Апошнія заняткі гэтага сезона прайшлі ў чацвер, 29 мая. Напярэдадні лета тэма была – адпачынак, лагічна і апраўдана.

Аказваецца, у слухачоў на гэтае лета шыкоўныя планы! Нехта едзе ў Санкт-Пецярбург, нехта з’язджае ў Вільню, у некаторых у планах аб’ехаць аўтаспынам Еўропу, а хтосьці абавязкова скочыць з парашутам.

Госця заняткаў Вольга Шылейка, шматгадовы валанцёр кампаніі “Без візы”, распавяла пра свой досвед у падарожжах аўтаспынам.

Падзялілася мудрасцю падарожніка з тымі, хто збіраецца ў дарогу ў першы раз. Парады вельмі простыя: не апранаць ў дарогу  кароткія сукенкі, размаўляць з кіроўцам аўтамабіля, які вас падвозіць, і пісаць на паперы пункт вашага паездкі. Каб кіроўцы ведалі адразу, ці змогуць вас падвезці.

– І яшчэ: калі вы напрошваецеся ў спадарожнікі без грошай, не свяціце сваімі айфонамі, – пажартавала Вольга.

На апошніх занятках пад беларускі рэп ад SP KAVA самыя актыўныя “мовананоўцы” з Маладзечна пачалі вадзіць карагоды.

А фінальным акордам сустрэчы стала калектыўнае выкананне песні “Тры чарапахі”.

Заняткі заканчваліся, а спяваць хацелася яшчэ і яшчэ, абы не развітвацца да верасня.

Каб прагледзець здымкі ў фотагалерэі ў буйным памеры, націсніце на яго (правы кут, побач з асноўным фота ў артыкуле).