Садавод Сяргей Трус з мястэчка Краснае працуе ў гадавальніку “Баця”. Яго і самога часта так называюць знаёмыя за дасведчанасць у садаводстве.
Сяргей − аграном, спецыяліст па раслінах. У свае 78 год ён вырошчвае розныя віды груш, яблынь, сліў, агрэсту, парэчак, суніц. Садаводы яго добра ведаюць і ўсім кажуць: “Паглядзі, якія ў Сяргея Восіпавіча пладавітыя саджанцы”.
Усё сваё жыццё Сяргей Трус аддаў прыродзе. Яшчэ малым пяцігадовым хлопчыкам у яго быў абавязак у сям’і − саджаць дрэўцы каля плоту. Хадзіў у лес, акуратна выкопваў бярозкі ці рабінкі і перасаджваў. А цяпер бярэ гатовыя чаранкі новага сорту і вырошчвае іх.
Сваёй справе садавод вучыць і ўнука васьмікласніка Данііла Касьяна, які дапамагае дзядулю.
Дрэвы не гавораць, але адказваюць
У гэты час яго сад пачынае прачынацца ад зімы: набухаюць пупышкі на дрэўцах, на кустах чорных парэчак з’яўляюцца першыя лісточкі.
Сяргей Восіпавіч адкрыў сакрэт свайго поспеху:
− Каб вырасціць дрэва ці іншую расліну, мала проста пасадзіць і паліваць. Трэба любіць яе, бо яна ж таксама жывая. Хоць і не можа гаварыць, але адчувае ўсё, што адбываецца навокал. Вось вырошчваеш дрэўца, чакаеш, пакуль вырасце. Гэта такое задавальненне! Я клапачуся, каб быў плод смачны, салодкі. І як прыемна чуць ад людзей добрыя словы, што такія смачныя ў мяне грушы ці яблыкі.
Многія садаводы цікавяцца, як ён вырошчвае такія саджанцы, просяць парады, каб і сабе такія займець.