– Хапун будзе! – запэўнівае нас Сцяпан, адчыняючы дзверы крамы на колах. – Перад святамі заўсёды так, іншая справа, каб вы са мной зімой паехалі. Даводзіцца выходзіць з машыны і грукаць у вокны, каб хоць хтосьці падышоў да аўталаўкі.

Прадавец спрытна ўскоквае ў машыну і мы рухаемся з месца. Пакуль мы едзем, Сцяпан дае кнігі скаргаў і прапаноў.

“Ужо ў каторы раз цукар не расфасаваны, а толькі ў мяшках. Мы не можам узяць мяшок цукру. Мы пенсіянеры ўсе. І навошта мне 50 кіло цукру? Адкуль такая безадказнасць?” – скардзіцца Славамір Каўрыга.

А на наступнай старонцы, ужо ў прапановах, іншы жыхар наадварот просіць, каб прывозілі цукар менавіта ў мяшках.

– Чаму толькі адна просьба ў кнізе? – пытаемся ў Сцяпана.

– Я ўсё запамінаю, у аўталаўцы працую ўжо 12 гадоў. Вядома, ведаю і мясцовых жыхароў. Вось сёння вязём аднаму цэмент.

За сокам-перчыкам і цукеркамі-смактухамі

Проста навядзіце мышкай на здымак у галерэі і з’явіцца подпіс пад фота.

Фота Настассі РОЎДЫ, Наталлі ТУР.

Пад’язджаем да вёскі Еленка. На лаўцы аўталаўку ўжо чакаюць мясцовыя жыхары.

– Сёння іх надзвычай многа, – адзначае прадавец.

– Чаму не забароняць бабам курыць? – абураецца бабуля, седзячы асобна ад усіх на бервяне. – Паслухайце бабіну параду: жыццё цудоўнае, нашто яго самім скарачаць.

– Сцёпа, ці ёсць у продажы дрожджы? – пытаецца хтосьці ў прадаўца.

– І дрожджы прывёз, і булак напёк.

– А мяса чаму зялёнае?

– А, гэта я ў траве выкачаў, – жартуе Сцяпан, падаючы мяса з зялёнымі прыправамі.

Як і прагназаваў Сцяпан, гандаль ішоў на ўсю моц. Бралі велікодныя пірагі, булкі, хлеб, смятану, малако адразу па тры пакеты, кілбасу прасілі без сала, замарожаную курыцу, сыр, “цукеркі-смактухі” і ваду салодкую…

– А мне соку-перчыку, – просіць адна пакупніца.

– Перчыку ў сэнсе персіку? – здагадваецца гандляр.

– Так, перчыку, перчыку.

Тут па “перчык” усе пайшлі станавіцца ў чаргу ўжо па другім коле.

– Сцяпан у нас харошы, не лаецца, – кажа пакупніца. – А быў тут перад ім адзін, дык казаў: “Бабы! Як вы мне надакучылі! Чаго вы па тры разы ў чаргу становіцеся?”

– А чаму кагор не купляеш? – размаўляюць жанчыны.

– А я свайго кагору націснула.

– Дарэчы, а колькі сёння віно каштуе?

– 23 тысячы самае таннае, – кажа Сцяпан.

– А ё-маё, ужо 23 тысячы, – абураецца Галіна. – Вось у мяне 36 гадоў працоўнага стажу. Я ветэран працы. А пенсію маю без 11 тысяч 2 мільёны.

Калі мы ўжо збіраліся ад’язджаць, мясцовая жыхарка Вольга запрасіла нас да сябе ў госці.

– Прырода ў нас тут прыгожая, паветра такое чыстае, што ад кіслароду галава закруціцца з непрывычкі. Праўда! Прыехала тут адна гарадская, дык прасіла мужа завесці машыну, газамі выхлапнымі падыхаць, каб галава перастала балець, а то кіслароду зашмат. Той завёў, яна падыхала і галава прайшла. Каб яшчэ вада была побач, то ўвогуле  райскае мястэчка было б.

“Газет няма, бо шкада паштальёнку”

У вёсцы Гойжава Сцяпан спыняе аўталаўку проста пасярод дарогі.

– За дзесяць гадоў тут толькі аднойчы машына праязджала, – апярэджваючы наша пытанне, ці не будзе замінаць руху аўталаўка, адказвае Сцяпан.

 Да машыны падыходзяць чатыры жанчыны. Усяго тут у вёсцы 7 жылых двароў. Жанчыны бяруць прадукты і кажуць:

– Газет мы не выпісваем, паштальёнку шкадуем. Ёй да нас шэсць кіламетраў на ровары ехаць.

Аўталаўка ходзіць тры разы на тыдзень. Але Сцяпан лічыць, што гэта зашмат. Калі перад святам чатыры чалавекі выйшлі, то што казаць пра астатнія дні.

