Гэта тлумачыць начальнік аддзела адукацыі Мядзельскага райвыканкама Таццяна Яфімава.
Зачыняюць беларускамоўную школу ў Камарове на Мядзельшчыне (+Відэа)
Установы адукацыі закрываюцца не толькі ў раёне, але і па ўсёй краіне. Гэта звязана з шэрагам праблемаў: дэмаграфічнай сітуацыяй, якая вядзе да змяншэння колькасці навучэнцаў, павелічэння колькасці малакамплектных школ. Атрымліваецца, што напаўненне ўстаноў адукацыі папросту не адпавядае праектнай магутнасці будынкаў.
За пяць апошніх гадоў колькасць навучэнцаў у школах раёна зменшылася на 527 чалавек. У 2013-2014 навучальным годзе яна склала 2666 чалавек. У сістэме адукацыі раёна сёлета працуе 624 настаўнікі. Такім чынам, на аднаго настаўніка даводзіцца 4,3 вучня.
У трох установах адукацыі колькасць навучэнцаў менш за 50 чалавек:
1. Пузырэўскі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы садок-сярэдняя школа (31 вучань, 2,5 на 1 настаўніка)
2. Камароўская сярэдняя школа (38 вучняў, 2,7 на 1 настаўніка)
3. Слабадская сярэдняя школа імя А. Гурыновіча (47 вучняў, 2,4 на 1 настаўніка)
Нарматыў бюджэтнай забяспечанасці выдаткаў на аднаго навучэнца ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі па рэспубліцы складае 1 мільён 370 тысяч рублёў. Па раёне – 24 мільёны і 393 тысячы рублёў.
У вышэй згаданых установах ён у 30-40 разоў перавышае рэспубліканскі паказчык.
Колькасць навучэнцаў у старэйшых класах малакамплектных школ не дазваляе арганізаваць вывучэнне прадметаў на павышаным узроўні, каб задаволіць усе патрэбы старшакласнікаў.
Падчас аптымізацыі на першы план выходзіць праца з кадрамі, арганізацыя падвозу навучэнцаў, адаптацыя іх у новых установах адукацыі.
Прапаноўвалі іншую беларускамоўную школу ў Старлыгах (Фотагалерэя)
Эканамічны эфект не самае галоўнае: і бацькам, і настаўнікам важна, каб дзеці атрымалі якасную адукацыю, каб яны з добрай базай ведаў выйшлі ў жыццё.
Закрыццё ўстаноў адукацыі і выкладчыкі, і бацькі, і навучэнцы ўспрымаюць вельмі балюча. На гэтым этапе трэба разумець мэтазгоднасць аптымізацыі. Важна, каб бацькі папярэдне пазнаёміліся з тымі навучальнымі ўстановамі, у якіх іх дзеці працягнуць навучанне.
Напружанне сыходзіць, калі яны ўпэўніваюцца ў тым, што прадуманы маршрут падвозу дзяцей, што новая школа добра абсталяваная, што ў ёй ёсць уся сучасная матэрыяльна-тэхнічная база.
Таццяна Яфімава адзначыла, што дзецям і бацькам прапанавалі перайсці як ў рускамоўную школу ў Свіры, так і ў беларускамоўную у Старлыгах. Аднак большасць бацькоў вырашылі адправіць дзяцей у Свір. Магчыма, адна з прычын у адлегласці. Свірская школа ў сямі кіламетрах. А Старлыгі – у 15-і. Аднак падвоз могуць арганізаваць як у адну, так і ў другую школу.
Цяпер ладзяцца сустрэчы з бацькамі, педагогамі, прадумваецца прафесійны лёс кожнага настаўніка, далейшае навучанне кожнага дзіцяці.
Аптымізацыя ўстаноў адукацыі патрабуе абнаўлення парка школьных аўтобусаў. Штогод упраўленне адукацыі Мінскага аблвыканкама выдзяляе новы аўтобус для падвозу навучэнцаў. Цяпер у аўтапарку 13 аўтобусаў.
Згодна з пратаколам
Пратаколам пасяджэння Прэзідыума Савета Міністраў Беларусі ад 3 снежня 2013 года даручана Мінадукацыі разам з аблвыканкамамі, райвыканкамамі разгледзець пытанні аб закрыцці альбо рэарганізацыі малакамплектных школ. Камплектаваць 10-я і 11-я класы ў сельскіх школах з колькасцю навучэнцаў не менш за шэсць вучняў, павялічыць напаўняльнасць класаў у гарадскіх школах (25-30 вучняў).
Згодна з гэтым дакументам і з улікам дэмаграфічнай сітуацыі і прагназаваных перспектыў сацыякультурнага і эканамічнага развіцця, сёлета ў раёне закрываюць Камароўскую сярэднюю школу, Пузырэўскі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы садок-сярэднюю школу, Мядзельскі міжшкольны вучэбна-вытворчы камбінат працоўнага навучання і прафесійнай арыентацыі.
Таксама рэарганізуюць сярэднюю школу №2 Мядзела ў вучэбна-педагагічны комплекс.
У Пузырах лічаць, што комплекс трэба было зачыніць год таму
Як заўважыла Таццяна Яфімава, у кожнай вёсцы да закрыцця школы ставяцца па-рознаму.
Яшчэ год таму Пузырэўскі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы садок-сярэднюю школу хацелі зачыніць. Аднак тады яшчэ не вызначыліся, што рабіць з будынкам школы. З гэтай прычыны закрыццё адклалі на год.
Сёлета ўжо ўсе ведалі, што комплекс закрыюць. І навіну гэту ўспрынялі спакойна. Некаторыя нават выказваліся, што трэба было яшчэ год таму зачыняць. Бо ўвесь гэты час і настаўнікі, і дзеці, і бацькі жылі ў чаканні.
Іншыя заўважалі, што калі ў школе мала вучняў, то якасць адукацыі зніжаецца. Дзеці не знаходзяцца ў сваім узроставым асяроддзі. Ім нашмат складаней.
Таму шмат хто нават рады закрыццю. Ад змены навучальнай установы людзі чакаюць новага штуршка для далейшага навучання на новым месцы, з новымі вучнямі, з іншымі заняткамі і падзеямі.
Іван Драўніцкі: “Не трэба пакуль закрываць школу – у вёскі ёсць перспектыва”