалькі га­дзін да сну. Ён дапамагае хутчэй справіцца са стрэсам і стомленасцю, якія назапасіліся за дзень.  Раніцай жа, адразу пасля сну, кідацца ў такую вялікую фізічную нагрузку нельга, гэта вялікі стрэс для вашага арганізма.

2. Аптымальны час для заняткаў бегам з 17.00 да 20.00

3. Паміж прыёмам ежы і бегам павінна прайсці дзве гадзіны. Інакш кажучы, ешце за дзве гадзіны да трэніроўкі ці пасля трэніроўкі засячыце дзве гадзіны і толькі потым накіроўваецеся да халадзільніка.

4. Перад бегам пажадана зрабіць размінку і пахадзіць у павольным тэмпе 10-15 хвілін. Памятайце, што эфектыў­насць бегу не залежыць ад яго хуткасці. Не спяшайцеся.

5. Пасля трэніроўкі не піце адразу ваду. Дайце арганізму прыйсці ў належны стан.

6. Не лішнім будзе параіцца з вашым доктарам, ці дазволеныя вам фізічныя нагрузкі. Памятайце вядомы выраз: што занадта, то не на карысць.

Гарадскі стадыён працуе да апошняга кліента

Размова з дырэктарам  стадыёна Аляксеем Язневічам пачалася з пытання суразмоўцы:

− Як, вы да гэтага не ведаеце, што наш стадыён працуе амаль круглыя суткі? Вартаўнікі адчыняюць вароты а шостай гадзіне раніцы, а зачыняюць толькі тады, калі стадыён пакіне апошні “бягун”. Бывае, што апошні чалавек пакідае яго далёка за поўнач.

− Колькі чалавек бывае на стадыёне штодзённа?

− Мы вядзём асобны журнал, каб сачыць за колькасцю наведнікаў. Здараецца, што за дзень каля ста чалавек прыходзіць на стадыён, каб паклапаціцца пра сваё здароўе.

− Што за людзі наведваюць стадыён?

− Людзі абсалютна розныя, незалежна ад узросту, полу ці фізічнага стану. У нас бегаюць і мамы з дзецьмі, і сапраў­дныя спартсмены, і закаханыя пары. Вось адна з такіх пар прыходзіць амаль штодзень на стадыён пасля 11 гадзін вечара.

Бег – лепшы сродак ад усіх захворванняў

Трэнер Леанід Арцем'еў з вучаніцай Аленай Трацьяковай: не ператварайце бег у абавязак. Займайцеся ім з задавальненнем.

Трэнер Леанід Арцем’еў з вучаніцай Аленай Трацьяковай: не ператварайце бег у абавязак. Займайцеся ім з задавальненнем.

Да парадаў трэнера па лёгкай атлетыцы дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы з 36-гадовым стажам Леаніда Арцем’­ева варта прыслухацца:

− У бегу ёсць галоўная перавага перад іншымі відамі спорту – трэніроў­кі на свежым паветры. Нават карысным плаваннем займаюцца ў хлорцы. А калі бегчы  пасля навальніцы, проста не можаш надыхацца кіслародам. І тое, што бег лечыць ад захворванняў, не проста словы.

Калі бегаеш пастаянна, кроў пульсуе, насычаецца кіслародам, ад гэтага сасуды становяцца эластычнымі, кроў па арганізме пераносіцца хутчэй, ёй нішто не перашкаджае. Ад гэтага і здаровы знешні выгляд, і моцнае сэрца, і цудоўная фізічная форма. Аднак, каб пахудзець, не трэба спадзявацца на адзін бег.

Да трэніровак трэба дадаць правільны рэжым сну і харчавання. Бег па гарыстай мясцовасці будзе больш эфектыўны, чым па роўным стадыёне. І не забывайцеся мяняць тэмп бегу, каб бачыць прагрэс у трэніроўках.

Эфектыўная трэніроўка па бегу выглядае так: размінка, 10-15 хвілін павольнай хады, 10-15 хвілін бегу, і зноў пахадзіць, каб прывесці дыханне ў норму. Трэніроўка павінна доўжыцца не менш за паўгадзіны.

Спартсменка член Нацыянальнай зборнай Беларусі па лёгкай атлетыцы Алена Трацьякова, вучаніца Леаніда Арцем’ева, дала свае парады тым, хто яшчэ вагаецца, выходзіць на бегавую дарожку ці не.

− Каб кожны забег быў у радасць, не ўспрымайце гэта як абавязак. Бяжыце ў сваё задавальненне. Бегайце ў тым тэмпе, які падабаецца вам, у той час дня, калі вы гатовыя бегаць. Калі я пачынала займацца спортам, маім кумірам была Дар’я Домрачава. Мне вельмі хацелася бегаць на лыжах, як яна. Але так атрымалася, што бегаю я без лыжаў і ні на кроплю аб гэтым не шкадую.

І яшчэ, у старажытным Алімпе дзве з паловай тысячы гадоў таму назад было напісана: “Калі хочаш быць дужым − бегай, хочаш быць прыгожым − бегай, хочаш быць разумным – бегай”. Пачнём з панядзелка?