Захапленне морам і яго жыхарамі  – гэта як невылечная хвароба для настаўніка экалогіі з Маладзечанскай гімназіі-каледжа мастацтваў Дзмітрыя Ганецкага. Дзеля свайго захаплення ён гатовы і спаць на ракавінках і перапісваць другі том “Жыцця жывёл” у чатыры агульныя сшыткі.

А пачалося ўсё даўным-даўно. Яшчэ вучнем чацвёртага класа маці адвезла малога Дзіму на мора, каб вылечыць ад хваробы.

– А так атрымалася, – кажа Дзмітры, – што ад адной хваробы вылечылі, а другой захварэў,  і, мяркую, ужо назаўжды.

Сваю марскую калекцыю Дзмітры папаўняе штогод на 15-20 новых відаў. На маё пытанне, якім чынам адбываецца папаўненне калекцыі, Дзмітры адказвае:

– Калі ёсць магчымасць, я заўсёды еду на мора. Адтуль прывожу ракавінкі, якія збіраю сам і набываю ў краме. На Чорным моры няма недахопу ў каралах, ракавінах, марскіх зорачках. Больш экзатычных марскіх жыхароў я набываю праз інтэрнэт. У маёй калекцыі ёсць, напрыклад, крабы з Філіпінаў. Вельмі дапамае мне з набыццём экспанатаў мой пляменнік Максім Бурдзілаў. Ён і ў інтэрнэце шукае сайты цікавыя, і з дастаўкай дамаўляецца.

– Ваша захапленне нятаннае?

– У месяц на сваё захапленне я дазваляю сабе выдаткоўваць каля 100 даляраў. Але ў маёй калекцыі ёсць экзэмпляры, якія каштуюць нашмат даражэй. Напрыклад, ціхаакеанскі каралавы трытон каштуе каля 200 даляраў, а алоўкавы вожык белага колеру каштуе 70 даляраў.

– Дзе вы захоўваеце вашае багацце, калі не праходзяць выставы?

– У кватэры. Уся мая кватэра быццам марское дно. Я нават сплю на ракавінках. Я не жартую: ракавіны захоўваюцца ў скрынях у канапе. А яшчэ мае экспанаты ўжо “палезлі на сцены”. Я вымушаны рабіць паліцы, каб частку калекцыі размясціць там. Так што ў сваёй кватэры я адчуваю сябе Нептунам.

– Якім са сваіх экспанатаў даражыце больш за ўсё?

– У маёй калекцыі ёсць скат. Я сам яго злавіў у Чорным моры. Мяркую, што ён быў не зусім здаровы, таму што рухаўся вельмі павольна. Але і з хворым скатам я пракорпаўся хвілін сорак. Калі я выцягнуў яго на бераг, зляцеўся ўвесь пляж паглядзець на гэта дзіва прыроды. Усе захапляліся, а ўва мне змагаліся два пачуцці. Пачуццё калекцыянера, які вельмі хацеў мець у сваёй калекцыі ската, з пачуццём эколага.

Мая экалагічная душа проста галасіла ад таго, што даводзіцца забіваць жывую істоту.

Я даў сабе зарок ніколі больш не забіваць ніякіх марскіх жывёл, як бы мне не хацелася іх мець у сваёй калекцыі. Але таго ската ўсё ж такі забіў. Але знайшоў сабе апраўданне, што я раблю гэта яшчэ і з адукацыйнай мэтай. Пагадзіцеся, паказваць на ўроках сапраўднага ската ці яго здымак – розныя рэчы.   

– А як вы яго везлі праз мяжу?

– Я зрабіў насычаны салявы раствор і паклаў ската ў пакет.

Іншая справа была, калі я два гады таму вёз цэлую сумку ракавін.

Сумка была такая вялікая, з доўгімі ручкамі, у клетачку, ведаеце, чаўнакі з такімі ездзяць. У цягніку мытнік памацаў маю сумку і пытаецца: “А што там унутры?” Я адказваю: “Ракавіны”. Ён мне: “Цэлая сумка ракавін?” Я разумею, што трэба неяк выкручвацца і гавару: “Ды не, там яшчэ маска, ласты, акваланг”. Уяўляеце, я сказаў яму, што ў мяне там акваланг! А мытнік такі: “Ну ладна.” І пайшоў.

– Я бачу ў вашай калекцыі нейкую незвычайную істоту, падобную на танк. Хто гэта такі?

–А, гэтая пачвара, – ажыўляецца Дзмітры,– зусім не пачвара. Гэта мечахвост. Ён сапраўды падобны да танка ці да каўша, як каму больш падабаецца. Але гэта не проста зусім бяскрыўдная жывёла, але і вельмі карысная. Вы ведаеце, у мечахвостаў блакітная кроў. У краінах, дзе ён водзіцца, яго кроў выкарыстоўваюць, каб вызначаць захворванні людзей. Мечахвостаў ловяць, бяруць неабходную колькасць крыві і адпускаюць зноў у мора. А на падставе гэтай крыві робяцца тэсты, якія дазваляюць даведацца, ці ёсць у арганізме чалавека бактэрыі, якія могуць выклікасць заражэнне крыві. Пагадзіцеся, што ён вельмі прыгожы. І не падыходзіць ні пад адну біялагічную класіфікацыю. Гэта не рак, не павук. Гэта – марсіянін. Адно вучоныя ведаюць дакладна: мечахвосты жылі раней за дыназаўраў.

– Ці ёсць нейкая марская істота, якую вы марыце бачыць у сваёй калецыі?

– Зараз больш за ўсё я мару пра музей. Я сам магу праводзіць экскурсіі і рыхтаваць экспанаты для паказу. Спрабаваў рабіць дыярамы, здаецца, у мяне атрымоўваецца. Галоўнае пытанне – гэта грошы. Я спадзяюся, што знойдзецца чалавек, якому гэтая тэма будзе цікавай. А што датычыцца экспанатаў, то я зразумеў даўно, што кропку ў маёй калекцыі паставіць немагчыма. Толькі шматкроп’е…