У рэдакцыю звярнулася жыхарка вёскі Асіпавічы. Яе праблема старая як свет – смецце.

− Ваяваць за чысціню ля свайго дома я пачала яшчэ ў лютым, − кажа Інга Гісіч, − тады ў ЖКГ мне адказалі, што да сметніцы ля дома па вуліцы Цэнтральнай вельмі благая дарога. І машыны туды проста не могуць праехаць.

Між тым, смецця станавілася ўсё болей: пачалі складваць ля перапоўненых кантэйнераў, вецер разносіў яго па ўсім наваколлі. Тут, ля самай вуліцы, стаяць два пакінутыя дамы, з якімі таксама трэба нешта вырашаць.

Усе, хто праязджае міма, чамусьці думаюць, што раз у двух дамах забітыя вокны, то тут увогуле людзі не жывуць, і пакідаюць нам сваё смецце.

Фота зробленае ў канцы лютага. Тады ў ЖКГ адказвалі, што да сметніка не могуць даехаць машыны.

Фота зробленае ў канцы лютага. Тады ў ЖКГ адказвалі, што да сметніка не могуць даехаць машыны.

Наступным крокам маёй эпапеі быў зварот да старшыні Асіпавіцкага сельгасвыканкама Мікалая Гіля. Тады ён паабяцаў мне вырашыць нашу праблему.

Неўзабаве смецце прыбралі. Здавалася, справядлівасць перамагла, жыві і радуйся, але не…

− Смецце вывезлі адзін раз і забыліся пра нас, − працягвае спадарыня Інга. – Заканчваецца сакавік, а пад вокнамі зноў горы смецця і непрыемны пах. Патэлефанавала ў ЖКГ, у сельгасвыканкам, адказы тыя ж: “Калі-небудзь прыбяром”. Тады я звярнулася да нашага дэпутата Наталлі Дзятко. Я запыталася ў яе, што мне, у газету пісаць пра гэта бязладдзе? І, калі я ўжо прынесла фотаздымкі ў вашу газету, смецце з нашай вуліцы прыехалі і прыбралі. На гадзінніку было восем гадзін вечара.

Праз пагрозы таго, што аб сітуацыі ў вёсцы Асіпавічы даведаюцца СМІ, і неаднаразовае абіванне парогаў кіраўніцтва раёна Інга Гісіч дамаглася таго, каб на яе вуліцы навялі парадак. Але адказу на пытанне, якое задала Інга Гісіч, я, на жаль, не ведаю:

− Няўжо нельга збіраць смецце па пэўным графіку? Чаму, каб нешта рабілася, абавязкова трэба пагражаць тым, што прыедзе тэлебачанне або напішуць у газетах? 

Адказвае старшыня Асіпавіцкага сель­­­­­­вы­канкама Мі­ка­­лай Гіль:

− Такая сітуацыя ў Асіпавічах была ў канцы зімы, тады  з-за бездаражы машыны не змаглі пад’ехаць па смецце. Цяпер на вуліцы Цэнтральнай парадак, смецце вывозіцца своечасова. Магу з вамі з’ездзіць туды, каб вы пераканаліся на свае вочы.