Пра гэта даведаліся чацвёракласнікі ў бібліятэцы.

Чаму падарункі прыносіць зайчык, як прыгатаваць нямецкі велікодны кекс гугельхопф і чаму на сталах у свята ставяць нарцысы, даведаліся чацвёртакласнікі маладзечанскай гімназіі №10.

Чарговыя заняткі ў межах праекта “Па краінах і кантынентах з лыжкай” зладзілі супрацоўнікі залы літаратуры на замежных мовах Маладзечанскай цэнтральнай раённай бібліятэкі 15 красавіка.

Імправізацыю нямецкага Вялікадня зладзілі для вучняў 4 класа, якія вучаць нямецкую мову.

Бібліятэкары падрыхтавалі адмысловыя пачастункі: пірог гугельхопф, пірагі ў форме зайцаў. Абавязкова на стале павінны быць велікодныя яйкі. Яйкі − старажытны сімвал Вялікадня. А заяц быў любімай жывёлінай германскай багіні зямлі Гольды. Лічыцца, што ад 17 стагоддзя пачалася традыцыя, паводле якой зайцы пазычаюць яйкі ў курэй, расфарбоўваюць іх, а пасля хаваюць іх для дзяцей.

Нямецкія дзеці вераць, што велікодны заяц прыносіць для іх яйкі, цукеркі, цацкі і хавае іх у траве. Бацькі імкнуцца добра схаваць прысмакі, каб дзецям было цікава іх шукаць. А ў велікодную раніцу ў дзяцей сапраўднае свята пошуку гасцінцаў.

Так зрабілі і ў бібліятэцы. Школьнікаў падзялілі на дзве каманды − “Куранятак” і “Зайчыкаў”. “Кураняткі” шукалі карцінкі яек, а “Зайчыкі” − зайчыкаў. На адваротным баку ў знойдзеных карцінках былі нямецкія літары, з якіх каманды складалі пажаданне.

На велікодным стале ў немцаў абавязкова запаленыя свечкі. Агонь − гэта знак радасці. Яго запальваюць у велікодную ноч у гарах, на ўзвышшах, перад храмамі.

Яшчэ адзін важны сімвал – вада. Маладыя немкі да світання ідуць да крыніцы за велікоднай вадой, якая нібыта дорыць прыгажосць, ратуе ад хвароб і дапамагае ў каханні. Але несці яе дадому неабходна моўчкі, не сказаўшы ніводнага слова.

Свае дамы да свята немцы ўпрыгожваюць галінкамі бярозы і нарцысамі. Па-нямецку нарцысы называюць “велікоднымі званочкамі”, таму свята без іх не абыходзіцца.

Маладзечанскім шко­ль­нікам прапанавалі і іншыя конкурсы. Яны перадавалі адзін аднаму яйкі на хуткасць, перадавалі цацачных зайчыкаў, а таксама складвалі пазлы.

Усе ўдзельнікі нямецкага Вялікадня ў бібліятэцы атрымалі пачастункі, якія абяцалі пратрымаць да свята.

Галоўны бібліятэкар залы літаратуры на замежных мовах Таццяна Летунова адзначае, што свята яны змаглі падрыхтаваць дзякуючы фінансавай падтрымцы інстытута імя Гётэ ў Мінску.

Рэцэпт гугельхопфа, нямецкага велікоднага кекса

7 грамаў сухіх дражджэй, дробка солі, 150 мл малака, 100 грамаў цукру, 1 яйка, 300 грамаў мукі, 140 грамаў масла, 1 апельсін, 75 грамаў разынак, 30 грамаў міндалю, цукровая пудра і 2 сталовыя лыжкі апельсінавай цэдры.

Развядзіце ў цёплым малацэ дрожджы. Дадайце крыху прасеянай праз сіта мукі. Добра перамяшайце, накрыйце накрыўкай і пакіньце ў цёплым месцы на гадзіну. Зніміце з апельсіна цэдру, з мякаці выцісніце сок. У муку, якая засталася, дадайце соль, цукар, яйка, масла, апельсінавы сок і закваску.

Вымесіце цеста, накрыйце і пакіньце яшчэ на гадзіну. Разынкі вымыйце, заліце кіпенем і пакіньце на 10 хвілін. Дадайце ў цеста разынкі і цэдру, яшчэ раз вымесіце.

Міндаль абдайце кіпенем, пакіньце на 10 хвілін, пачысціце. Формы папырскайце алеем. На дно пакладзіце міндаль. Выкладзіце цеста і пакіньце яшчэ на 20-25 хвілін. Разагрэйце духоўку да 200 градусаў. Выпякайце 45 хвілін. Перад падачай гатовы кекс пасыпце цукровай пудрай.