Пабачыць выступленні Міхаіла Ермаковіча і Сяргея Скаражонка можна на беларускіх тэлеканалах (напрыклад, дуэт стаў фіналістам тэлешоу  “Спяваючыя горады”). Разам з экс-салістам “Песняроў” Валерыем Скаражонкам віляйчане ўдзельнічаюць у “Песні года” і змагаюцца за тытул “Лепшая беларускамоўная песня” на “Нацыянальнай музычнай прэміі”, выступаюць на “Славянскім базары”, гастралююць у Беларусі і Расіі.

У інтэрв’ю нашаму карэспандэнту Сяргей і Міхаіл расказалі, як з жартаў пра гадаванне кабаноў нарадзіўся дуэт, пасумавалі па тым часе, калі кожны другі юнак тромкаў на гітары ў парку, прыгадалі, як яны даказваюць у Расіі, што ў Беларусі бульба не звядзецца.

“Першы раз убачыліся і падумалі, што трэба ехаць граць вяселле”

– Як вы пазнаёміліся?

Сяргей: Мы знаёмы з 1994 года, з 1996 разам працавалі ў ансамблі народнай музыкі “Весялінка” вілейскага Палаца культуры. Гэта такі рэдкі выпадак, калі знайшлі агульную мову два чалавекі з рознымі музычнымі поглядамі. Ён “народнік”, які любіў джаз-рок, я быў рокер. І атрымалася так, што мы сталі ў аранжыроўках адзін аднаго дапаўняць. Спачатку спрабавалі сябе ў народнай музыцы. Нават у экспедыцыі пару разоў ездзілі па вёсках, збіралі матэрыял. Аранжыравалі, рабілі своеасаблівы фольк-рок. 

 Удзельнікі ансамбля народнай музыкі “Весялінка” (злева направа)    верхні рад:  Іван Валынец, Сяргей Ількевіч,  Сяргей Скаражонак, Міхаіл Ермаковіч.  ніжні рад: Аксана Зюбіна, Таццяна Новікава, Святлана Гакуць, Алёна Мамай, Святлана Каркотка.

Удзельнікі ансамбля народнай музыкі “Весялінка” (злева направа) верхні рад: Іван Валынец, Сяргей Ількевіч, Сяргей Скаражонак, Міхаіл Ермаковіч. ніжні рад: Аксана Зюбіна, Таццяна Новікава, Святлана Гакуць, Алёна Мамай, Святлана Каркотка.

Міхаіл: У народную музыку не паглыбляліся, бо яна патрабуе не толькі асаблівай увагі, але і адпаведнага стылю жыцця. Бралі апрацаваны рэпертуар і стылізавалі самі. Але ўплыў фальклору на мелодыку нашых уласных твораў значны.

Сяргей: Ва ўсялякім выпадку, стылізаваная музыка больш даступная для шырокіх народных мас. Каб у 1995 годзе мне хтосьці сказаў, што я буду любіць народную песню, то не паверыў бы. Але тым не менш гэта адразу вылілася ў такую цярпімасць, а потым і ў любоў.

Упершыню  адзін аднаго убачылі, што падумалі?

Сяргей: Першы раз мы ўбачыліся і падумалі, што трэба ехаць граць вяселле, зарабляць грошы (смяецца). Такое знаёмства было. Для мяне вельмі важна, калі ў чалавека ёсць пачуццё гумару. У Мішы яно такое яркае, своеасаблівае – мы яшчэ і таму агульную мову знаходзім. У нас, дарэчы, шмат гумарных песень.

А калі сказаць, што яго ўбачыў, і ўсё – паплечнік, такога, вядома, не было. Мы таксама прыціраліся доўгі час. Былі моманты, калі хтосьці захапляўся празмерна якімі напрацоўкамі, не пакідаючы месца для другога. З гадамі ўсё шліфавалася. Галоўнае – трэба навучыцца паважаць музычныя погляды, музычнае самавыяўленне твайго таварыша. Ніколі не трэба спяшацца выказваць сваё меркаванне: пачакай дзень, два, тры – яно ўляжацца і падумаеш: “А сапраўды, арганічна атрымліваецца”. Бяда многіх музыкантаў, што яны не ўмеюць паважаць меркаванне калег па цэху.

