Міс Беларусь стала 21-гадовая Вікторыя Мігановіч са Смаргоні. Пра Віку распавядае аднагрупніца Кацярына Лысюк і сяброўка па конкурсе “Міс Беларусь” Вікторыя Васілеўская, якая стала ўладальніцай тытула “Міс топ-мадэль”.

Біяграфія галоўнай прыгажуні краіны сціплая і зусім не зорная.  

Віка нарадзілася ў вёсцы Ракаўцы, што пад Смаргонню. Базавую школу скончыла тут жа. 10-11 класс вучылася ў Крэўскай сярэдняй школе. Цяпер галоўная навіна на сайце школы, вядома, прысвечаная Вікторыі, і гучыць як “Наша Перамога”.

Пасля заканчэння школы Вікторыя паехала вучыцца ў Мінск, у медыцынскі коледж. Яшчэ навучэнкай уладкавалася на працу ў медыцынскі цэнтр Кіравання справамі Прэзідэнта Беларусі. Яна і цяпер там працуе асістэнтам стаматолага.

Вікторыя - навучэнка медыцынскага каледжа. Крайняя справа. Фота забяспечана Кацярынай ЛЫСЮК.

Вікторыя – навучэнка медыцынскага каледжа. Крайняя справа. Фота забяспечана Кацярынай ЛЫСЮК.

Пасля конкурсу звязацца з Вікторыяй немагчыма. Тэлефон маўчыць, на старонцы ў сацыяльных сетках Віка ігнаруе ўсе пакінутыя ёй паведамленні. У мяне з’явілася адчуванне, што ўся Смаргонь святкуе перамогу сваёй зямлячкі і ніхто там не збіраецца падыходзіць да тэлефона. Доўгія гудкі ў прыёмнай школы, дзе вучылася Віка, доўгія гудкі па ўсіх тэлефонах, якія ў даведніку адпавядаюць прозвішчу Мігановіч.

Але ў нас усё ж такі атрымалася пагутарыць з сяброўкай Вікторыі па конкурсе. Вікторыя Васілеўская, уладальніца тытула “Міс топ-мадэль” кажа:

– Конкурс доўжыўся тры тыдні. За гэты час, зразумела, цяжка блізка пасябраваць і зразумець чалавека.

Але Віку я запомню, як абсалютна спакойнага, ураўнаважанага чалавека. Я не разу не чула, каб яна з кім сварылася, ці павышала голас. Заўсёды ўсміхалася, шмат жартавала.

Дзве міс. Злева – Вікторыя Васілеўская ( “Міс топ-мадэль”). Справа – Вікторыя Мігановіч (“Міс Беларусь”). Фота забяспечана Вікторыей Васілеўскай.

Увогуле конкурс запомніўся як адно з самых яскравых уражанняў  і, мяркую, не толькі для мяне. Зразумела, было цяжка з раніцы да вечара знаходзіцца перад фота і відэакамерамі. Я бачыла, як цяжка дзяўчатам, якія трапілі на падобны конкурс упершыню. Цэлымі днямі засвойваць асновы дэфіле, мадэльнай хады – гэта вельмі не проста. Але ніхто не скардзіўся, мы падтрымлівалі адна адну, і калі абвесцілі вынікі конкурса, шчыра радаваліся. Я лічу, што Віка вартая гэтай узнагароды, праўда.

– Вікторыя, а як вы ставіцеся да такога меркавання, што ў конкурсах прыгажосці ўдзельнічаюць аднолькавыя, не вельмі разумныя, лялькі?

– Я 1000 разоў з гэтым не пагаджуся. Усе дзяўчаты розныя, цікавыя і прыгожыя. Яшчэ на кастынгу журы вельмі падрабязна размаўляла з кожнай з нас, задавалі абсалютна розныя пытанні, у тым ліку і на веданне нейкіх рэчаў, і толькі потым абвяшчалі, якая прыгажуня можа паспаборнічаць за званне “Міс Беларусь”.  Ну як у людзей толькі язык паварочваецца называць удзельніц конкурсаў прыгажосці лялькамі?

Віка ад выгляду крыві страціла прытомнасць

– Віка – мая аднагрупніца па каледжы, – кажа Кацярына Лысюк, – не магу сказаць, каб мы былі лепшымі сяброўкамі, але сябравалі і часу разам праводзілі шмат.

– Прагульваючы заняткі?

– Не, ну што вы! У нас з гэтым было вельмі строга. Ніхто заняткі не прагульваў. Віка адначасова з вучобай працавала ў цэнтры, дзе працуе і цяпер. А па вечарах разам з намі бегала на дыскатэкі. І на ўсё хапала часу.

Вікторыя - навучэнка медыцынскага каледжа. Крайняя справа. Фота забяспечана Кацярынай ЛЫСЮК.

Вікторыя – навучэнка медыцынскага каледжа. Крайняя справа. Фота забяспечана Кацярынай ЛЫСЮК.

– Падчас вучобы Вікторыя таксама прымала ўдзел у конкурсах прыгажосці?

– Не, я не памятаю, каб Віка недзе прымала ўдзел.

Затое памятаю, што на занятках увесь час сядзела ў інтэрнэце, ці пісала смс-кі.

– А з кім яна перапісвалася? З кавалерам?

– Хутчэй, з кавалерамі. У Вікторыі іх было безліч.

– А вучылася Вікторыя як? Усе іспыты без хвастоў здавала?

– Ды я не памятаю ўжо. Мне запомнілася іншае. На першым курсе ў нас практыка была.

Нас, навучэнцаў, прывялі ў бальніцу і дазволілі застацца паглядзець, як мужчыне будуць зашываць рану на руцэ. Аказалася, што Віка баіцца крыві, яна, убачыўшы гэтыя маніпуляцыі доктара са скурай чалавека, проста страціла прытомнасць.

Вікторыя - навучэнка медыцынскага каледжа. Крайняя справа ў ніжнім радзе. Фота забяспечана Кацярынай ЛЫСЮК.

Вікторыя – навучэнка медыцынскага каледжа. Крайняя справа ў ніжнім радзе. Фота забяспечана Кацярынай ЛЫСЮК.

І яшчэ. Вікторыя як мадэль, ніколі на дыетах не сядзела. Усё гэта прыдумкі, што мадэлі харчуюцца толькі капуснымі лістамі. Віка разам з намі добра ў сталоўцы булкі ўмінала!