Гэта ўжо другі выпадак за месяц, калі лось кідаецца пад колы машыны на трасе Маладзечна – Нарач.
Здарэнне адбылося на 85-м кіламетры дарогі ў нядзелю вечарам 25 мая. За рулём “Феата-Пунта” быў 21-гадовы хлопец, паведаміў “РГ” начальнік вілейскай Дзяржаўтаінспекцыі Аляксей Альфер.
У машыне былі яшчэ дзве дзяўчыны, яго аднагодкі. Адна сядзела спераду, другая – ззаду. Усе – маладзечанцы.
Як распавёў кіроўца, яму насустрач рухалася машына. Праз 10 метраў пасля таго, як яны размінуліся, хлопец убачыў лася. Ён пачаў тармазіць, але адлегласць была занадта малая. І лось ударыўся аб машыну.
Аўтамабіль з’ехаў у кювет. Капот, дах, кузаў аўтамабіля пашкоджаныя.
Дзяўчына, якая сядзела побач з кіроўцам, атрымала траўмы. Яе адвезлі ў Вілейскую цэнтральную раённую бальніцу. Кіроўца і другая пасажырка не пацярпелі.
Лось збег.
“Спачатку падумаў, што машына перакулілася”
– Я праязджаў побач з месцам здарэння каля 22 гадзін вечара, – каментуе відавочца Аляксандр. – Убачыў наперадзе аварыйныя сігналы аўтамабіляў. Машын па пяць стаяла з кожнага боку дарогі. Адна была разбітая. Чырвонага колеру. Удар прыйшоўся зверху.
Я спачатку падумаў, што машына перакулілася. У кювеце пацярпелым давалі нюхаць нашатыр. Я спытаўся ў нейкага чалавека, ці ўсе жывыя. Той адказаў, што так, але ў іх шок. Запытаўся, што здарылася. Ён адказаў: “Лось”. І я ўбачыў яго шыю, якая была бачная з кювета.
Крыху пачакаў. Маёй дапамогі не спатрэбілася, і я паехаў. Спецыяльныя машыны тады яшчэ не прыехалі.
Кіроўца мусіць быць напагатове
Аляксей Альфер заўважыў, што летам такія выпадкі здараюцца досыць часта:
– Аднак бываюць і зімой, калі жывёлам няма чаго есці. На дарозе “Маладзечна – Нарач” гэта не першы выпадак. Таму там ёсць адпаведныя знакі. Найчасцей здараецца гэта на ўчастку дарогі ад пераезда паміж раёнамі да Даманава.
Каб такой сітуацыі не здарылася з вамі, варта быць вельмі ўважлівым, калі праязджаеце лес. Калі ён і з аднаго боку дарогі, і з другога. Кіроўца не можа ведаць, што там. І ён мусіць быць напагатове.