– Значыць, цэніце ў таварышы пачуццё гумару. Што яшчэ?

Сяргей: Адказнасць. Ведаю, што калі трэба нешта зрабіць, то Міша зробіць гэта своечасова і якасна. Цаню тое, што ён шмат хто ў адным – кіроўца, музыкант, вакаліст.

Міхаіл:  Мы даўно сыграліся, я давяраю густу Сяргея і ніколі не перарабляю тое, што зроблена ім. Ён – пунктуальны, адказны, працавіты і, як кажуць у народзе, цягавы.

Сяргей: Дзякуй, Міша. Два плугі можна чапляць, так? (усміхаецца).

Гісторыя дуэта пачалася з “Кабаноў”

– А дуэт “Браты-славяне” калі з’явіўся?

Сяргей: Адразу былі ў “Весялінцы”. А потым дзесьці ў годзе 2004 у нас “папёрлі” гумарныя песні. Першая песня была пра кабаноў. У мяне маці трымала трох кабаноў і карову. Міша з Маладзечна, а “паншчыну адбываў” у бабулі ў Любані – там тая ж песня. Словам, тэматыка вясковая для нас не чужая, і мы пачалі жартаваць на гэту тэму. З’явілася песня “Кабаны”, народ успрыняў. Сталічныя людзі яе не зразумеюць, толькі той, хто вырас на гаспадарцы. І далей пайшло-паехала. “Рыбалка”, “Хачу ў сталіцу” – цэлая куча ў нас такіх песень.

– Далей гісторыя “Братоў-славян” як развівалася?

Сяргей: Атрымалася як. Сяргей Шкурдзэ гэтых самых “Кабаноў” пеў яшчэ ў “Весялінцы”. Калі ён працаваў у Беларускім дзяржаўным ансамблі “Песняры”, напеў на нейкай рэпетыцыі.

І кіраўнік “Песняроў” Вячаслаў Шарапаў звярнуў  увагу:“Што за песня такая прыкольная?”.  Паклікалі нас (мой брат Валера ў той час ужо быў салістам у “Песнярах”). Паказалі матэрыял. Вячаслаў Шарапаў дапамог нам запісаць “Кабаноў”. Нас узялі на заметку, мы перыядычна прыязджалі, паказвалі свой рэпертуар.

Валера ўжо тады трымаў нос па ветру. Ён прыкінуў: “Ага. І жартоўныя песні ёсць, і лірычныя неблагія, нешта ад “Песняроў”, а нешта сваё”. Мы ніколі не капіравалі, не задаваліся мэтай кагосьці пераймаць. Потым з Валерам сталі шчыльна супрацоўнічаць у годзе 2009. Давалі канцэрты на невялікіх пляцоўках: Валера як саліст, мы як акампаніруючая група, плюс таксама пелі свае песні. А потым, калі ён у 2012 годзе сышоў з “Песняроў”, мы ўшчыльную заняліся гэтым праектам – “Браты-славяне” і Валеры Скаражонак.

Якая роля вашага брата ў праекце?

Сяргей: Па-першае, у яго пазнавальны медыйны твар, яго можна назваць  прадзюсарам – займаецца арганізацыйнымі момантамі. Плюс ён цудоўны вакаліст, мае такі рэдкі тэнар. І мы вельмі арганічна пераплятаемся утраіх.  Мы з Мішам займаемся аранжыроўкай, прапісваем усё самі, і жывыя інструменты у тым ліку – толькі барабаны нам запісвае сябра Сяргей Шкурдзэ. Міша да таго ж цудоўна валодае камп’ютарнымі праграмамі для запісу.

А тэксты чые?

Міхаіл: Яны ў нас агульныя, у сааўтарстве нараджаюцца.

Тэксты падказвае жыццё. А яшчэ моцна дапамагае пачуццё гумару.

– Як так атрымліваецца?