Ледзь не гналі палкай

Далей нас чакала вёска Кайтэні. Там сустракаў аўталаўку вельмі пільны жыхар:

– Журналісты? Дакументы трэба ў вас праверыць. Фатаграфаваць яны прыехалі. Зараз палку як вазьму ды паганю!

Але ўсё абышлося, з дзядзькам мы пасябравалі.

У вёсцы зімой тры чалавекі жывуць. Але цяпер вёска заварушылася, некаторых дачнікаў-пенсіянераў дзеці прывезлі аж да лістапада.

У вёсках амаль не засталося кароў

У кожнай вёсцы праблемы і размовы ля аўталаўкі падобныя. І тэлеперадачы аднолькавыя абмяркоўваюць і на высокія цэны скардзяцца.

Што ж здзівіла нас? Тое, што ў вёсках амаль ніхто цяпер не трымае гаспадаркі. Амаль не засталося кароў, малако набываюць магазіннае. Свіней таксама мала хто трымае, бо няма каму іх даглядаць.

А яшчэ некалькі год таму, прыгадвае наш кіроўца, хлеба замаўляў ён па тысячы буханак, набывалі яго цэлымі мяхамі, каб скаціну карміць. А цяпер дорага, хаця б сабе адну буханку ўзяць.

Напярэдадні Вялікадня самым папулярным таварам у краме былі кулічы. Жыхары апошніх вёсак вельмі хваляваліся, што ім не хопіць.

– Чаму самі не выпякаеце? – пытаемся ў жыхара вёскі Уша Пятра Рыгоравіча.

– А хто сам цяпер пячэ? У дамах і печаў няма. Паразбіралі ўсе вялікія. Толку з іх, толькі месца займаюць, а гатуем на газе. Пакінулі толькі невялікія печкі, каб хату абаграваць.

З кулічамі былі звязаныя і Сцяпаны хваляванні. З гораду ўзяў 80 штук, але ў перадапошняй вёсцы яны скончыліся.

– Што не люблю ў сваёй працы, дык тое, што вельмі цяжка разлічыць, колькі ўсяго ўзяць, каб і хапіла ўсім, і не засталося на другі дзень. У суседняй вёсцы ў гэты час працуе мой калега Андрэй Галушка, трэба яму тэлефанаваць.

– У цябе з пірагамі таксама “галёшы”?

У Андрэя з 60 пірагоў засталося 15, іх ён і падвёз Сцяпану ў апошнюю вёску Навасёлкі. Такое ў аўталаўках здараецца. Кіроўцы мяняюцца прадуктамі, каб хапіла кожнаму пакупніку.

І пакупнікі ўдзячныя за гэтую ўвагу да іх патрэбаў. Нягледзячы на тое, што перад святочным “хапуном” аўталаўка затрымлівалася дзе-нідзе на гадзіну-паўтары, на кіроўцу не крыўдзяцца. Больш на нас, на газету: “Што ж вы недагледзелі, журналісты. Наш Сцяпан ужо 20 год працуе, а вы толькі цяпер пра яго пішаце”.

Тавар Цэны ў аўталаўцы Цэны на маладзечанскім рынку райспажыўтаварыства
Цукар 9600 9000
Агуркі, памідоры 27500 23000
Сасіскі 43900 52500
Кураня-бройлер 27200 26800
Алей 14050 14000
Грэчка 7350 8500
Рыс 10150 9700

Як працуюць аўталаўкі

Валеры Мандрык, дырэктар маладзечанскай аўтабазы, адкуль адпраўляюць аўталаўкі, патлумачыў, што цяпер у іх працуе восем машын, на лета плануецца пусціць 11. Машыны прадуктамі камплектуюць тут жа, на аўтабазе працуе свой фасовачны аддзел. І хлеб, і малако прывозяць сюды.

Аўталаўкі працуюць шэсць дзён на тыдзень. Працоўны дзень у кіроўцаў пачынаецца а восьмай гадзіне раніцы, а вось калі скончыцца, залежыць ад колькасці вёсак на маршруце.

Кожная машына абсталяваная трыма халадзільнікамі. Аўтабаза нядаўна набыла дзве новыя машыны. У хуткім часе плануюць набыць яшчэ дзве.

Калі раптам машына ламаецца, на дапамогу высылаюць спецыяльны цягач, да якога прычэпліваюць аўталаўку і такім чынам яна заканчвае свой маршрут. Гэта абавязковая ўмова, каб жыхары вёсак не засталіся без хлеба.

– На шчасце, такое здараецца вельмі рэдка.

Кіроўцы і прадаўцы аўталавак у адпачынак ідуць звычайна зімой, таму што летам вельмі напружаны графік, да звычайных маршрутаў дадаюцца яшчэ дачныя пасёлкі.

Рэпартаж з Івянца. Пабачыць пуп зямлі