У пасёлку Сасновы Бор каля 300 чалавек – гэта чытачы, якія пастаянна прыходзяць у мясцовую бібліятэку. Але і тыя, хто не могуць наведваць бібліятэку самастойна, без увагі не застаюцца.
Да кожнага з 10 такіх жыхароў пасёлка бібліятэкарка Генава Трус ходзіць сама.
– У пасёлку жывуць чацвёра інвалідаў, якія не могуць хадзіць, і яшчэ шэсць састарэлых людзей, якім цяжка прыходзіць у бібліятэку. Таму я саматойна падбіраю ім кнігі, кладу іх у пакет і прыношу кожнаму дадому.
Генава Трус адзіная і нязменная мясцовая бібліятэкарка. Яна, дарэчы, і перавезла сюды бібліятэку.
У пачатку 80-х гадоў яе ў пасёлак перавезлі з вёскі Дровашы. Перавезлі тады каля 7000 кніг.
− Фонды былі яшчэ тыя, − успамінае Генава Іосіфаўна, − пераважала сельскагаспадарчая тэматыка. Вельмі тады вялікую працу зрабілі, каб прывесці фонд у норму. Але былі кніжкі, якія і сёння карыстаюцца попытам сярод чытачоў…
Генава Іосіфаўна паказвае мне збор твораў Пушкіна 1949 года выдання.
− Што, акрамя класікі, чытаюць вашы чытачы?
− Час дыктуе свае правілы. Цяпер людзям больш цікава чытаць забаўляльную літаратуру: дэтэктывы, любоўныя раманы. Хаця, павінна вам сказаць, у апошні час узрасла цікавасць да беларускай літаратуры. Калі раней чыталі, у асноўным, дзеці па школьнай праграме Мележа ды Караткевіча, то цяпер часцей прыходзяць дарослыя і пытаюцца пра сучасных беларускіх аўтараў.
У бібліятэку − у зялёных шкарпэтках
У гэты час дзверы бібліятэкі адчыняюцца і заходзіць першы чытач на сёння. Гэта мясцовая жыхарка Рэгіна Літвін. Я гляджу на яе і не разумею, што мяне бянтэжыць. І толькі праз хвіліну да мяне даходзіць: жанчына без абутку. Перад тым як зайсці ў бібліятэку, спадарыня Рэгіна разулася ў калідоры.
Рэгіна Літвін, пастаянная чытачка бібліятэкі, кажа:
− Я прачытала больш за 300 бібліятэчных кніг. Калі прыходжу ў чарговы раз, заўсёды перабіраю паліцы, шукаю, што яшчэ пачытаць.
Чытачка бібліятэкі Ірына Чалава.
− У мяне такіх пастаянных чытачоў шмат, − хваліцца Генава Іосіфаўна, − прыходзяць і сем’і, і нават дынастыі. Самых першых чытачоў я таксама помню. Сям’я Міхайленкаў. Спачатку прыходзілі муж з жонкай, потым сталі наведваць бібліятэку трое іх сыноў. Цяпер у кожнага з сыноў свае сем’і, свае дзеці, і яны таксама мае чытачы.
Яшчэ часта прыходзяць Вольга і Сяргей Януковічы. Сяргей, у сілу сваёй занятасці, просіць жонку, каб тая ўзяла яму кнігу. Кажа: “Генава Іосіфаўна ведае мой густ, хай параіць, што яшчэ пачытаць”.
Ці вось чытачка Галіна Саковіч прыходзіць у бібліятэку і кажа: “Я, напэўна, хутка энцыклапедыі пачну чытаць, бо ўсё ўжо перачытала”. Хаця фонд наш папаўняецца прыкладна раз на квартал.
Што Генава Трус любіць сваю работу, сведчыць і тое, што на яе працоўным стале стаіць паштоўка, на якой напісана: “На работу з душой”.
Бывае, што пенсіянеры тэлефануюць, пытаюцца, як і што рабіць у той ці іншай сітуацыі. Тады даводзіцца даставаць падшыўкі часопісаў з рознымі парадамі і шукаць адказы на пытанні, якія турбуюць маіх чытачоў. Потым збіраемся ў бібліятэцы і за кубкам чайку абмяркоўваем розныя тэмы.
Сасноваборская бібліятэка актыўна працуе з маленькімі чытачамі. Для іх тут і часопісы каляровыя, і кніжкі самыя новыя. І, акрамя гэтага, ладзіцца яшчэ шмат мерапрыемстваў.
