Злодзей назваўся сантэхнікам, каб абрабаваць.

Скраў піва, ліманад і кілбасу, перарэзаў тэлефонны дрот і замкнуў дзядулю Фелікса звонку. На судзе 30-гадовы злачынца Пётр сцвярджаў, што яны нібыта часам пілі разам.

Суд па гэтай справе адбыўся ў сакавіку ў Ашмянах.

Са слоў асуджанага: часам пілі разам

Здарэнне адбылося 13 студзеня каля 17 гадзін.

Паводле словаў асуджанага, Пётр і Фелікс былі знаёмыя і раней, некалькі разоў разам пілі. 75-гадовы Фелікс часам запрашаў выпіць у сябе дома.

13 студзеня яны выпадкова сустрэліся каля крамы “Для Вас”. Пётр прапанаваў выпіць, Фелікс запрасіў да сябе і пайшоў дадому. Пётр купіў пляшку гарэлкі і накіраваўся да знаёмага.

Але гаспадар чамусьці не пазнаў Пятра і не пусціў у дом. Тады мала­дзён назваў сябе сан­тэхнікам − і ўвайшоў.

У кватэры яны выпілі гарэлку, потым Пётр схадзіў яшчэ за адной пляшкай. Выпілі і яе, але было мала. Грошай на бутэльку не хапала, і маладзён папрасіў у гаспадара 10 тысяч рублёў. Гаспадар адмовіў. Пётр пачаў трэсці дзядулю, штурхаць і патрабаваць грошы. Але гаспадар не даваў.

Маладзён вырашыў сам знайсці грошы і скрасці іх. Надзеў пальчаткі і пачаў абшукваць кватэру. Агледзеў два халадзільнікі, шафы, тумбы. Грошай не знайшоў. Вярнуўся на кухню, дзе быў гаспадар і ўзяў з халадзільніка кавалак кілбасы, а таксама са стала − паўтарачку ліманаду і 0,5 піва.

Фелікс крычаў і патрабаваў усё гэта вярнуць. Злачынца пайшоў да дзвярэй. У прыхожай Фелікс яго дагнаў і схапіў за куртку.

Маладзён штурхнуў дзядулю ў грудзі, той зваліўся спачатку на крэсла, а з яго – на падлогу. Гаспадар закрычаў, што выкліча міліцыю. Тады Пётр вярнуўся на кухню і абрэзаў тэлефонны дрот.

Выходзячы з дому, злодзей ўзяў і ключы, каб звонку замкнуць дзядулю. Недзе каля дома ён выкінуў іх, выпіў піва і ліманад, з’еў кілбасу.

Маладзён заўважыў на судзе, што трапіў у кватэру, не плануючы крадзеж.

З боку пацярпелых: абакраў невядомы

Калі гаспадар складаў пратакол у міліцыі, ён падкрэсліў, што раней маладзёна не ведаў, ніколі з ім не піў і ў той дзень піць з ім не дамаўляўся. Яго абакраў невядомы. А ў кватэру пусціў толькі таму, што той назваў сябе сантэхнікам.

Для дзядулі гэта быў моцны стрэс. Пра гэта распавёў на судзе яго сын. Пасля гэтай падзеі ён стаў горш сябе адчуваць. Праз 11 дзён, 24 студзеня, Фелікс пайшоў з жыцця.

Суд прызнаў Пятра вінаватым у рабаванні і прызначыў пакаранне − тры гады выпраўленчай калоніі строгага рэжыму.

Пяць судзімасцяў у 30 год

Пятру 30 год. Нежанаты, не працуе.

У 2003 годзе суд прыгаварыў яго да двух год выпраўленчых работ з утрыманнем у бюджэт 25% заробку за разбой.

Праз паўгода за рабаванне яму прысудзілі два з паловай гады пазбаўлення волі. Тэрмін па амністыі скарацілі на год.

У 2006 годзе да трох год пазбаўлення волі яго прыгаварылі за рабаванне і спробу злачынства. У 2009 годзе яго вызвалілі ўмоўна-датэрмінова на паўгода раней.

Праз чатыры месяцы суд прыгаварыў яго на тры гады і тры месяцы за крадзеж і рабаванне.

У 2012 годзе суд прыгаварыў яго да пяці месяцаў арышту за крадзеж. У 2013 годзе яго вызвалілі ад адбыцця пакарання.