Чаму Маладзечна лічыцца сталіцай брыджа, як прайграць самому і не даць выйграць уласнаму сыну, чаму шведы гуляюць у спорт, які прыдумалі ў Маладзечне, распавядзе брыджыст і шахматыст, суддзя першай катэгорыі Яўген Чаеўскі.
У брыдж у Маладзечне іграюць ужо больш за 20 гадоў, а пачалося ўсё са звычайнай цікавасці хлопца.
– Я прачытаў у часопісе “Навука і жыццё”, што Гары Каспараў і Анатоль Карпаў па дарозе на нейкі шахматны чэмпіянат ігралі ў брыдж. Як гэта такое можа быць, падумаў я, яны гуляюць, а я не ведаю, што за гульня такая. Напісаў у рэдакцыю часопіса, яны адказалі, што трэба пісаць у “Камсамолку”, напісаў туды. Адтуль прыслалі дапаможнік, я даў аб’яву ў газету, што набіраю групу па спартыўным брыджы. Прыйшло 100 чалавек, мы разам і вучыліся.
Сёння ў брыдж гуляюць прафесійна 12 маладзечанцаў. У асноўным, кажа Яўген Фаміч, гэта інтэлігенцыя: інжынеры, канструктары.
– Прасілі прадстаўнікі нашага следчага камітэта навучыць іх гульні ў брыдж. Вось у хуткім часе выйду на пенсію і зноў пачну трэніраваць моладзь.
– Чым брыдж можа дапамагчы ў працы следчых?
– Брыдж без прыўкрасаў самы інтэлектуальны від спорту. У ім нічога не залежыць ад выпадку, працуе толькі логіка. Вось у брыдж і гуляюць, каб працавала галава. У многіх еўрапейскіх школах брыдж уваходзіць у абавязковую праграму. Яму вучаць як матэматыцы, фізіцы, логіцы.
– Брыдж і шахматы – гэта спорт? Калі трымацца таго, што спорт – гэта хутчэй, вышэй, мацней?
− Брыдж і шахматы – гэта спорт. І справа нават не толькі ў тым, што гэта асаблівыя інтэлектуальныя віды спорту. Паспяховым шахматыстам і брыджыстам не будзе той, хто ігнаруе фізічную нагрузку. Вы мяркуеце, можна праседзець восем гадзін за сталом, не маючы пэўнай падрыхтоўкі? Я так скажу: добры шахматыст той, хто паспяховы ў іншым спорце: плаванні ці бегу.
Яўген Чаеўскі ведае, як за тры хады паставіць мат.
– Гульня ў брыдж можа доўжыцца 8 гадзін?
– Так, калі гэта, напрыклад, фінальная гульня ягога чэмпіянату. Толькі не партыя, якая доўжыцца 7 хвілін, а ўся гульня. Пад час чэмпіянату калода раздаецца 64 разы. Для гульні ў брыдж выкарыстоўваюць калоду з 52 картаў.
– У алімпійскую праграму брыдж уваходзіць?
– А як жа! У якасці галоўнага трэнера зборнай Беларусі па брыджы я ездзіў на Алімпійскія гульні ў Пекіне. У Лондан наша каманда, на жаль, не паехала. Высокіх вынікаў мы ў Пекіне не паказалі, але тое, што мы ўдзельнічалі – гэта ўжо вялікае дасягненне. Ва ўсёй краіне ў брыдж прафесійна гуляюць каля 100 чалавек. Для параўнання, у Польшчы брыджыстаў прыкладна 10 000.
Праз мяне сын прайграў
У брыдж Яўген Чаеўскі гуляе і па выхадных з сябрамі.
– Калі мы збіраемся гуляць у брыдж, кажам: “ А ці не распісаць нам партыю ў робер?”
– Як часта збіраецеся?
– Кожную нядзелю ў нашым шахматным клубе. Да нас, бывае, прыходзіць столькі людзей, што не ўсім хапае месца. Нехта гуляе ў брыдж, нехта ў шахматы ці шашкі. Прыязджаюць да нас гульцы і з Валожына, і з Вілейкі. Вядомая справа, калі гуляеш з моцным сапернікам, сам робішся мацнейшым, калі са слабым – слабееш.
А Маладзечна даўно лічыцца сталіцай брыджа.
Тут жа, у шахматным клубе, праводзім і чэмпіянаты. Чэмпіянат Беларусі мы праводзілі ў сябе неаднаразова.
– Вашы дамашнія не скардзяцца на тое, што вы кожныя выхадныя бавіце за гульнёй, а не з сям’ёй?
– Сын Андрэй у мяне сам брыджыст і шахматыст. А жонка крыўдавала. Я амаль ні аднаго 8 сакавіка не бываю дома. У гэты час чэмпіянат у Швейцарыі праходзіць. Але была адна гісторыя, пасля якой жонка са мной тыдні два не размаўляла.
Здарылася гэта на адным з турніраў па шахматах. Я ішоў недзе на 5 месцы, у майго сына якраз вырашалася, ці зойме ён 1 месца. Па жараб’ёўцы выпадае, што мы гуляем з ім адзін супраць аднаго. Калі я прайграю сыну – ён становіцца пераможцам. І раптам сын робіць такую недарэчную памылку! Ну як я мог такое дараваць? Я скарыстаўся гэтым і выіграў гэту партыю. У выніку ў мяне 5 месца, у сына – 4. Выдала тады мне жонка! Як я мог не паддацца ўласнаму сыну? А ў мяне спартыўны азарт. Тут кожны сам за сябе.
– Як вы ставіцеся да такога новага віду спорта, як шахбокс?
– Шахбокс – гэта калі спартсмены раунд на рынгу, раунд у шахматы гуляюць? Адмоўна. Нельга сумяшчаць несумяшчальнае.Наша галава – гэта той жа камп’ютар. Ну што будзе, калі кулакамі надаваць па камп’ютары?
Мы прыдумалі свой від спорту, які, дарэчы, вядомы нават у Швецыі.
Правілы такія: спартсмены гуляюць адну партыю бліц у шахматы, другую – у шашкі, трэцюю – у шашкі-паддаўкі. На ўсе даецца 10 хвілін. У Швецыі дзіцячую зборную трэніруе беларус. Мы ездзілі туды на турнір, паказалі нашу гульню, шведам спадабалася. Так што, Маладзечна не толькі цэнтр брыджа, але і новага спорту, якому яшчэ трэба будзе прыдумаць гучную назву.