Арцём Ахпаш – спявак, шоўмэн, тэлевядучы і маладзечанец, які ўжо двойчы быў на “Еўрабачанні”.

Пра конкурс і знаёмства з Канчытай Вурст, што аб’ядноўвае  “Матрыцу” і “Гары Потара”, чым кампенсуе сваё няўменне маляваць, Арцём распавёў за паўгадзіны да конкурсу “Міс Маладзечна-2014”, куды ён быў запрошаны ў якасці вядучага.

– Вы часты госць у Маладзечне?

– Я маладзечанец да мозгу касцей. Я вельмі люблю гэты горад, таму, калі мяне сюды запрашаюць правесці канцэрт ці паўдзельнічаць у ім, я ніколі не адмаўляюся. Ва ўсёй Беларусі ў мяне два улюбёных горада: Маладзечна, таму што я тут нарадзіўся, і Гродна, таму што гэты горад падарыў мне маю жонку Яўгенію.

Арцём прадстаўляе мне Яўгенію, і наступнае пытанне я задаю ёй:

– Вы прыехалі на конкурс прыгажосці разам, таму што баіцеся Арцёма аднаго ў царства прыгажунь адпускаць?

– Не, я пасля польскай дэлегацыі на Еўрабачанні ўжо нічога не баюся. А прыехалі разам, таму што мы заўсёды разам. Я па адукацыі рэжысёр, таму мне цікава, як адбываюцца пастаноўкі такога грандыёзнага дзеяння.

– Раз вы ўжо прыгадалі конкурс Еўрабачанне, то распавядзіце пра яго падрабязней, – звяртаюся зноў да Арцёма.

– На Еўрабачанні пакуль два чалавека ад Беларусі былі двойчы. Я і Пётр Ялфімаў. У 2011 годзе я ездзіў у якасці бэк-вакаліста Анастасіі Віннікавай, сёлета – у якасці бэк-вакаліста Тэа. Засталося сольна з’ездзіць.

– А можа такое здарыцца?

– Усё можа быць. Я не хачу загадваць наперад, але калі будзе годная песня, чаму не.  Еўрабачанне ўсё ж такі песенны конкурс, Еўропа ацэньвае песню. Таму і Галандыя, як вы бачылі, заняла высокае месца. Удзельнікі ад Галандыі выйшлі, добра спелі добрую песню і ўсё.

– А як жа пераможца конкурсу Канчыта Вурст? Дарэчы, вы з ёй знаёмыя?

– Ну песня ж была добрая, магчыма нехта ў ёй знайшоў сэнс, там жа радкі такія ёсць “Я трансфармуюся”, нумар пастаўлены. Таму нічога дзіўнага, хаця мы, калі абмяркоўвалі паміж сабой, не маглі ўявіць яе пераможцай. А што датычыцца знаёмства, то яшчэ на першай еўравечарыне ў Амстэрдаме

Канчыта заўважыла нашага Юру (Юры Вашчук сапраўднае імя спевака Тэа. – Рэд.) і сказала: “Ой, які хлопчык, трэба з ім пазнаёміцца”.

– Чым асабіста вам запомніцца конкурс?

– Атмасферай. Там, у Капенгагене, цяжка было сустрэць пахмурных, непрыязных людзей. Наадварот, усе ўсміхаліся, сябравалі. Тое ж магу сказаць і пра нашу дэлегацыю. Трэбы было, каб зоркі так сышліся, каб падабралася каманда такіх прафесіяналаў. Гэта і  кіраўнік дэлегацыі Марат Маркаў, Вольга Шлягер, Вольга Саламаха, Яўген Перлін, здымачная група, дактары-фаніятары,  – усяго 22 чалавекі. А яшчэ ў нас быў сухі закон. Ніякіх алкагольных напояў, але і без гэтага наша дэлегацыя была самай драйвовай.

Не важна хто перамагае, абы гэта былі мы

– Калі Беларусь стане пераможцай конкурсу?

– Каб такое здарылася, дастаткова працягваць у тым жа духу. І, мяркую, у хуткім часе Беларусь зможа выклікаць фурор на гэтым конкурсе. А, увогуле, не важна, хто перамагае, галоўнае, – каб гэта былі мы.

– Пасля конкурсу надыйшоў час расслабіцца і перавесці дух?

– Не, расслабляцца няма калі. Зараз распрацоўваю для радыё некалькі сваіх праектаў.  Магчыма, адзін з іх будзе пра  артыстаў дубляжа. Вось вы ведаеце, што Гары Потара і хлопчыка з “Матрыцы”, які гаварыў: “Не спрабуй сагнуць лыжку. Гэта немагчыма. Лыжкі не існуе ” – агучвае адзін і той жа акцёр Мікалай Быстроў? Вось пра гэта і перадача.

– Арцём, вы і вядучы, і акцёр, і спявак. У якой ролі сабе адчуваеце больш камфортна? У чым сябе хацелі б паспрабаваць?

– На дадзеным этапе мне цікава ўсё. І тэлевізійныя праекты, і кіно. Але як не бывае былых міліцыянераў, так не бывае былых вакалістаў. Таму і спяваць не кідаю. Я па-за сцэнай увогуле сябе не ўяўляю, часам задаю сабе пытанне: а што далей, у 50-60 гадоў… Але пакуль адказу на гэтае пытанне не маю.

– Чытала пра вас, што вы самы беларускі грэк.

– Так, па нацыянальнасці я грэк. Пра гэта і пазнака ў пашпарце ёсць. Дзядуля быў грэкам. Падчас вайны прыехаў сюды, тут і застаўся. Мяне часта пытаюцца, чаму ты грэк, а жывеш у Беларусі, на што я адказваю: “Хіба ўсе армяне жывуць у Ерэване?” На сваёй гістарычнай радзіме я бываю раз на год. У нас з Жэняй была мара, якая спраўдзілася – ажаніцца ў Грэцыі. Але калі нам тут даводзілася прад’яўляць пасведчанне аб шлюбе на грэчаскай мове памерам з альбомны ліст, бачылі непаразуменне. Таму і давялося іграць вяселле яшчэ раз у Беларусі, у Гродне. Цяпер у нас дзве даты вяселля.

Сакрэт поспеху – гаварыць сабе: “Усё проста”

– А калі выбіраць паміж кухняй грэчаскай і беларускай, якая на вашым стале бывае часцей?

Яўгенія: – Мы з Арцёмам прыхільнікі здаровага харчавання, а беларуская кухня вельмі каларыйная, таму часцей за ўсё на нашым стале бываюць як раз стравы грэчаскай кухні.  Дарэчы, адзін з талентаў Арцёма – гэта яго ўменне гатаваць.

Арцём: – Для мяне гэта таксама творчасць. Я ўключаю музыку, лёгкую, сонечную, часцей, грэчаскую, і гатую. Гэта як стварыць карціну: тое ж змяшэнне колераў. Я ўвогуле не ўмею маляваць, вось таму і кампенсую прыгатаваннем салаты.

– Ці ёсць у вас якая ключавая фраза, якой вы кіруецеся, калі ўсё дастала, або не атрымоўваецца?

– Я заўсёды кажу сабе “Усё проста”. Вось і ўвесь сакрэт. Тое ж раю ўсім. Калі не ведаеце з якога боку падысці да хвалюючай вас праблемы, проста ўслых скажыце сабе: “Усё проста!” І рухайцеся далей.