Сяргей: А па-розным. Бывае два слупкі Міша прыдумае, адзін – я. А бывае кожны па радку – і думаем. Потым перадумваем. Самае галоўнае тое, што калі нараджаюцца якія мелодыі, тэксты – не трэба адносіцца да іх з пачуццём уласнасці. Справа ў тым, што большасць музыкантаў, паэтаў – дзікія ўласнікі.  Талент табе даецца, ты ўсяго толькі праваднік. На цябе праменьчык сышоў і ты нешта стварыў. Без гэтага праменьчыка, без Божай дапамогі не атрымаецца.

Мы з Мішай гэта даўно зразумелі, таму мы не крычым: “О я напісаў, о гэта маё”. Сёння ён нешта больш прыдумаў, заўтра я – і разам атрымліваецца.

І мелодыя агульныя?

Сяргей: Як правіла. Бывае, на погляд Мішы ў мяне нейкі кавалак атрымаўся не вельмі ўдалым. Ён тады закруціць па-іншаму. Адразу, бывае, у штыкі ўспрымеш, а паслухаеш дзень-два і скажаш: “А ведаеш, твой варыянт лепшы”. Трэба проста ўмець чакаць і паважліва адносіцца да меркавання другога.

Міхаіл: Прытым, “Браты-славяне” як група сфарміраваліся ў падчас працы для душы. Гэта было як хобі. Мы ніколі не ставілі сваю творчасць на канвеер. Ніхто не падганяў: трэба для перадачы нешта напісаць ці канцэрта. Галоўнае не рамеснічаць. Ёсць натхненне – напісаў, а няма нічога арыгінальнага, лепей не брацца.

 

Гурт “Парламент” (злева направа) Сяргей Шкурдзэ,                                                                                                   Сяргей Скаражонак, Міхаіл Ермаковіч,  Сяргей Ількевіч.

Гурт “Парламент” (злева направа) Сяргей Шкурдзэ, Сяргей Скаражонак, Міхаіл Ермаковіч, Сяргей Ількевіч.

Ад хард-року да “Братоў-славян”

–  У вас да “Братоў-славян” быў такі перыяд хард-рокавы…

 Сяргей: Дзесьці ў 1997 годзе Міша, я, Сяргей Шкурдзе і Сяргей Ількевіч заняліся паралельна з “Весялінкай” хард-рокам. Гурт “Парламент” год шэсць праіснаваў.

– Вам дзе было больш утульна: у вобразе рокераў ці цяпер?

Сяргей: У тым узросце казалася, што я лепш самавыяўляўся ў року. Прайшоў час, зараз цаню кантакт з народам. Калі ты працуеш у хард-рокавай групе, то то ты як бы на дыстанцыі: вось такі быццам месія, які спрабуе павучаць, нейкія думкі выказаць людзям. А калі пачалі пець усе гэтыя песні – “Кабаны”, “Рыбалку” – мы заўважылі, што імгненна  адбываецца кантакт з людзьмі. Ты бачыш іх вочы, і гэта зусім іншае. Зараз для мяне не важны стыль. Вось гэта музыка, вясёлая і простая, яна абуджае ў людзей добрыя эмоцыі, прымушае смяяцца ці перажываць, узнімае настрой. Чаго не скажаш пра рок. Рок-музыка яна ў прынцыпе энергічная, таксама пабуджае да дзеянняў, але як правіла жосткасць музыкі прадугледжвае тэксты нерамантачныя, парой трагічныя. Пасля канцэрта няма таго адчування, што ты падараваў людзям дабро. А пасля “Кветачкі” ці жартоўных песень – у зале наступае асаблівая атмасфера. Мы спяваем пра тое, што да болі зразумела, але, можа, у паўсядзённым жыцці людзі не звярталі ўвагі на такія моманты. 

Не трэба любіць сябе ў вобразе, калі ты выступаеш. А трэба любіць людзей –  вось гэта самае галоўнае.

 “Дранікі” на ўра прымаюць у Расіі

– Дзе з гастролямі “Браты-славяне” былі?

