«Вы ўяўляеце, як мне трэба было прайсці ноччу туды, да партызанаў, і адразу ж ноччу назад, дамоў. І 18 кіламетраў пешшу ішла па лесе. Толькі які гук, штосьці трэсне − жах неперадавальны».

Ганна Ягорава ў 16 год сустрэла вайну і стала разведчыцай-сувязной. Як жыла да вайны, што дапамагло атрымаць перамогу і якім было жыццё пасля яе, жанчына распавяла карэспандэнту “РГ”.

Цяпер былая партызанка Ганна Ягорава жыве ў Маладзечне, ёй 88 год.

Калі мы сустрэліся, яна толькі прыехала з лецішча. Жанчына працягвае даглядаць свой участак у Мароськах. Летась сабрала ўраджай фасолі і бульбы, а сёлета галоўнае − перакапаць. І хацела б прадаць, але ніхто не пытаецца, а зямлю ж не кінеш.

Жанчына дзеліцца ўспамінамі, падчас якіх раз-пораз прыгаворвае, што няма нічога страшней вайны. Але зразумеюць гэта толькі тыя, хто яе перажыў.

Чатыры сястры засталіся сіротамі

Ганна нарадзілася ў вёсцы Урбанаўка Старадарожскага раёна, за 18 кіламетраў да райцэнтра. У сям’і Ягоравых было чатыры дзяўчынкі. Бацька працаваў на чыгунцы, мама гаспадарыла дома. Яны памерлі вельмі рана. Калі не стала мамы, Ганне было шэсць год. Бацька пайшоў з жыцця праз два гады.

Чатыры сястры засталіся адны. Старэйшай 10 год, малодшай Шуры − два. У дзяўчынак было 60 сотак калгаснай зямлі, якую яны апрацоўвалі пад лапату.  

Самым страшным было начаваць адным. Да дзяўчынак прыставілі апякунку, дачка якой часам з імі начавала. Гэта была ўся дапамога.

Ганна хадзіла ў Вярхуцінскую школу чатыры класы. У старэйшыя класы хадзіла за дзевяць кіламетраў. Як сірату яе ўзяла на кватэру адна з настаўніц. Паспела закончыць сем класаў.

Сярод настаўнікаў асабліва запомніліся муж і жонка, якія выкладалі нямецкую мову.

− Яны ні слова не казалі па-нашаму, толькі па-нямецку. А мне так цікава было, што ж гэта яны гавораць. І можаце сабе ўявіць, што я амаль за адну зіму вывучыла нямецкую мову. І калі пачалася вайна, то добра яе ведала.

Як дзяўчына стала разведчыцай

Калі пачалася вайна, ёй ішоў 16-ы год. Ганна прыгадвае, як упершыню ўбачыла немцаў:

− Я надаіла вядро малака. Іду − і тут раптам панесліся каля мяне немцы на матацыклах. Я так спужалася, што выпусціла вядро з рук. Яны закрычалі: “Milch, milch” − гэта значыць, малако. Нас яны не чапалі спачатку, толькі калі ўжо партызаны пайшлі.

Самыя жорсткія былі паліцаі. У нашай хаце немцы знайшлі камсамольскі білет сястры. І ўявіце, немцы ўжо адступалі, а паліцай вярнуўся, каб забіць яе.

З сямейнага альбома. Ганна Гардзееўна ў маладосці.

З сямейнага альбома. Ганна Гардзееўна ў маладосці.

Хутка пасля пачатку вайны ў Старых Дарогах сфарміраваўся партызанскі атрад. Яны ведалі, што Ганна разумее нямецкую мову і паклікалі да сябе. Старыя Дарогі − вузлавая станцыя. Немцы заўсёды правяралі рэйкі, каб не было мін. Але партызаны паціху падрывалі.

− Як толькі першыя баі прайшлі, так я і пачала супрацоўнічаць з партызанамі. Мне трэба было ўбачыць усё, што звязана з цягнікамі. Выведваць усю інфармацыю пра эшалоны, якія прыязджалі ў Старыя Дарогі: адкуль, куды, з чым, ці была ў іх зброя, колькі чаго ў іх. Я стаяла каля перона, мяне немцы раз прагналі. Вядома, яны да чыгункі не пускалі. Я яшчэ раз прыходжу − хацела ж усё запомніць. Пісаць жа не будзеш, усё запамінаць трэба. Калі здабывала звесткі, ішла перадаваць іх у лес партызанам, а навакол жа немцаў поўна. Калі б мяне заўважылі каля лесу, адразу б расстралялі. Гэта такі страх, ні з чым не параўнаць!

