Іван Драўніцкі кіраваў Куцькаўскай школай (так раней называлася Камароўская) на працягу 35 гадоў.

Зачыняюць беларускамоўную школу ў Камарове на Мядзельшчыне (+Відэа)

Чаму закрываюць школу (Фотагалерэя)

І мае сваё меркаванне наконт закрыцця школы:

– Пачну з таго, што ў 1958 годзе ў вёсцы Нарэйшы за два кіламетры ад Камарова набралася 12 дзяцей. І бацькі звярнуліся да ўлады, каб у вёсцы адкрылі пачатковую школу.  Загадчык аддзела адукацыі Павел Новікаў выказаўся неяк так: “Не для таго ваявалі, кроў пралівалі, каб нашы дзеці хадзілі  за два кіламетры па снезе ў школу. Хай у іх будзе шчаслівае дзяцінства”. І школу адкрылі, узялі туды дзвюх настаўніц. Гэта яшчэ вайна не так даўно закончылася, а на дзяцей грошай не шкадавалі.

У адказе з абласнога ўпраўлення адукацыі на зварот бацькоў напісана, што ў 2018 годзе ў школе будзе вучыцца 21 вучань. Але ў пісьме не ўлічаная дынаміка развіцця Камарова. Зараз мы ў дэмаграфічнай яме, і ліцэй перажывае не лепшыя часы – стаў філіялам Вілейскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа. Але не можа так быць, каб магутны навучальны гарадок былога ліцэя, дзе пяць адміністрацыйных памяшканняў,  інтэрнат на 400 месцаў, іншыя збудаванні, 357 гектараў зямлі – будзе закінуты.

Мяркую, нешта прыдумаюць і на базе філіяла адкрыюць. Але ці прыедуць тады сюды маладыя майстры, выкладчыкі, калі тут не будзе школы?

Думаю, што філіял каледжа будзе развівацца, тут збіраюцца ажыццяўляць праграму па вырошчванні экалагічна чыстай прадукцыі. У Камарове тым часам пачынаецца ажыццяўленне праекта па стварэнні і запуску сельскага бізнес-інкубатара, а гэта прадугледжвае стварэнне працоўных месцаў. Таксама зараз у нашай вёсцы мадэрнізуюць ферму, дык работнікаў возяць з Лушчыкаў.  

Калі хочам, каб жыла вёска, каб былі хлеб, мяса, малако, – трэба каб у вёсцы жылі людзі. А ім трэба, каб акрамя ФАПа і крамы, была школа.

Іншы аспект. Камарова – незвычайнае месца. Гэта дарога да знакамітых Блакітных азёр, тут захавалася графская сядзіба з паркам. Гэта своеасаблівая візітоўка раёна.  Сюды прыязджаюць шматлікія турысты, у тым ліку замежныя.  Вось глядзяць: дамы прыгожыя, школка працуе, дзеці праводзяць экскурсіі  – усё выдатна. А не стане школы, хто будзе даглядаць гэту тэрыторыю?

Такім чынам, мая думка, што не трэба пакуль закрываць школу – а каб гады два-тры яна пабыла, як ёсць. Думаю, што жыццё прыйдзе да таго, што ўсё-ткі ў Камарове наладзіцца праца філіяла каледжа, будуць вырошчваць экалагічна чыстую прадукцыю, нейкія промыслы развіваць, адкрыюць кафэ для падарожнікаў. Будзе жыццё, будзе і моладзь. Значыць, будуць дзеці – і дзецям будзе зручна, калі тут будзе школа.

А калі закрыем школу, значыць, будзем аўтобусамі дзяцей вазіць. Не кожныя бацькі так захочуць. Паглядзяць –  і знойдуць іншае месца для жыцця, паедуць у Смаргонь, Паставы. І тады давядзецца пачынаць усё спачатку – ствараць умовы, інфраструктуру, каб адрадзіць вёску.

Што тычыцца расходаў, то думаю, што Камароўская школа абыходзіцца бюджэту танней за іншую малакамплектную школу. Бо частку паслуг для школы аказваюць працаўнікі філіяла каледжа (прыгатаванне ежы, ацяпленне і гэтак далей).