Сяргей: У асноўным у Беларусі. Бываем у Расіі. Тым больш Валеру там многія ведаюць. Там і нашы песні няблага ўспрымаюць. Успомнілі пра песню  “Дранікі” Ігара Паліводы, якія была напісана ў 1992 годзе, для “Калекцыі беларускіх хітоў” аранжыравалі па-свойму. Былі ў Расіі, два тыдні па Растоўскай вобласці выступалі. Песня абсалютна незнаёмая, на беларускай мове. А народ уставаў і апладзіраваў. “Дранікі духмяныя, дранікі са шкваркамі”– усім усё зразумела.

Тым больш што ў Валеры такая фактура, больш за 100 кілаграм – якраз пад гэту песню. Спявае: “У Беларусі бульба не звядзецца”. Гледзячы на Валеру, усе адразу разумеюць – так і ёсць, не звядзецца.

 Валеры Скаражонак (злева) і гурт “Браты-славяне”.

Валеры Скаражонак (злева) і гурт “Браты-славяне”.

Ведаю, вы і ў дабрачынных канцэртах удзельнічаеце...

Сяргей: Грошы, вядома, добра: з гэтага жывеш. Але яны – не ўсё ў жыцці. Калі нас запрашаюць і маем час, атрымліваецца выступіць, – чаму б не.

Міхаіл: Як жа ў такой справе адмовіш? Тым больш, што дабрачынныя канцэрты дадаюць сілы.

– Апошнія гады нярэдка на тэлебачанні з’яўляецеся. Які лічыце, які ваш найбольшы поспех?

Сяргей: Самы вялікі поспех, што наша песня “Кветачка” трапіла на тэлеканале ОНТ у “Песню года”. Хай яна не перамагла ў нейкай намінацыі, але было 300 заявак –  і наша песня ўвайшла ў лік 30-ці лепшых песень.

Міхаіл: Усе асноўныя беларускія тэлеканалы яе паказалі. Гэта прыемна.

– Ведаю, вы альбом першы збіраецеся выпусціць…

Сяргей: Ёсць такая задума. Думаем, што гэта будзе бліжэй да канца года.

 “Вілейка – горад утульны”

Не шкадуеце, што жывяце ў Вілейцы, у правінцыі? Здаецца, для артыста ў Мінску было б больш перспектыў?

Сяргей: Я тут нарадзіўся і вырас. Гарадок утульны, мне падабаецца. Жыву ў прыватным доме.  Лужок, елачкі – гэта супакойвае, энергетычна аднаўляе. Трэба да рэчкі – пяць хвілін ад дому і я там. Вакол лясы. Атрымліваецца,  як бы ў горадзе жывеш і як бы ў вёсцы. Чым большы населены пункт, тым больш нервознасці, мітусні ў людзей. А што датычыць творчасці, то мітусня для яе не лепшы таварыш.

Што тычыцца Мінска, то жонка ў мяне мінчанка, маглі б там жыць. Але не маё. Прыехаць у сталіцу, папрацаваць, выступіць, па крамах праехаць – так, здорава. Але для душэўнага спакою – у Вілейцы лепш.

Міхаіл: Я нарадзіўся ў Маладзечне. Жыву ў Вілейцы, прыжыўся ўжо. Тут неяк больш спакойна і ўтульна. Такая абстаноўка спрыяе разуменню свайго месца ў жыцці.

– Як вас па тэлебачанні пачалі паказваць, што людзі сталі гаварыць у Вілейцы?

Сяргей: Адносіны розныя. Хтосьці радуецца, падыходзіць, абдымае. Хтосьці пачынае дыстанцыю трымаць:“Вы ж цяпер “зоркі”. Якія мы зоркі, нічога ж не змянілася! Ды і само паняцце “зорка” – гэта глупства поўнае. Вось у Савецкім Саюзе не было такога паняцця, было –  “папулярны артыст”. Вось гэта добра. У гэтым плане паважаю Юрыя Шаўчука з ДДТ – настолькі ён просты. Ён не крывіць душой: як на сцэне да людзей з усёй душой, так і ў жыцці. А ў многіх артыстаў, атрымлівацца, на сцэне адзін імідж, а ў жыцці – “я недасягальны”.

– Асноўнае месца працы ў вас – выкладчыкі музыкі Вілейскай гімназіі №2. Чаму дзяцей вучыце?

Сяргей: Я – ігры на класічнай гітары.

Міхаіл: На акардэоне і блок-флейце. 