Вы ўяўляеце, як мне трэба было прайсці ноччу туды, да партызанаў, і адразу ж ноччу назад, дамоў. І 18 кіламетраў пешшу ішла па лесе. Толькі які гук, штосьці трэсне − жах неперадавальны.

У 1943 годзе немцы яе арыштавалі і разам з адной з сясцёр і вывезлі ў Германію.

Бруквай, што ела ў палоне, і цяпер пахне

Ехалі ў Германію у цягніку-цялятніку. Жа­хлівая дарога − не было нават прыбіральні. І цягнік жа не спынялі, каб нехта выйшаў па патрэбе. Усе гэтыя справы там у вагоне і рабілі, дзе ехалі.

У Германіі трапілі ў лагер, дзе працавалі: будавалі чыгунку.

− Голад − гэта самае страшнае. У лагеры я прабыла больш за два гады. І акрамя супа з бручкі мы  нічога не елі. Ён цяпер мне ўсюды пахне. На тыдзень нам выдавалі яшчэ па 500 грамаў хлеба. Пакуль дойдзем, адшчыкнем па кавалачку і прыходзім ў барак − ужо няма. І ўвесь тыдзень без хлеба.

У лагеры было цяжка выжыць, і працаваць цяжка.

Уявіце, 20 дзяўчат учэпіцца ў тую шпалу і нясуць. І ўсе слабенькія, галод­ныя.

− У Германіі прабылі да Перамогі, а вызвалялі нас амерыканцы. У адзін з нашых баракаў трапіла амерыканская бомба. Ну мы зразумелі, што ўсё. Ніхто не абвяшчаў, што вайна закончылася. І мы пайшлі хто куды, каб дабрацца да дому. Пачулі, што ідуць чырвона­армейцы − і стараліся да іх патрапіць.

Бацькі і сёстры Ганны Ягоравай. Маленькая Ганна – крайняя справа.

Бацькі і сёстры Ганны Ягоравай. Маленькая Ганна – крайняя справа.

У вайне перамагла з’яднанасць народа

Ганна Ягорава падзялілася сваімі разважаннямі пра вайну:

− Вельмі сумна было, што вайна напаткала зусім маладых, якія не паспелі пакахаць, і яны сыходзілі з жыцця. Але народ быў неверагодна з’яднаны, кожны любіў сваю Радзіму. Напэўна, таму мы і выйгралі гэту вайну. Але ж ці вы можаце зразумець, што такое вайна? Як мае дзеці могуць зразумець? Ніяк, толькі той, хто перажыў яе. На жаль, маладыя людзі не хочуць ведаць пра вайну. Цяпер грошы, грошы, грошы і машына − іх каштоўнасць. Не для ўсіх, вядома, але для вельмі многіх. Гэта страшна. Кожны думае пра сябе − і няма згуртаванасці, якая была тады.

− Ці думалі вы, што могуць свае здрадзіць?

− Ну як гэта, яны сядзяць у акопе, пасылаюць мяне на заданні, і будуць здраджваць? У мяне нават думкі такой не было. Я думала толькі пра тое, як здабыць інфармацыю і перадаць яе, а потым вярнуцца назад.

− Ці верылі ў перамогу?

− Немцы ж былі з такой тэхнікай перадавой, так забяспечаныі. Ведаеце, была такая радасць, што зіма была страшная ў 1942 годзе, за мінус 40! Дрэвы ўсе памерзлі. А немцы ж не прывыклі да маразоў. Я і цяпер часам са смехам прыгадваю, як яны парцянкі на ногі, на галаву коўдры нацягвалі. Гэтая зіма вялікую ролю адыграла для перамогі.

Пасля вайны

Пасля вайны Ганна паехала ў Мінск, уладкавалася на завод. Там і пазнаёмілася з мужам. У 1948 годзе яна выйшла замуж за афіцэра. Праўда, ён не ваяваў: пакуль вучыўся, закончылася вайна. Пасля вайны служыў, даслужыўся да маёра. Разам з ім пражылі сем год за мяжой.

Потым вярнуліся ў Беларусь, спачатку жылі ў Мядзеле. Потым пераехалі ў Маладзечна.

У Ганны Гардзееўны двое сыноў. Старэйшы Аляксандр жыве ў Рызе. Малодшы Валеры − у Вытрапаўшчыне.

Напярэдадні 9 Мая яны прыехалі да мамы, каб павіншаваць з надыходзячым святам.

Уганаравалі траіх ветэранаў, якія вызвалялі Маладзечна

Праграма святкавання Дня перамогі 9 мая ў рэгіёне