Усе тры скульптуры мемарыяльнага комплексу, прысвечанага Першай сусветнай вайне, ужо занялі свае месцы ў парку Перамогі. Іх усталявалі ў нядзелю, 18 мая.

Дапамагалі ў гэтым супрацоўнікі скульптурнага камбіната Беларускага саюза мастакоў, якія  прыехалі са сваім абсталяваннем і на працягу пяці дзен усталёўвалі кампазіцыі. Кран і генератар забяспечыў мясцовы будаўніча-мантажны трэст №41.

Як распавёў скульптар Уладзімір Церабун, які займаецца стварэннем мемарыяльнага комплексу, без праблем не абышлося, аднак ужо ўсё зрабілі.

– Мы правялі вялікую працу, – адзначае скульптар. – Аднак работы працягваюцца. Цяпер скульптуры будуць таніраваць. Зоймецца гэтым скульптар Іван Арцімовіч. Гэтая частка комплексу – цэнтральная. Яна трымае асноўную кампазіцыю помніка.

Побач ідзе добраўпарадкаванне. Ужо падрыхтавалі пляцоўкі для сямі валуноў. На іх у нішах замацуюць адлітыя з бронзы медальёны. На апошніх будзе напісаная гісторыя вайны ў кароткіх радках ад часу ўваходу немцаў у Смаргонь да падпісання ў Солах дамовы аб перамір’і на Заходнім фронце ў 1917 годзе.

Завяршаюць таксама падрыхтоўку стаянак для машын. Узводзяць падпорныя бетонныя сцены на ўваходнай частцы комплексу.

Пачынаецца праца над капліцай. Звон і бронзавы купал з крыжам ужо падрыхтаваныя.

Як заўважыў спадар Уладзімір, калі будуць сродкі, то асноўныя працы над мемарыяльным комплексам могуць быць завершаныя ўжо праз два месяцы.

Якім будзе мемарыял

Раней “РГ” пісала пра тое, як будзе выглядаць канчатковы варыянт мемарыяльнага комплексу.

Комплекс складаецца з дзвюх частак. Цяпер да стагоддзя ад пачатку вайны будуюць першую. Да заканчэння плануюць збудаваць другую.

Першая расцягнецца на 417 метраў. Гэта – цэнтральная алея.

На ўваходзе будзе напісана, што мемарыяльны комплекс прысвечаны Першай сусветнай вайне, што тут 810 дзён ішлі жорсткія баі і што з 16 тысяч жыхароў вярнуліся ўсяго 120 чалавек.

Далей ідзе мемарыяльная зона, дзе будзе размешчаная карта супрацьстаяння армій, урны з зямлёй з месцаў баёў. Потым – капліца са звонам і Георгіеўскім крыжам. У наступнай частцы алеі будуць усталяваныя тры скульптурныя кампазіцыі: “Бежанцы”, “Салдаты Першай сусветнай” і “Крылаты Геній салдацкай славы”. Потым яшчэ адна зона – зварот да нашчадкаў.

“Мядзведжая акадэмія” ўжо красуецца ў смаргонскім парку (ФОТА)

Уладзімір Церабун: “Я вельмі люблю родную Смаргонь і ганаруся ёю” (+ВІДЭА)