Каб дабрацца на работу, выходзіць трэба за гадзіну-паўтары. І ўвесь гэты час прастаяць на чыгуначным пераезде.

З такой праблемай да нас у рэдакцыю звярнуўся віляйчанін Расціслаў Васільевіч.

− Бывае, стаіш раніцай на пераезде хвілін 20, потым шлагбаум падымаецца, але пакуль папярэднія машыны праедуць, зноў загараецца чырвонае святло і шлагбаум перад самым носам апускаецца. А значыць, давядзецца  яшчэ хвілін 15-20 стаяць.

Канечне, ёсць пераезд на вуліцы Лаўрыновіча, але туды дарога быццам пасля бамбёжкі. А я не столькі зарабляю, каб пасля кожнай паездкі рамантаваць падвеску. Няўжо ніколі на пераездзе не будзе парадку? – пытаецца чытач.

У 2012 годзе  “Рэгіянальная газета” пісала аб тым, што плануюць зрабіць тунэль на вуліцы Лаўрыновіча. Як сёння ідзе справа, запыталіся ў начальніка аддзела архітэктуры і будаўніцтва Вілейскага райвыканкама Галіны Кажарновіч:

– Праект тунэля цяпер знаходзіцца на экспертызе ва ўпраўленні капітальнага будаўніцтва. Але, нават калі экспертызу праект вытрымае, нам не справіцца сродкамі раённага бюджэта. Таму, як хутка вырашыцца праблема з чыгуначным пераездам у Вілейцы, будзе залежыць і ад таго, ці выдаткуюць нам сродкі з абласнога бюджэту.

Дырэктар упраўлення капітальнага будаўніцтва Вілейкі Аляксандр Крупскі распавёў, што праект зараз знаходзіцца на распрацоўцы ў адной з мінскіх арганізацый. Плануецца, што ён будзе завершаны летам. Будаваць хутчэй за ўсё, пачнём ужо ў 2015 годдзе. Аднак хачу ўдакладніць: гэта будзе не тунэль, а пуцеправод.