Удзельнікі экспедыцый “Вілля-Neris”, “Шляхам Тышкевіча” смуткуюць з нагоды заўчаснай трагічнай смерці Змітра Сідаровіча і выказваюць спачуванні яго сыну Тамашу, бацькам, родным і блізкім барда, музыкі, фалькларыста, рупліўца беларускасці.

Зміцер Сідаровіч браў удзел у экспедыцыях у 2007-2009 гадах. Яго з’яўленне ў экспедыцыі канчаткова растапіла лёд недаверу паміж літоўцамі і беларусамі. Падчас вандровак пачалі ладзіць сумесныя танцы і песні. Так зносіны паміж удзельнікамі сталі вельмі шчырыя і адкрытыя.

У 2009 годзе ў Вільні мы разам святкавалі Купалле ў Звярынцы. З-за навальніцы адключылі электрычнасць ва ўсім раёне на некалькі гадзін. Тады Зміцер выратаваў свята сваёй дудой, а таксама здольнасцямі шоўмена і фалькларыста.

Зміцер цудоўна ведаў гісторыю Віленскага краю, і менавіта ён завёў удзельнікаў экспедыцыі на могілкі у Росы. Часта бываў на Вілейшчыне: то ў летніку археалагічнай экспедыцыі у Талуці, то на кватэрніку, то ў музеі, то разам з сынам адпачываў на лецішчы у сяброў у Асіпавічах.

Яго лёс быў цесна звязаны і з Маладзечнам − меў тут сяброў-музыкаў, а ля Плябані было лецішча яго бацькоў. Там бываў амаль кожныя выхадныя. Зміцер актыўна ўдзельнічаў у святкаванні Дня святога Патрыка ў Люцінцы на Валожыншчыне.

Ён выдаў асабістыя цудоўныя альбомы музыкі, дзіцячы альбом, кнігу “Тры жалуды”. Яго ўдалы фальклорны праект беларускіх танцаў аб’яднаў сотні людзей з Мінска.

…Патэлефанаваў ён апошні раз у пятніцу з прапановай прыняць удзел у фальклорнай экспедыцыі на Глыбоччыну.

А ў суботу, 17 мая, яго не стала …