У сакавіку ў бібліятэцы прайшоў флэшмоб “Любімая кніга”. У межах гэтага конкурсу дзеці не толькі абмяняліся ўражаннямі ад прачытаных кніг, але і вызначыліся лепшыя чытачы. Чытачом года стала пяцікласніца Дар’я Марыганава, якая прачытала за 2014 год 23 кніжкі. Такія мерапрыемствы бібліятэка праводзіць разам з філіялам “Сонечны” цэнтра творчасці дзяцей і моладзі “Маладзік”, якім тут кіруе Галіна Іванькіна.
Флэшмоб у Сасновым Бары. Фота Галіны Іванькінай.
Флэшмоб у Сасновым Бары. Фота Галіны Іванькінай.
“Мая каронная роля – дохлая норка”
− Генава Іосіфаўна, адкуль у вас такое незвычайнае імя?
− Я ўвогуле жанчына-загадка, − жартуе мая суразмоўца. – Нарадзілася ў Эстоніі, бацька пайшоў запісваць мяне як Генавефу, але ў эстонскім ЗАГСе недачулі і запісалі, як Генаву. Да гэтага ў мяне захоўваецца пасведчанне аб нараджэнні, дзе імя разабраць не проста.
А дома мяне называлі Геняй ці Жэняй.
− А як дзяўчына з Эстоніі апынулася ў Сасновым Бары пад Маладзечнам?
− Прыехала да сваякоў, калі збегла з дому з-за надакучлівага кавалера, які там не даваў мне праходу. Спачатку было цяжка. Ведаеце, калі я прыехала сюды, у Сасновым Бары былі ўсяго два дамы. А потым тут сустрэла свойго мужа і засталася назаўжды. Жылі тут, пакуль квартэру ў горадзе не атрымалі.
− Бібліятэкарам працаваць не сумна?
− Мне сумаваць няма калі. Кожны дзень прыходзяць людзі, адбываюцца нейкія падзеі. Вы па вуліцы Міру сюды ішлі. Назву гэту я сама дала вуліцы, калі дэпутатам была ў савецкі час. У пасёлку чатыры “мае” вуліцы: Зялёная, Міру, Кастрычніцкая і Юбілейная. А калісьці я марыла стаць актрысай, вось цяпер у самадзейнасці рэалізую сваю мару дзяцінства.
− Чаму толькі марылі, а не сталі?
− Я ў школе займалася ў тэатральным гуртку, які курыраваў курс Ленінградскага тэатральнага інстытута, на якім вучыўся Міхаіл Баярскі, Алена Драпека. Потым паехала паступаць у тэатральную акадэмію. Але я маленькая, худзенькая была, такая Лія Ахеджакава, а ў той год на курс набіралі высокіх, доўганогіх дзяўчат. А калі дэкан факультэта стаў мне на нешта там такое намякаць, я спужалася і збегла. Але ні пра што не шкадую. Тут, у Сасновым Бары, я Баба Яга са стажам. І яшчэ была ў мяне каронная роля – дохлая норка. Яе я іграла на мерапрыемстве нашай зверагаспадаркі.
Калі на адным з капуснікаў іграла ролю Бабы Ягі, я прыдумала такую хітрасць. У бібліятэцы тады адсутнічала ацяпленне. Дык вось, я спіс усіх патрабаванняў напісала ў жартаўлівай форме быццам ад імя Бабы Ягі і аднесла Аляксандру Рамановічу, загадчыку аддзела культуры, які прысутнічаў на мерапрыемстве. І што вы думаеце, ацяпленне падключылі.
− Самі якія кнігі чытаеце?
− Кнігі са шчаслівай канцоўкай. Каб у іх было сапраўднае каханне і прыгожыя ўчынкі. Шмат чытаю жаночых часопісаў, часопісаў па кулінарыі. Вельмі люблю гатаваць. Але самы мой любімы рэцэпт, гэта рэцэпт салаты “Папараць-кветка”: бяром вараную курыцу ці мяса, апараную цыбулю паўкольцамі, памідор ці марынаваны агурок, усё змешваем з маянэзам і таматным соусам.
…Выходжу з бібліятэкі, на ганку сядзяць два каты. “Таксама чытачы?” − пытаюся ў Генавы Іосіфаўны.
− Так, штодзень мяне сустракаюць з аўтобуса, чакаюць гасцінцаў з Маладзечна. Відаць, я ў мінулым жыцці была кошкай, таму што гэтыя жывёлы мяне ніколі не абмінаюць, адчуваюць, што я іх ніколі не пакрыўджу.