“Вярхоўны прадстаўнік усведамляе сур’ёзнасць злачынстваў, за якія ён (Сялюн) быў асуджаны. Аднак яна не лічыць, што смяротная кара можа быць калі-небудзь апраўдана. Еўрапейскі саюз выступае супраць смяротнай кары пры любых акалічнасцях”, – цытуе Эштан Еўрапейская служба знешніх дзеянняў.
У паведамленні адзначаецца, што смяротная кара – жорсткае і негуманнае пакаранне, якое не здольнае выступаць у якасці фактару стрымлівання і ўяўляе сабою недапушчальнае адмаўленне чалавечай годнасці.
“Вярхоўны прадстаўнік патрабуе, каб Беларусь – адзіная краіна ў Еўропе, якая па-ранейшаму прымяняе смяротную кару, – далучылася да сусветнага мараторыя на смяротную кару як да першага кроку на шляху яе поўнай адмены”,
– падкрэсліваецца ў паведамленні.
Нагадаем, пра пакаранне смерцю 23-гадовага Паўла Селюна, прызнанага вінаватым у забойстве двух чалавек “з асаблівай жорсткасцю”, стала вядома 18 красавіка дзякуючы праваабаронцам. На момант пакарання смерцю скарга Селюна на смяротны прысуд знаходзілася на разглядзе Камітэта ААН па правах чалавека.
Беларусь – адзіная краіна ў Еўропе, дзе дагэтуль прымяняецца смяротная кара, а таксама адзіная еўрапейская дзяржава, якая не ўваходзіць у Савет Еўропы. Асноўнай перашкодай для ўваходжання з’яўляецца наяўнасць смяротнай кары.
Паводле звестак “Міжнароднай амністыі” і кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнай кары ў Беларусі”, за апошнія 20 гадоў у краіне пакарана больш як 400 чалавек.
У адказ на заклікі праваабаронцаў увесці мараторый на смяротную кару або адмяніць яе ўлады спасылаюцца на вынікі рэферэндуму 1996 года, падчас якога большасць беларускіх грамадзян выступілі за захаванне смяротнай кары.