– Як з цікавасцю ў дзяцей да заняткаў?

Сяргей: Яна меншае, нават яшчэ год дзесяць таму большая была. Славу Богу, ёсць такія дзеці, у якіх вочы гараць, якія радасна бяруцца за інструмент. Усе бяда ў тым, што раней, калі не было камп’ютара, кожны хацеў бы тварцом. Не важна, як як  ён гэтыя акорды з-за вуха вывучыць. Помню, кожны другі ў парку сядзеў, тромкаў на гітары, каб на дзяўчыну ўражанне зрабіць. Не важна, што не спяваеш – хоць прагугнявіш нешта, на гітары падыграеш – ты ужо герой. А зараз хочаш зрабіць уражанне – прыйдзі з крутым тэлефонам, у крутых шмотках.

Міхаіл: Цікавасць ёсць: артыстаў з акардэонам паказваюць па тэлебачанні. Але ж гэта трэба займацца, патрэбны намаганні. А дзеці ўжо прывыклі, што зараз усё ў руках, толькі націсні – навошта вучыцца?!

Пра любімую музыку і канцэрты

 – Ваша любімая музыка?

Сяргей: “Pink Floyd”, Стынг – у іх шмат пераняў у плане аранжыровак. У “Песнярах”  80-х гадоў аранжыроўкі вельмі яркія – у іх вучыўся. І па галасах ёсць чаму павучыцца.  І яшчэ такі гурт быў стары “Арэра” – па галасах моцна гучалі.   “Queen” – гэта вышэйшая ліга, што датычыць голасавядзення,“E. L. O.” – у іх таксама ёсць чаму павучыцца.

Складаная музыка – не значыць душэўная. Мы, наадварот, імкнемся складаных партый для гітары, клавішных не браць, бо гэта не самае галоўнае. У “The Beatles” усё вельмі проста, але для душы тое, што трэба.

Міхаіл: Выканаўцы і гурты ў стылi “джаз-рок”, класічная сімфанічная музыка. Пад настрой магу ўключыць і поп-музыку. Увогуле, люблю слухаць музыку, там дзе яна сапраўды ёсць. У “ABBA” па мелодыцы такія цудоўныя песні: меладычныя і запамінальныя. Мне яшчэ фальклор падабаецца ў выкананні традыцыйных носьбітаў.

Над песнямі дзе працуеце?

Сяргей: Ёсць неабходныя ўмовы ў гімназіі, але часцей гэта адбываецца дома. Цяпер з дапамогай камп’ютарнай тэхнікі працаваць усюды зручна.

Міхаіл: Сяргей Шкурдзе працуе з намі ўвогуле дыстанцыйна. Яму па электроннай пошце перасылаем “чарнавік”, а ён праслухоўвае і праз нейкі час вяртае ўжо гатовыя запісаныя партыі ўдарных.

–  А з рэпертуару “Братоў-славян” якая самая любімая песня для вас?

 Сяргей: Над якой працуеш, тая самая і любімая. Не магу выдзеліць самую любімую. Прытрымліваюся такога меркавання, як некалі, здаецца, адказаў лідар “Pink Floyd” Дэвід Гілмар “Любімая песня? Яна яшчэ не напісаная”.

Міхаіл:

У нас ёсць аднайменная песня “Браты-славяне”. Не скажаш, што яна самая лепшая, але для мяне яна каштоўная, бо адлюстроўвае нашы думкі. У кожную песню ўкладваеш частку душы, таму яны ўсе для нас любімыя.

Самы запамінальны ваш канцэрт?

Сяргей: Складана сказаць. Самае значнае выступленне адбылося мінулым годам на  “Славянскім базары”. Хоць усё вырашалася спантанна, але менавіта ад гэтага канцэрта мы атрымалі вялікае задавальненне. Зала шматтысячная і цябе слухаюць, прымаюць, апладзіруюць. Гэта здорава! Спявалі  рускую версію “А hard`s days night” “The Beatles”. Ну і ўручэнне дыплома на “Песні года” за кампазіцыю “Кветачка” запомнілася таксама.

Фрагмент выступу на “Славянскім базары-2013”